March 29, 2023

5 кніг ад пісьменніцы і настаўніцы Ганны Севярынец

Пісьменніца і настаўніца Ганна Севярынец раіць кнігі пра віцебскіх супрэматыстаў, іранскую гісторыю і свет старажытных беларусаў.

1. Таццяна Катовіч «УНОВІС»

Дакументальнае даследаванне аднаго з самых цікавых перыядаў у гісторыі беларускага мастацтва — нараджэнне і праца віцебскага авангарднага аб’яднання супрэматыстаў УНОВІС у сценах віцебскага мастацкага вучылішча.

Кніга напісана адным з найлепшых спецыялістаў па гісторыі аб’яднання, выкладчыцай, якая не толькі бліскуча ведае тэму, але і ўмее яе данесці да непадрыхтаванага чытача, да таго ж у ёй надзвычай багаты ілюстратыўны матэрыял.

Была пад уражаннем некалькі тыдняў, у дадатак да прачытанага глядзела дакументальныя стужкі, якіх дастаткова ў сеціве, словам, кніга не проста дае аб’ём ведаў і прастору эмоцый, але і вымагае інтэлектуальнага працягу, я такое вельмі люблю.

2. Марджан Сатрапі «Персеполіс»

Гэта не тое каб звычайная кніга — гэта комікс французскай аўтаркі іранскага паходжання, у якім яна апісвае лёс сваёй сям’і і сваё сталенне на фоне няпростых падзей іранскай гісторыі.

Па-першае, да «Персеполіса» я вельмі павярхоўна ўяўляла сабе гісторыю Ірана і той складаны і заблытаны комплекс прычын, які прывёў Іран да цяперашняга стану.

Чытала з Гуглам, канешне, бо шмат якія дэталі вымагаюць дадатковых ведаў, дык узбагацілася не толькі мастацкімі, але і гістарычнымі ўражаннямі, плюс — атрымала вельмі цікавы досвед чытання коміксаў, якога раней не мела. Вельмі цікавы досвед.

«Персеполіс» перакладзены на беларускую і ёсць цяпер у продажы.

3. Уладзімір Караткевіч «Ладдзя роспачы»

Безумоўна, чытала «Ладдзю» і раней, у дзяцінстве, але потым не было нагоды перачытаць, дык тэкст нават і падзабыўся. Не так даўно, ідучы на прэм’еру оперы, перачытала — і была пад моцным, ужо дарослым, уражаннем.

Гэта, канешне, самы сапраўдны беларускі маст-хэв, і перачытваць яго варта хаця б дзеля душэўнага ўздыму і су-настройкі з беларускай прасторай.

4. Пётра Садоўскі «Мой шыбалет»

Можна чытаць, а можна слухаць — нядаўна выйшла аўдыяверсія. Гэта такое вялікае эсэ. Пра што? А пра ўсё. Я чытаю ў асноўным дзеля шыкоўнай аўтарскай беларускай мовы і трапных лінгвакультуралагічных назіранняў аўтара, але і без таго там шмат самых розных цікавостак.

5. «Трошкі бліжэй да сонца, трошкі далей ад месяца»

Гэта калектыўная манаграфія, выдадзеная нашай Акадэміяй навук. Няхай вас не пужаюць словы «манаграфія» і «акадэмія», гэта надзвычай захапляльнае папулярнае чытанне па этнафіласофіі: якім уяўляўся свет старажытным беларусам, куды ўводзяць карані нашых міфаў, чаму мы такія, а не іншыя, і як гэта адлюстравана ў нашых прымхах і забабонах.

Чытаць можна (і, напэўна, варта) не па парадку і цалкам, бо гэта аб’ёмісты фаліянт, а часткамі, абіраючы найбольш цікавыя артыкулы. Усё адно вас зацягне і вы праглынеце гэты вялікі том за тыдзень.

🧷Instagram «Экслібрыс»