5 кніг ад Лены Прэнц
Куратарка, мастацтвазнаўца, дырэктарка берлінскай галерэі сучаснага мастацтва Prater Лена Прэнц дзеліцца 5 кнігамі.
«Я шмат думаю пра публіку сучаснага мастацтва і пра тое, як пісаць і размаўляць пра яго так, каб зацікавіць і людзей, якія звычайна не ходзяць у музеі і на выставы. Як заахвоціць гледачоў, якія ўжо прыйшлі на выставу, не толькі зрабіць круг па ёй і безапеляцыйна заявіць «не падабаецца!», але і прачытаць куратарскія тэксты і апісанні да мастацкіх работ. І як павінны быць напісаны гэтыя тэксты, каб глядач ці глядачка не зламаліся б ужо на першым сказе з пяццю дзеепрыслоўямі. Напэўна, таму зараз я шмат чытаю пра класавасць і інклюзію ў сферы культуры і больш увагі звяртаю на мову кніг», — кажа Лена Прэнц.
1. Moshtari Hilal, Sinthujan Varatharajah «English in Berlin. Exclusions in a Cosmopolitan Society»
Тонкая кніжачка мастачкі Moshtari Hilal і географа Sinthujan Varatharajah «Англійская мова ў Берліне. Аб выключэнні ў касмапалітычным грамадстве» пра тое, якую ролю адыгрывае ангельская мова ў культурным жыцці і штодзённасці ў Берліне.
У модных кавярнях, крамах, галерэях не мае значэння, калі супрацоўні:цы размаўляюць толькі па-ангельску. Але хіба нямецкая палітыка гадамі не скардзілася на існаванне «паралельнага грамадства» сярод мігрантаў, якія абавязаны валодаць нямецкай? Адкуль тады ў адных сферах відавочнае заахвочванне англамоўных, у іншых — дыскрымінацыя людзей без ведання нямецкай.
Аўтар і аўтарка пішуць — можа быць, крыху палемічна, але вельмі жыва і зразумела — пра двайныя стандарты і інтарэсы капіталу, пра джэнтрыфікацыю і дзяржаўную палітыку ў адносінах да ўцекачоў і пра магчымыя формы больш інклюзіўнай і справядлівай працы ў сферы культуры. І, вядома, паводле ідэі кнігі, робяць яны гэта на дзвюх мовах.
2. Didier Eribon «Vie, vieillesse et mort d'une femme du peuple»
Новая кніга філосафа Дыдзье Эрыбона «Жыццё, старасць і смерць жанчыны з народа» — аўтабіяграфічнае апавяданне пра яго маці. Адклікаецца тым, што адразу ж выклікае рэфлексію пра сваіх маці, якія старэць або памерлі. Але ж, вядома, Эрыбон звязвае асабістую гісторыю з разважаннямі аб сацыяльнай і дзяржаўнай уладкаванасці грамадства, аб класавай дыскрымінацыі і расізме.
Эрыбон піша настолькі проста пра складаныя рэчы, згадваючы столькі іншых аўтараў і аўтарак, што складаецца ўражанне не чытання, але гутаркі — з разумным, цікавым суразмоўцам.
3. Ірене і Герман Хензэльман «Вялікая кніга аб будаўніцтве»
Што робяць жонкі знакамітых архітэктараў, пакуль іх мужы на працы? Герман Хензэльман быў адным з самых уплывовых архітэктараў ГДР, ён адказваў за забудову ўсходняга Берліна і арэала вакол Александэрплац. Яго жонка, на 10 гадоў маладзейшая за яго, займалася выхаваннем 8 дзяцей, запрашала на салоны і пісала кнігі аб архітэктуры для дзяцей (хоць імя мужа ўсё адно значылася ў суаўтарах).
У антыкварных крамах яшчэ можна купіць «Вялікую кнігу аб будаўніцтве» 1976 года, што мне нядаўна і ўдалося зрабіць. У кнігі нетрывіяльная структура, ніякіх «мімімі» і «цікавых фактаў», чым грашаць многія сучасныя выданні для падлеткаў — усё па справе, інфарматыўна і з шырокім міжнародным ахопам. Пра перавагі сацыялістычных гарадоў у параўнанні з капіталістычнымі напісана ў такой спакойнай і аргументаванай манеры, што ты, і праўда, пачынаеш у гэта верыць.
4. Яўгенія Беларусец «Цикл лекций о современной жизни животных»
Кніга «Цыкл лекцый аб сучасным жыцці жывёл» шчыльная і натхняльная. У сваіх мастацкіх праектах і кнігах Жэня працуе з невымоўнасцю і немагчымасцю перадачы рэальнасці з дапамогай мовы ці візуальнага выказвання. Для чытача ці чытачкі яе вельмі празрыстая і адначасова вельмі насычаная мова — гэта штуршок для асабістых вобразаў і адкрыццяў.
5. Ana Schnabl «Mojstrovina»
Кніга Аны Шнабль «Шэдэўр» для тых, хто чытае па-славенску ці па-нямецку. Аўтарка нарадзілася ў 1985 годзе, але расказвае гісторыю, якая адбылася ў апошнія гады існавання Югаславіі. Гэта гарадскі раман — дзеянне адбываецца ў Любляне, і многія месцы лёгка пазнаюцца. Гэта гістарычны раман — гаворка ў ім ідзе пра апазіцыю, якая пасварылася, і пра тое, як мясцовыя спецслужбы сочаць за апазіцыяй (нічога вам не нагадвае?) Гэта гісторыя кахання, якая апісаная так, што вы літаральна адчуваеце пах восеньскага лісця ў парку, па якім шпацыруе пара, і ўяўляеце выгіб шыі гераіні, якую затуляе тоўстая каса. І гэта раман-загадка, пра якую чытач і чытачка не здагадваюцца да самага канца. Безумоўна, сканструяваны раман, але як па-майстэрску.