July 23, 2022

АРТЫ ДАЮЦЬ НАДЗЕЮ. БЕЛАРУСКА МАЛЮЕ ВАЙНУ: ГАРАДЫ, СЯБРОЎ, ДОБРААХВОТНIКАЎ

Дар’я Роскач — мастачка з Бабруйска. У самы першы дзень вайны яна пачала маляваць, каб быць псiхалагiчна «больш-менш у парадку». Цяпер у дзяўчыны галерэя прац у Instagram: разбураныя гарады ад абстрэлаў, беларускiя ваяры, сябры, якіх закранула вайна і рэпрэсіі. Як кажа яна сама, творчасць дае надзею на лепшую будучыню i ёй самой, i яе чытачам.

BYSOLMEДИА пагутарыў з беларускай.

— Пачнём з галоўнага. Вы перайшлі на беларускую мову пасля пачатку вайны, чаму?

— Гэта вельмі важны фактар асэнсавання сябе. Доўгі час я адчувала сябе некамфортна размаўляючы па-расейску дома, дзе ёсць свая мова, але «ну так прінято, все так говорят». Гэта неправільны падыход. Мова — гэта галоўны скарб, які ў нас ёсць. Як мы бачым сёння (хто б што не казаў) менавіта тое, што мы не змаглі зберагчы мову на ўсіх ўзроўнях прывяло да таго, што мы па-сутнасці згубілі незалежнасць, а прышлыя чужынцы нашых герояў і гістарычных асобаў называюць «польскімі акупантамі».

— Калі пачалася вайна, якія былi пачуцці асабiста ў вас?

— Вялізны ўзровень трывогі і болю. Неразуменне далейшых дзеянняў акупантаў, лёсу сваіх блізкіх — выбівалі глебу з-пад ног. З аднаго боку быў шок. З іншага, пасля падзей у Беларусі разумееш, што ад такіх рэжымаў не мае сэнсу чакаць логікі.

— У вас ёсць серыя прац пра ўкраінскія гарады. Чаму вам было цікава менавіта ствараць карціны пра мясцовасць?

— Гарады — адлюстраванне вайны. Разбураныя будынкі — першае, што мы бачым і гэта тое, што будзе бачна яшчэ пэўны час. З цягам часу гэта зменіцца, штосьці будзе адбудавана, але зафіксаваць гэты стан важна. Канешне гэта могуць зафіксаваць і фіксуюць фатографы. Праца мастака — ператварыць карцінку ў штосьці «іншае».

— Гарады, якія вы малюеце, вы былі ў іх? Калі не, тое што становіцца натхненнем? (відэа, фота)?

— Я была не ва ўсіх гарадах, што малявала. Не была ў Краматорску і Херсону. І калі гугліла карцінкі то разумела, што гэта ўсё не тое. І самы просты варыянт быў напісаць маім знаёмым: пра іх любімыя месцы, пра месцы, якія яны лічаць адлюстраваннем свайго гораду. Іх я брала за аснову і далей ўжо дадавала нешта сваё. Першы арт пра Харкаў, я ўбачыла вiдэа, калi віланчэліст граў на фоне разбураных гістарычных будынкаў, тым самым прыцягваў увагу ўсяго свету да праблем вайны.

— Чаму важна творчым людзям удзельнічаць і рэфлексаваць на тэму вайны?

— Залежыць ад чалавека. Але звычайна большасць творчых людзей проста не могуць прайсці паўз такія падзеі. Мы ўсе розныя. Мне творчасць дапамагае накіроўваць эмоцыі ў штосьці станоўчае, кагосьці наадварот вайна можа выбіць і творчага працэсу. Але вельмі важна не загубіць у сабе ЧАЛАВЕКА.

— Колькi ў вас артаў?

— Я налічыла 16 артаў звязаных з вайной, з іх тры фізічныя, але толькі адна карціна на палатне. Я думала пра выставу артаў з гарадамі, але лічу, што іх яшчэ мала і трэба больш. Таксама трэба будзе падумаць якім чынам выстаўляць іх: раздрукоўваць, ці рабіць праекцыі электронных артаў на сцены і г.д.

— Ці жадаюць у вас іх купіць?

— Я думаю пра гэта. Я насамрэч не супраць прадаць карціну з катом, хоць і трохі шкада адрываць ад сябе. Але, калі і прадаваць, то так, каб грошы пайшлі на дапамогу.

Можна б было зрабіць серыю паштовак. Карацей я не супраць дзяліцца творчасцю і разумею, што калі і зарабляць на гэтых артах грошы, то для таго, каб яны далей ішлі на дапамогу.

— Вы раней стваралі карціны на тэму рэпрэсій. Што было ў гэтых карцінах, на чым стаяў акцэнт? (свабода, перамога, боль ці што?)

— Зноўку гэта была рэфлексія абсалютна розных эмоцый — ад імкнення да свабоды, да болю, ад страты людзей. Але чым далей ішоў час пасля выбараў, тым складаней маральна мне давалася стварэнне артаў на гэтую тэматыку.

— Вы малюеце сваіх сяброў, якія звязаны з вайной. Раскажыце, хоць адну гісторыю сваёй сяброўкі ці сябра?

— Я распавяду пра адну з Краматорска. У мяне адтуль дзве добрыя сяброўкі, адна з’ехала ў больш бяспечнае месца, а другая застаецца там дагэтуль.

Быў момант, калі я вельмі настойліва прасіла яе з’ехаць і маім апошнім галоўным аргументам было: галоўнае быць з сям’ёй, але я не паспела яго прымяніць, бо менавіта гэта быў ейны аргумент, каб застацца. І я спынілася яе ўгаворваць. А наступнай раніцай у вакзал прыляцела ракета. І мяне пэўны час яшчэ трэсла ад таго, што я магла паслаць блізкага чалавека на смерць.

Самае цікавае, што да вайны мы трохі страцілі сувязь. І першы час я сачыла за ёй, але чамусьці баялася пісаць, бо Беларусь таксама ў гэта ўцягнутая. І я вельмі радая, што мы пачалі размаўляць, бо кожны раз калі пачынаецца нейкая хваля абвінавачванняў, яна першая, хто кажа, што не варта пераймацца з-за гэтага. І негледзячы на тое, што кожны дзень у Краматорску штосьці выбухае, яна захоўвае цвярозы і крытычны розум.

Я ад яе ў гэтым плане ў захапленні. Гэта я, дарэчы, магу сказаць пра ўсіх іх: нават калі яны не паглыбляліся ў падзеі 2020 года, то яны за ўвечь час вайны ніразу не абагульнялі і не абвінавачвалі. Наадварот мы сталі яшчэ больш блізкімі. Хаця я ўжо і не пішу кожнай з іх штодня, ці ўсё ў іх добра, але гэта спецыфічны і магічны ўзровень узаемапаразумення. А яшчэя з імі ўсімі размаўляю па-беларуску, як з украінамоўнымі, так і з расейскамоўнымі. І мы ўсё адно разумеем добра адна адную.

— Чаму вырашылі вярнуцца ў баларусскую тэматыку зноў у карцінах? Чаму гэта важна для вас?

— Беларусь — гэта заўсёды важна для мяне. Я вельмі б хацела, каб краiна магла развівацца, каб беларуская культура і гісторыя, нашая ўнікальнасць, былі бачныя па ўсім свеце.

Важна казаць пра праблемы, пра боль, які ёсць і ў нас і ў іх. Я ненавіджу рыторыку пра брацкія народы, хоць у нас і сапраўды большая колькасць агульнага чым з кімсьці яшчэ. Але я люблю Украіну, і як гэта не дзіўна, але менавіта гэтая краіна і людзі  дапамаглі канчаткова абудзіць маю беларускаць у пэўны час. І цяпер важна працягваць развіваць асэнсаванне сябе беларускай праз сродкі, якія дасяжныя мне і магчыма я дапамагу камусьці выйсці на гэты шлях.

Иллюстрация: bukashka_art