January 15, 2023

ПРАБЛЕМЫ ПАПУЛЯРЫЗАЦЫІ ЧЫТАННЯ СУЧАСНАЙ БЕЛАРУСКАЙ ЛІТАРАТУРЫ

Сучасныя тэндэнцыі акрэсліваюць літаратару як атавістычную частку культуры. На змену прыходзяць іншыя формы мастацкага ўзаемадзеяння, якія менш часазатратныя, актуальныя і наватарскія. Посткапіталістычная крытыка адзначае, што літаратуру цяжка разглядаць як адзінку працы, так як яе разуменне патрабуе пэўнай часавай дыстанцыі [5, с. 413]. Мадэрновыя тэхналогіі дазваляюць ліквідаваць мастака як актара з працэсу стварэння твора, на аснове тэгаў і запытаў генеруючы патрэбны малюнак [6]. Але нейрасеткі, якія вывучаюць літаратуру, пакуль не дасягаюць такіх вынікаў, бо спляценне тэкстуальнага палатна ў адзіны знак, які складаецца з азначальнага і азначанага, немагчыма без папярэдняга вывучэння велізарнага корпуса тэкстаў, адрозных адзін ад аднаго з-за аўтарскага стылю. Пра гэта сведчаць і уяўныя эксперыменты аб кітайскім пакоі [8], або аб бясконцых малпах, якія набіраюць шэкспіраўскі тэкст [11]. У той жа час літаратуры цяжка супрацьстаяць рэактуалізаванай публіцыстыцы, прадстаўляючай публіцы надзённыя артыкулы, кароткія па аб’ёме і з-за гэтага валодаючыя прывабнасцю ў вачах чытаючага суб’екта [5, с. 197–198]. Агаворка «які чытаючы» важная: большая частка тэкстаў цяпер існуе ў якасці сцэнарыяў для ютуб-ролікаў, навін, ідэалагічных ТБ-мэсэджаў, тык-токаў ці інтэрв’ю. Можна зрабіць выснову, што тэкставы складнік па-ранейшаму важны, але яе фармальная частка гібрыдна ўбудоўваецца ў іншыя даступныя мадэлі.

З вышэйнапісанага можна зразумець што праблемы чытання беларускай літаратуры ўскладнены глабальнай сітуацыяй заняпаду літаратуры. З дадатковых фактараў можна адзначыць упор на немастацкую літаратуру, або нон-фікшн. Такія кнігі прадастаўляюць нескладаны і цікавы для большасці матэрыял, прачытаўшы які, суб'ект адчувае ўласную прыналежнасць да інтэлектуальнай эліты. Гузель Зіятдзінавіч (1991) называе такое чытанне фастфудам, які забяспечвае пустыя калорыі-байты інфармацыі, няздавальняючыя эстэтычны голад [7]. У апісанай сітуацыі праблемы ўзнікаюць у папулярызатараў чытання па ўсім свеце, таму беларуская літаратура не адзіная знаходзіцца ў стагнацыі. Стан дэградацыі абвастрае функцыянаванне некалькіх моў (беларуская, руская, трасянка), на пісьмовае замацаванне якіх патрэбны некаторы час. Нават з развіццём цыфравізацыі і стварэннем віртуальнага дыскурсу мастацкім тэкстам складана вылучацца: напісанае на рускай мове апрыёрна атрыбутуецца да рускай культуры, а беларускамоўныя творы не прасоўваюцца ў трэндах. Па сутнасці, беларуская літаратура знаходзіцца ў ізаляцыі ад сусветнай, нягледзячы на актыўныя дзеянні пісьменнікаў-эмігрантаў. Пераклады замежнай класікі на беларускую мову ствараюць эквівалент сусветнай культуры ўнутры нацыянальнай, аднак зваротных перакладаў менш у разы, што сведчыць аб статусе літаратуры-рэцыпіента.

Далей неабходна адказаць на прэтэнзіі аб тым, што беларуская літаратура не вывучана з акадэмічнага пункту гледжання. Гэты зман можна развеяць, вывучыўшы колькасць манаграфій і дысертацый, абароненых ва ўніверсітэтах краіны за апошнія гады. Розныя літаратуразнаўчыя школы існуюць ва ўсіх абласных цэнтрах Беларусі, і яны прапануюць як еўрапейскую, так і ўнікальную метадалогію. Асноўная праблема заключаецца ў тым, што гэтыя тэксты не папулярызаваны сярод чытачоў, якія не ведаюць пра існаванне эквівалентнай аналітычнай традыцыі. Падобная сітуацыя была ў посткаланіяльным грамадстве ў 1960-я, калі адбыўся «культурны выбух» афрыканскіх літаратур [9]. Для нанясення ўласнай культуры на мапу літаратура пісалася на англійскай мове, аднак захоўвала аўтэнтычнасць, што неўзабаве прывяло да ўзнікнення рэвізіянісцкай галіны літаратуразнаўства (посткаланіяльных даследаванняў): пісьменнікі пачалі адказваць на стэрэатыпы былых каланізатараў аб уласных краінах [10]. Неабходна адзначыць, што такі «дыялог культур» адбываецца дзякуючы зацікаўленасці пісьменнікаў-пасіянарыяў, якія здолелі звярнуцца да народа ў пераломны момант часу [3]. Можна зрабіць выснову, што для папулярызацыі беларускіх акадэмічных даследаванняў патрэбна наступная сукупнасць умоў: зацікаўленасць народа, крытычны момант для нацыі і харызматычны аўтар-лідар, якімі былі, напрыклад, нігерыец Чынуа Ачэбе (Chinua Achebe, 1930–2013), балгарын Іван Вазаў (1850–1921) або індыец Салман Рушдзі (Salman Rushdie, 1947).

Наступнае пытанне, якое ўзнікае пры абмеркаванні беларускай літаратуры, заключаецца ва ўплыве школьнай праграмы – пазітыўным або негатыўным. Неабходна разумець, што з-за афіцыйнага двухмоўя паралельна вывучаюцца беларуская і руская літаратуры. Апошняя, бясспрэчна, валодае мацнейшым культурным значэннем і выступае як дамінантная: менавіта на яе пры навучанні робіцца ўпор. Паралельна з гэтым беларуская літаратура валодае рэпутацыяй дадатковай дысцыпліны і выкладаецца па рэшткавым прынцыпе, з мэтай запоўніць лакуны пасля рускай. Сярод прычын гэтага можна назваць тое, што ў курс рускай літаратуры ўключаны шэдэўры сусветнай культуры – гэта, безумоўна, пашырае значнасць прадмета. Далей можна пазначыць тое, што абедзве школьныя праграмы некалькі адарваныя ад рэальнасці і не прадстаўляюць сучасную літаратуру, якую школьнікам было б чытаць куды цікавей. Сувязь паміж рэчаіснасцю і выдуманым аповедам дазваляе папулярызаваць чытанне: знаходзячы знакі з рэальнасці, суб’ект здольны счытваць культурны код, прымяняць яго ў адносінах да сябе і параўноўваць сябе з героямі. Дыдактычны тон, вызначаны класічнай літаратурай з падручнікаў, сумны для вучняў, якія маюць доступ да віртуальнай прасторы, дзе любы іх запыт можа быць задаволены. Неабходна прамовіць, што школьная праграма фарміруецца, зыходзячы з ідэалагічных прычын, таму пра актуальнасць твораў можна казаць умоўна. З большага, прачытанне твораў пра вайну, цяжкі шлях беларусаў, вёску і савецкае мінулае служыць сродкам рытуалізацыі рэчаіснасці, насычэння мыслення школьнікаў неабходнымі патэрнамі. Літаратура павінна прыносіць эстэтычнае задавальненне, а для гэтага патрэбна, каб супалі ўсе вышэйапісаныя ўмовы: актуальнасць, цікаўнасць і даступнасць.

Далей неабходна адзначыць сур’ёзнасць тону літаратуры, што можна назваць адной з праблем. Беларуская літаратура валодае ўласцівай герметычнасцю, гэта значыць, што яна сфакусаваная на ўнутраных праблемах (асэнсаванне траўматычнага досведу вайны, моўная сітуацыя, спадчына савецкага мінулага). Так як гэтыя праблемы не могуць вырашыцца ў грамадскай свядомасці ўжо доўгую колькасць часу, яны становяцца базавымі апорыямі, да якіх апрыёры апелюе кожны пісьменнік. Як правіла, такія філасофскія разважанні пазбаўлены іроніі, аднак і не прапаноўваюць канчатковага рашэння, здольнага замацавацца ў масавай свядомасці. Таму, пакуль глабальная постмадэрнісцкая павестка змяняецца метамадэрнісцкай, беларуская літаратура поўніцца рэалістычнымі і, часцей за ўсё, класіцыстычнымі парадоксамі. Малая колькасць твораў, якія з іроніяй прапрацоўваюць калектыўныя траўмы і развіваюць нацыянальную ідэнтычнасць, застаюцца незаўважанымі з-за несупадзення з ідэалогіяй. Апошняя адмаўляе іранічны светапогляд і імкнецца падтрымліваць міфалагізацыю рэчаіснасці праз ўкараненне знакаў і культурныя абмежаванні. Пра неабходнасць іранічнай дыстанцыі піша і Арыстоцель (384–322 да н. э.) – «смешнае – часціца пачварнага» [2, c. 1071] –, і Міхаіл Бахцін (1895-1975), адзначаючы неабходнасць індывіда ў спрашчэнні высокага эпічнага да нізкага цялеснага [4, с. 26–27].

Сярод менш абмяркоўваемых, але значных праблем неабходна вылучыць высокі парог уваходу ў літаратуру і літаратуразнаўства. Пераадоленне канону становіцца невыканальнай задачай для маладых аўтараў і навукоўцаў адпаведна: з класічнымі тэкстамі нельга не згаджацца. Гэта ідзе ў разрэз з традыцыяй: замацаваць новае або перагледзець старое складаней, чым працаваць у зададзеным кірунку. Усе спробы постмадэрнісцкага асэнсавання нацыянальнай літаратуры не знаходзяць патрэбнай падтрымкі сярод мас і не замацоўваюцца элітай – відаць праблемы недастатковай культурнай асветы і негатоўнасці змяніць посткаланіяльны наратыў. Можна сфармуляваць наступную ідэю: нацыя пагружана ў праблемы штодзённасці і не здольна вылучыць час на рэфлексію культуры. Гэта пацвярджаюць аўтары кнігі «Чаму адны краіны багатыя, а іншыя бедныя»: існуе сувязь паміж эканамічным дабрабытам і духоўным развіццём краіны [1]. Разрыў паміж рэальным і ўяўным запаўняе сімвалічнае: літаратуру замяшчаюць міфы, якія страцілі сэнсавую абалонку і ўспрымаюцца перверсіўна. Напрыклад, прачытанне твораў Якуба Коласа (1882–1956) замяняецца веданнем аб пісьменніку, як аб чалавеку, стварыўшым нацыянальную літаратуру. Масы не разбіраюцца ў культурнай ролі пісьменніка, яны прымаюць яе як дадзенасць, перапрацоўваюць і першасна пазнаюць у назвах станцый метрапалітэна, на плакатах у гонар Года гістарычнай памяці і ў рэдкіх радках, цытуемых у публіцыстыцы.

Такім чынам, сярод праблем папулярызацыі чытання сучаснай беларускай літаратуры можна пазначыць як глабальныя, так і нацыянальныя. Па-першае, прасочваецца актуальны заняпад цікавасці да чытання, які супадае з развіццём іншых спосабаў засвойвання інфармацыі. Па-другое, нацыянальная літаратура застаецца незапатрабаванай для масавага чытача, які не ўсведамляе эстэтычную важнасць твораў, што даносіцца праз акадэмічныя даследаванні. Па-трэцяе, існуе разрыў паміж ідэалагічнымі перавагамі і сусветнымі трэндамі, што не дазваляе казаць пра надзённасць сучаснай літаратуры. Па-чацвёртае, нежаданне змяняць фіксаваны канон і праводзіць постмадэрнісцкую рэвізію стварае паралель паміж постсавецкім дыскурсам і посткаланіяльным.

Спіс выкарыстаных крыніц

1. Аджемоглу, Д., Робинсон, Дж. А. Почему одни страны богатые, а другие бедные. Происхождение власти, процветания и нищеты / Д. Аджемоглу, Дж. А. Робинсон. – М.: АСТ, 2015. – С. 206.

2. Аристотель. Этика. Политика. Риторика. Поэтика. Категории / Аристотель. – Минск: Литература, 1998. – С. 1064–1112.

3. Бахтин, М. М. Проблемы поэтики Достоевского / М. М. Бахтин. – М.: Наука, 1972. – С. 71.

4. Бахтин, M. M. Творчество Франсуа Рабле и народная культура Средневековья и Ренессанса /М. М. Бахтин. – М.: Худож. лит., 1990. – 543 с.

5. Джеймисон, Ф. Постмодернизм, или Культурная логика позднего капитализма / Ф. Джеймисон. – М.: Изд-во Института Гайдара, 2019. – 808 с.

6. Зелёных, Д. Midjourney – нейросеть генерирующая картинки по текстовому описанию [Электронный ресурс] / Д. Зелёных. – Режим доступа: https://habr.com/ru/post/687524/. – Дата доступа: 15.01.2023.

7. Зиятдинович, Г. Книги – это не фастфуд! О чтении, книжном блогинге и литературной критике описанию [Электронный ресурс] / Г. Зиятдинович. – Режим доступа: https://clck.ru/33GzYc. – Дата доступа: 15.01.2023.

8. Иванов, Д. Что такое «китайская комната»? [Электронный ресурс] / Д. Иванов. – Режим доступа: https://postnauka.ru/faq/43335. – Дата доступа: 15.01.2023.

9. Лотман, Ю. М. Культура и взрыв / Ю. М. Лотман. – М.: Гнозис, 1992. – 272 с.

10. Achebe, Ch. An Image of Africa: Racism in Conrad’s Heart of Darkness / Massachusetts Review 18, no. 4,1977. – P. 782–794.

11. Maike, E. Understanding the Infinite Monkey Theorem [Digital resource] / E. Maike. – Mode of access: https://clck.ru/33GzMT. – Date of access: 15.01.2023