March 20, 2019

Digital. Прафесіі будучыні. Асноўныя трэнды, інструменты, прагнозы.

17 сакавіка ў кафэ "Грай" адбылася сустрэча з Франакам Вячоркам – грамадскім дзеячам, журналістам. Асноўная тэма лекцыі – гэта змены, якія чакаюць журналістыку, сацыяльныя сеткі, гандаль у будучыні; якія прафесіі, ідэі будуць запатрабаваныя.

Размова пачалася з цытаты Біла Гейтса: “Мы заўсёды пераацэньваем змены, якія адбудуцца ў найблішэйшыя два гады, і недаацэньваем змены наступных дзесяці гадоў” (маецца на ўвазе нераўнамернасць развіцця сучасных тэхналогій).

Прагноз Франака адносна таго, што зменіцца праз 10 год:

1) журналістыка – на змену адыходзячым на другі план друкаваным часопісам прыходзіць Інтэрнэт-журналістыка;

2) бізнес, гандаль – далейшае развіццё анлайн-гандлю, яскравы прыклад якога – дзейнасць Amazon;

3) камунікацыя – дыялог паміж палітыкамі і выбаршчыкамі ствараецца дыстанцыйна, праз Інтэрнэт, у сацыяльных сетках.

Асноўныя тэндэнцыі ў будучыні:

1) рабатызацыя і поўная аўтаматызацыя вытворчасці, сферы паслуг; развіццё праекту штучнага інтэлекту; machine learning – працэс, калі машыны самі навучаюцца выконваць пэўныя функцыі пры дапамозе баз дадзеных;

2) электронная дзяржава – дзяржаватворчыя працэсы ў краіне, дзяржаўная бюракратыя, галасаванне на выбарах становіцца электронным;

3) стварэнне і развіццё алгарытму для планавання і размеркавання рэсурсаўна аўтаматызаванай аснове.

Што тычыцца крытэраў якасцяў кандыдата на тую ці іншую пасаду, у мінулым размяркоўвалася так: мысленне – 13%, навыкі – 48%, досвед – 38%; у будучыні, адпаведна, 43%, 40%, 17%. Стане найбольш важным уменне думаць крытычна, вырабляць ці падтрымваць культуру кампаніі, у якой ты працуеш.

Якія якасці работніка будуць важныя:

1) хуткасць, каштоўнасць часу працы, уменне яго размяркоўваць, накіраванасць на вынік працы;

2) мікс тэхнічных і гуманітарных навыкаў: уменне не толькі ведаць, як рабіць, але і аналізаваць эфектыўнасць, здольнасць фармуляваць задачы;

3) адаптыўнасць – прыстасаванасць да новых умоў, трэндаў;

4) пазашаблоннасць;

5) светагляд і замежныя мовы: памятаем пра беларускую мову, але разумеем важнасць валодання ангельскай мовай для таго, каб аднавіць Беларусь у глабальным кантэксце;

6) валоданне праграмаваннем, на што таксама звяртаюць увагу ў рэзюмэ.

Што стане найменш уплывовым у далейшым:

1) фармальная адукацыя, за выключэннем такіх агульна прызнаных устаноў, як Гарвард, CERN;

2) вопыт працы.

Па словах Франака Вячоркі, сёння актуальна спрабаваць сябе, нават калі спачатку не атрымліваецца; умець прайграваць, не спыняцца на абраным шляху. Бесперапынная самаадукацыя – непазбежны працэс для тых, хто хоча быць у плыні сусветных тэндэнцый, дасягнуць поспеху.

У канцы лекцыі Франак Вячорка акрэсліў неабходнае для “ўключэння” ў будучыню:

1) наяўнасць сваёй справы, таго, чым ты хочаш займацца, што прыносіць задавальненне;

2) адсочванне змен, якія адбываюцца навокал;

3) навучанне (у тым ліку дыстанцыйнае ці за мяжой); пошук магчымасці бясплатнай і платнай адукацыі (Lynda, Coursera);

4) назіранне за зменамі ў сацсетках, выкарыстоўванне іх у залежнасці ад папулярнасці па ўзросце, краіне, мэтах выкарыстання (як прыклад, для маладой аўдыторыі – TikTok, YouTube, для старэйшай – Facebook, ОK; па краінах – у ЗША гэта WhatsApp, у Грузіі – Facebook).