September 6, 2018

Як паходы на канцэрты і фестывалі ўплываюць на нас з пункту гледжання навукі

Павышэнне задаволенасці жыццём

Адна з найбуйнейшых аўстралійскіх ВНУ, універсітэт Дыкіна, апытала тысячу чалавек і на аснове сабраных дадзеных вясной 2017 года апублікавала даследаванне, паводле вынікаў якога любыя паходы на грамадскія падзеі, звязаныя з праслухоўваннем музыкі, павышаюць узровень задаволенасці жыццём. Гэта значыць, калі вы рэгулярна ходзіце на канцэрты, фестывалі, кватэрнікі, вечарыны з дыджэямі і іншыя падобныя падзеі, вы адчуваеце сябе больш задаволеным жыццём, чым тыя, хто па нейкай прычыне пазбаўляе сябе такога вопыту. Наяўнасць іншых людзей падчас праслухоўвання музыкі — абавязковая ўмова, таму канцэрты і фестывалі не замяніць сола-праслухоўваннем праз навушнікі.

Фатаграфаванне на смартфон узмацняе ўражанне ад канцэрта

На жаль, калі вас таксама раздражняюць людзі, якія ўвесь час загароджваюць від на сцэну, здымаючы артыстаў на смартфон, навукоўцы даюць ім індульгенцыю. Супрацоўнікі Ельскага ўніверсітэта, універсітэта Паўднёвай Каліфорніі і Пенсільванскага ўніверсітэта ў 2016 годзе апублікавалі даследаванне, паводле якога здымка падзей накшталт канцэртаў узмацняе ўражанне ад мерапрыемства. Таксама спачуваем артыстам, якія не любяць, калі гледачы ў зале карыстаюцца смартфонамі.

Зніжэнне ўзроўню гармону стрэсу

Наогул уплыў музыкі на чалавека вывучаюць ужо даўно, але доўгія гады ў даследаваннях пераважалі менавіта псіхалагічныя аспекты, а не фізіялагічныя. Апошнім часам, дзякуючы развіццю навукі, трапляецца ўсё больш даследаванняў, якія паказваюць, як музыка можа ўплываць на біяхімію чалавечага арганізма. Даследчыкі з Імперскага каледжа Лондана сумесна з Каралеўскім каледжам музыкі адправілі 117 добраахвотнікаў на два канцэрты кампазітара і дырыжора Эрыка Уайтакра, вымераўшы ў іх узровень гармону стрэсу перад імпрэзай і пасля яе.

У выніку апынулася, што паход на канцэрт знізіў у паддоследных узровень гармону стрэсу карцізола. «Гэта першы папярэдні доказ таго, што паход на культурную падзею можа ўплываць на эндакрынную сістэму», — пракаментавала вынік лідарка даследчай групы Дэйзі Фанкорт. Вядома, у малых дозах карцізол карысны — ён робіць нас больш уважлівымі і прадуктыўнымі, але калі ён выпрацоўваецца ў вялікай колькасці занадта доўга, гэта можа прывесці да праблем з сэрцам, імпатэнцыі і дыябету.

Падаўжэнне жыцця

Пасля прачытання папярэднiх пунктаў лёгка паверыць, што паход на канцэрты павялічвае працягласць жыцця — гэта здаецца натуральным вынікам зніжэння ўзроўню гармонаў стрэсу і росту задаволенасці сваім жыццём. Тым не менш, каманда стадыёна і канцэртнай пляцоўкі «Арэна O2» у Лондане вырашыла аб'яднаць намаганні з экспертам у біхевіярыстыцы Патрыкам Фэганам з прэстыжнага ўніверсітэта Голдсмітс і правяла адпаведнае даследаванне. У выніку яны прыйшлі да высновы, што наведванне музычных канцэртаў раз на два тыдні можа падоўжыць чалавеку жыццё на тэрмін да дзевяці гадоў.

Даследаванне праводзілі з дапамогай псіхаметрычных тэстаў і вымярэння пульсу не толькі да і пасля паходу на канцэрт, але да і пасля заняткаў ёгай і да і пасля шпацыру з сабакам. У выніку апрынулася, што за 20 хвілінаў канцэрта адчуванне задаволенасці жыццём расце на 21%, пасля ёгі — на 10% і пасля прагулкі з сабакам — на 7%. Важна, што для найлепшага выніку трэба рэгулярна хадзіць на канцэрты. Як і даследчыкі з універсітэта Дыкіна, Патрык Фэган адзначыў, што для дасягнення эфекту музыку трэба слухаць менавіта на канцэрце, а не ў слухаўках, і што імгненнага выніку чакаць не варта.

Магчымая страта слыху

Уілкі Гролман з Вучэбнай бальніцы Медыцынскага ўніверсітэта ва Утрэхце, Нідэрланды, і Сусветная арганізацыя аховы здароўя раяць браць з сабой на музычныя фестывалі і канцэрты вушныя затычкі, каб не стаць ахвярай часовай або працяглай страты слыху. Гэтую гіпотэзу пацвердзіла даследаванне, праведзенае на добраахвотніках на фестывалі ў Амстэрдаме. Палова з іх правяла 4,5 гадзіны за праслухоўваннем жывой музыкі з берушамі, а палова — без. Пасля гэтага ў добраахвотнікаў зноў праверылі слых, і апынулася, што ў тых, чые барабанныя перапонкі не былі абароненыя, быў больш высокі ўзровень «звону» ў вушах і ў пяць разоў больш высокая верагоднасць часовай страты слыху, чым у тых, хто правёў гэты час у берушах. Атрымліваецца, што калі вам дарагі ваш слых, але ўсё ж такі хочацца стаяць бліжэй да ўзмацняльнікаў, вам варта назапасіцца берушамі.

Сінхранізацыя мазгавых хваляў

Навукоўцы ўніверсітэта Заходняга Антарыё ўсталявалі, што мазгавыя хвалі людзей сінхранізуюцца лепш, калі яны знаходзяцца разам на канцэрце жывой музыкі. Дзякуючы гэтаму кожны ў гэтай групе людзей адчувае сябе больш шчаслівым ад знаходжання з іншымі і ад канцэрта. Даследчыкі спачатку папрасілі 24 паддоследных паслухаць жывы канцэрт музычнага калектыву, а пазней тых жа ўдзельнікаў разбілі на групы па тры-чатыры чалавекі і ўключылі ім запіс канцэрта. Так атрымалася высветліць, што мазгавыя хвалі ў людзей значна мацней сінхранізуюцца, калі яны слухаюць жывы канцэрт вялікім натоўпам, а не ў запісе і амаль паасобку. Акрамя таго, сінхранізацыя не будзе такой высокай, калі слухаць і глядзець відэазапіс выступлення.

Такім чынам, даследчыкі зрабілі выснову, што мы атрымліваем значна больш задавальнення ад паходаў на жывыя канцэрты ў прысутнасці вялікай колькасці людзей. Пры гэтым навукоўцы ўдакладняюць, што на канцэрце могуць быць людзі, чые мазгавыя хвалі не будуць ні з кім сінхранізавацца, ці могуць быць тыя, чые хвалі лепш сінхранізуюцца з невялікай колькасцю людзей.

Артыкул паводле https://m.buro247.ru/culture/music/2-aug-2018-science-about-live-music.html

Пераклад Паліна Забела