March 17

Пастка традыцыяналізму

Пытанне, якое я хачу закрануць, мне падаецца цэнтральным ва ўсім традыцвяналісцкім дыскурсе. Гэта пытанне духоўнага аўтарытэту і выбару ў традыцыяналісцкім серадовішчы.

Гэта пытанне аб тым, што з'яўляецца правільным шляхам і больш адпавядае традыцыйнай праўдзе, эзатэрычныя традыцыі так званых "традыцыйных цывілізацый" (індуісцкі тантрызм адвайта веданта, будззійскі тантрызм, крайні пантэістычны суфізм, шыізм Ісмаілітаў і ірфанітаў і г.д.) або светапогляд так званых "прымітыўных народаў", то бок тых, хто знаходзіўся па-за межамі "традыцыйных цывілізацый". А гэта рэлігіі літаральна абсалютнай большасці народаў. У тым ліку, гэта і рэлігія балтаў, што робіць гэту тэму актуальнай для нас як найперш для друвінгаў. З гэтай праблемы выходзяць два падыходы да пытання.

1) Эзатэрычныя традыцыі "традыцыйных цывілізацый" і ёсць вышэйшым адлюстраваннем Прымардыяльнай Традыцыі "Сафія Перэнніяс", тым часам як усё астатняе ёсць чымсьці нашмат больш духоўна нізкім і пазбаўленым той высокай мудрасці. Кажучы проста, так званыя "прымітыўныя народы" і іх вераванні недасканалыя і не вядуць да Цэнтру". Магчыма, іх традыцыі з'яўляюцца тым, што засталося ад вялікіх эзатэрычных традыцый і "традыцыйных цывілізацый" мінуўшчыны, а магчыма, гэтыя народы належаць да больш нізкіх духоўных рас, якім такое веданне ніколі не было даступным.

2) Эзатэрычныя традыцыі з'явіліся ў позні перыяд як частка рэгрэсу. Філасофія, рацыянальнае багаслоўе і г. д. сведчанні заняпаду. "Традыцыйная цывілізацыя" ўзнікла ў выніку дэградацыі "прымітыўных народаў і ёсць папярэднікам цывілізацыі ў яе мадэрнавым значэнні. Такім чынам, за дасканалую форму прымаюцца вераванні "прымітыўных народаў па-за так званымі "традыцыйнымі цывілізацыямі".

Падыход Рэнэ Генона ў гэтым пытанні, як я яго разумею, быў наступным: існуюць "традыцыйныя цывілізацыі" Індыйская, Ісламская і далёкаўсходняя. У цэнтры кожнай з гэтых цывілізацый стаіць эзатэрычная традыцыя, якая "вядзе да Цэнтру" пасвечаных, тым часам як для звычайных людзей распаўсюджаны экзатэрычныя формы рэлігіі. Гэтыя эзатэрычныя традыцыі ўпрынцапе вядуць да аднаго і таго ж, як бы розныя дарогі да адной Мэты. Генон не адмаўляе існаванне ў іншыя часы іншых традыцыйных цывілізацый такога тыпу, напрыклад, кельцкай. І, дарэчы, абараняе тое, што ў іх былі гарады, спрачаючыся з археалагамі свайго часу. І, магчыма, і ў кельтаў была такая эзатэрычная традыцыя, але ўсё знікла. Таму менавіта генаністы і практыкавалі далучэнні да ўжо існуючых традыцыйных цывілізацый. Дасягненні традыцыйных цывілізацый паважаў і Эвала, нават у большай ступені, бо, напрыклад, захапляўся нават тымі школамі буддзізму якія прынята лічыць зусім экзатэрычнымі (тхеравада).Асабіста для мяне адказ на гэта пытанне даволі складаны. Мне вельмі цяжка пагадзіцца з Генонам. Хочацца разабраць пытанне на канкрэтных прыкладах.

Я ніколі не сімпатызаваў суфізму. Пасля вывучэння гэтага пытання ўсё зрабілася яшчэ боль празрыстым. Крайні філасофскі суфізм, заснаваны на дактрыне адзінства быцця адчуў найбольшы распаўсюд і дзяржаўную абарону ў самыя познія часы, што супярэчыць традыцыйнаму прынцапу аб завяданні ведаў з часам. Распаўсюд быў такі шырокі, што цяжка было знайсці кагосьці ў ісламскім свеце, хто б яму не следаваў, што не вяжацца і з генонаўскім уяўленнем эзатэрызму. Асноўнымі слупамі гэтага накірунку з'яўляюцца вельмі познія аўтары, такія як Ібн Арабі ал-Маккі, Румі, Сугравардзі і іншыя. Зразумела што ў познія часы, калі яны жылі, яны чарпалі свае думкі хутчэй са сваёй галавы, чым з традыцыйных крыніц. Суфізм парадзіў такія цудаватыя формы рэлігійнасці як сікхізм у Панджабе, які, насуперак распаўсюджанаму погляду, таксама лічыць іншыя рэлігіі тымі, што не даюць поўнага разумення Бога. Вядомы шырокі распаўсюд гамасексуалізму сярод суфіяў у мінулым, што адзначае | Ібн Касір у "Ал-Бідая-ван-Ніхая". Цяпер суфізм знаходзіцца на службе ў "князей міра сего": яго актыўна прадвігае Амерыка, Ізраіль, на яго распаўсюд на Каўказе зрабіла стаўку Расія, празаходнія ражымы ў Сярэдняй Азії, сацыялісты ў Арабскім свеце, ААЭ круціць па тэлебачанні цытаты Румі пра еднасць рэлігій. Зразумела, што з гэтымі "князямі" традыцыяналістам не па шляху. Акрамя бязглуздасці розных "уарабэеў" і іншых саідаў афандзі трэба зазначыць вельмі сур'ёзныя з традыцыяналісцкага пункту гледжання рэчы, што цалкам забіваюць цвікі ў крышку труны "ісламскага традыцыяналізму":

1) Позні філасофскі суфізм паходзіць цалкам ад позняй грэцкай філасофіі і заснаваны на чыстым рацыяналізме. Вядомы суфійскі багаслоў ал-Газалі ўвогуле ўвесь шарыят прапускаў праз "крытэрыі розуму", заснаваны на філасофскім падыходзе. Ён падзяляў акыду (дагматыку) на тры часткі: наўпроставыя сэнсы тэкстаў для тлумачэння просталюдзінам, ашарыцкі калям як тое, за што выступаеш, і тайныя філасофскія дактрыны, якія распавядаюць толькі пасвечаным. Гэтыя дактрыны ёсць чыстай грэцкай філасофіяй, дзе нават ангелы трактуюцца "рацыянальна". Вядомы ашарыцкі імам Фахруддзін ар-Разі ўвогуле выказваў, што адзіным довадам у рэлігіі могуць быць толькі высновы розуму, а рэлігійныя тэксты як довад не прымаюцца. Вядома, што познія ашарыты называлі Платона і Арыстоцеля імамамі (вельмі падобна да стаўлення праваслаўных, іх малюнкі нават часам можна сустрэць у цэрквах).

2) Шыіцкі эзатэрызм (што спаведуюць, напрыклад, ісмаіліты-нізарыты, нашчадкі вядомых асасінаў, сучасны "прэчысты імам" якіх жыве ў Велікабрытаніі, ходзіць у касцюме, а таксама падтрымлівае лібералізм і ўсе модныя заходнія веянні) які быў у тым жа Фатымідскім халіфаце гэта абсалютная копія грэцкага неаплатанізма нават без нейкіх зменаў. Сучасны іранскі ірфанізм копія дактрыны Ібн Арабі.

3) Шлях суфізму праклаў калям (рацыянальнае багаслоўе), які яны і зараз моцна абараняюць на знешнім узроўні. То бок калі бяруць тэксты, то пачынаюць іх талкаваць праз прызму "разума". Джахміты, мутазіліты і марысіты як і іх спадкаемцы ашарыты і матурыдыты не прымаюць шматлікія рэчы з тэкстаў як атрыбуты Аллаха накшталт рукі ці нагі, істауа над ал-аршам і г.д., бо гэта супярэчыць іх філасофскім рацыянальным пабудовам.

Наступнай тэмай вартай разбору ёсць эзатэрычны індуізм і звязаная з ім буддзійская ваджраяна. Што датычыцца індуізму, то можна сказаць, што нават традыцыя позневедыйская ўжо моцна адрозніваецца ад традыцыйных паганскіх рэлігій звышмоцнай кадыфікаванасцю і жорсткай ортапраксіяй, непаганскім стаўленнем да тэкстаў. Традыцыя ўпанішад з'яўляецца пазней, хоць і да нашай эры. Упанішады гэта занатаваныя філасофскія дыскусіі пры дварах правадыроў раннеарыйскіх княстваў. То бок ужо нейкія "новаўводзіны" ў традыцыйны стан. А ў далейшым часе пайшло паехала. Узнікаюць шраманы, брадзячыя манахі, што адмаўляюць аўтарытэт Вед і былой традыцыі, а таксама практыкуюць аскетызм. Ад іх паходзяць буддзізм і джайнізм, яўна дэгенератыўныя рэлігії, мэта якіх гэта дасягненне персанальнага вызвалення з сансары. Тады ж і распаўсюджыаецца цалкам дэгенератыўная логіка ў выглядзе сістэмы ньяя. Да і да гэтага сістэма позневедыйскай ортадоксії не думаю што адпавядала паганству. Ну і Ідэя вырвання з сансары і пераход у нірвану моцна распаўсюджваецца ў той перыяд (ад 5 ст да н. э.). Асабіста я абсалютна яе не прыймаю. Навошта развітвацца з розумам, эга і г. д. каб растварыцца ў бесформеным непраяўленым абсалютным быцці, якое ёсць фактычна нічым? Тым больш такіх уяўленняў аб неабходнасці такога не прысутнічалі ні ў цюркаў, ні ў балтаў, ні ў вугра-фінаў, ні ў скандынаваў, ні ў якіх народаў па-за гэтымі "традыцыйнымі цывілізацыямі. Пазней узнікае веданта. У часы Шры Адзі Шанкарачарйі традыцыйныя тлумачэнні тэкстаў былі страчаныя, таму фактычна ён падганяў тэксты пад уласную пазіцыю. Тэксты, дарэчы, даволі познія. Бо і ў Гіце можна ўбачыць паняткі з філасофій. даршанаў, а ў "Брагма-сутрах" увогуле прысутнічае частка з крытыкай буддзізму. "Брагма -сутры", дарэчы, абсалютна нечытаемыя, што робіць неверагодны абшар для Інтарпрэтацый. У канцы канцоў, яго сістэма гэта рацыянальная філасофская ўніверсалісцкая ідэя. Наступныя школы веданты з'яўляюцца яшчэ пазней і там яшчэ далей. ад язычніцтва. Успомніць толькі Мадгву, які прытрымліваўся дуалізму, монатэізму, называў мусульман лепшымі братамі і заклікаў улады да рэпрэсій не згодных з ім. Што датычыцца тантрызму, то ў рытуальнай частцы і ў шматлікім гэта працяг даарыйскіх народных культаў, а ў астатнім гэта таксама філасофскія сістэмы, якія фармаваліся ў Х ст. і каля таго. Навукоўцы абвінавачваюць Абхінавагупту ў тым, што ён ператалкаваў дуалістычную Малінівіджайа-тантру пад сваю канцэпцыю пара-адвайты. Да і пачалася гісторыя кашмірскага шываізму з "выпадковага" знаходжанны Шыва-сутр, выгравіраваных на камяні. Сама філософія запазычыла шматлікія паняткі ў папярэднікаў, такіх як санк'я. Сам Кашмір, дзе яна паўстала, быў моцным будззійскім цэнтрам, там праходзіў усебуддзійскі сабор, і ўвогуле рэгіён быў вельмі "прагрэсіўным" для таго часу. Тым больш, што тантрызм ідуісцкі амаль не адрозніваецца ад буддзійскай ваджраяны, што таксама мае аб чымсьці казаць. Прычым увесь гэты эзатэрызм і шляхі не сумяшчальны з нейкім ваярскім гераізмам, які так цаніўся на Поўначы, ён фактычна ў гэтых сістэмах сводзіцца да праявы гуны раджас і што не трэба нічога змяняць вакол сябе. А таксама "высокая індыйская мудрасць" ліча дурнымі важныя для нас каштоўнасці такія як кроў, племя, рэлігійныя формы і г.д., абясцэньвае самаахвяраванне і гераізм. Увесь гэты эзатэрызм тантрычна буддзійскага разліву абясцэньвае любыя чалавечыя пачуцці, гераізм, нашы каштоўнасці крыві і глебы на карысць персанальнага дасягнення духоўных вяршыняў, як яны іх разумеюць. Пры гэтым хто з гэтым не згодны, той скот, а яны нібыта герої. Таксама тантрызм супрацьпастаўляецца ўвогуле ўсёй артадаксальнай брахманскай традыцыі, выступае супраць каст і г. д. Яшчэ я чуў што буддзісты тантрыкі ў Буратыі пры дапамозе расійскага ўраду змагаліся з шаманізмам. Пра Індыю можна яшчэ шмат што сказаць. Калі казаць пра буддзізм, то той жа дзэн, які любіць Я. Нячкасаў, складана назваць паганствам. Калі ў Японію прыйшоў буддзізм, то была вайна з сінтаізмам. Існавала прымаўка, што камі не любяць буддзійскае вучэнне. У перыяд Эда існавала інтэлектуальная плыня ў Японії, якая прапаноўвала адмову ад буддзізму як ад неяпонскага, праўда насупраць яны прасоўвалі неаканфуцыянства. Японскі дзэн буддзізм акрамя самурайскай арыстакратычнай школы ріндзай праяўляўся ў школе сото, што мела "плебейскія" сімпатыі. Самая высокая арыстакратыя, набліжаная да імператарскага роду, практыкавала школу сінгон, японскі варыянт ваджраяны, буддзійскага тантрызму. А гэта школа ўвогуле кляйміла іншых буддзістаў "сабакамі, канфуцыянцаў "баранамі" і г.д. Ну карацей, яны былі далёкія ад нейкага плюралізму. Тантрыкі, напрыклад, на сваіх іконах малявалі нейкага Ваджрабхайраву, які сядзіць на Садашыве. Так яны паказвалі перавагу свайго тантрычнага культа над чужым тантрычным, што таксама прымушае задумацца. У Тыбеце ваджраяна змагалася з традыцыйнай рэлігіяй. Ну і канешне, ваджраяна таксама моцна кадыфікаваная філасофская рацыянальная сістэма.

Гэтыя ўсе акалічнасці аддаляюуь мяне ад той пазіцыі што ў эзатэрызме ўся ісціна, як думае Генон і, часткова, Эвала. Мне больш блізкі падыход Мірча Эліядэ, які намагаўся ўбачыць традыцыі "прымітыўных народаў" паміж сальнымі тушамі "духоўных дасягненняў" "традыцыйных цывілізацый". Тады атрымліваецца пры такім падыходзе, што трэба адмаўляць на карысць традыцый "прымітыўных народаў амаль усе "духоўныя дасягненні" "традыцыйных цывілізацый", і гэта занадта радыкальна. Але, здаецца, гэтага і патрабуе паслядоўны традыцыяналізм. У канцы можна сказаць, што заходнія традыцыяналісты ў свой час трапілі ў пастку "традыцыйных цывілізацый". Ім не хапіла смеласці адкінуць "цывілізаванасць" цалкам, таму яны насуперак цывілізаванасці тэхналагічнай абралі нібыта духоўную, у чым і памыліліся. Паслядоўнасць у традыцвяналісцкай пазіцыі і наша рэлігія прымушаюць нас не паўтараць іхныя памылкі. Хочацца сказаць, што ўсе тэрыторыі сусвету адчулі на сабе заняпад. І "традыцыйныя цывілізацыі" таксама з'яўляюцца цывілізацыямі, мэтай якіх ёсць паглынуць наш барбарскі свет. Хачу сказаць, што пазіцыя Ю. Эвалы куды бліжэй да нашай, бо ён, у адрозненне ад Р. Генона, у большай ступені спасылаўся на "першабытны матэрыял". Але і Р. Генон для нас важны аўтар, бо ён адкрыў вочы наступным пакаленням еўрапейцаў на святасць Традыцыі і паказаў мярзотнасць супрацьстаяння ёй.

Просім Багоў праясніць нам нашыя пытанні і дапамагчы на шляху разумення сэнсаў. Kails!