5 кніг ад Аляксандры Марковіч
Дызайнерка, мастачка Аляксандра Марковіч пра пяць кніг, якія пакінулі след.
1. Эрленд Лу «Наивно. Супер»
Кніга, якую параіла мне блізкі чалавек, сапраўды аказалася супер. Гэта фільмы Уэса Андэрсана ў выглядзе тэксту. Светлая філасофія штодзённасці, надзея на будучыню і жыццё як гульня. Лепшае, што чытала ў гэтым годзе.
2. Phoebe Waller-Bridge «Fleabag: The scriptures»
Усё пачалося з серыяла і гэтым не скончылася. Сапраўды геніяльная работа Phoebe Waller-Bridge пра жаночую сацыялізацыю, каханне і любоў, трагедыю жыцця і шмат чаго яшчэ. Любімая сцэна — 2 сезон 4 серыя, дзе Флібэг адкрываецца святару пра свой лёс. Самы шчыры тэкст, якія я чытала.
3. Уладзімір Арлоў, Зьміцер Герасімовіч «Ілюстраваная гісторыя. Краіна Беларусь»
Гэтая кніга займае асобае месца ў маім сэрцы, бо ў дзяцінстве мой тата чытаў мне на ноч менавіта яе. Калі мне было 12 гадоў, я хацела набыць яе яму ў падарунак і сабрала 50 рублёў — столькі тады каштавала кніга. Але па дарозе кантралёрка злавіла мяне без квітка (кнігарня была за два прыпынкі ад дому — далекавата), і я не змагла падараваць гэты цуд тату.
4. Роальд Даль «Матильда»
Гісторыя пра разумную і хітрую дзяўчынку Матыльду, якая не патрэбная сваёй сям'і. Але знаёмства з настаўніцай малодшых класаў міс Ласкін змяняе ўсё. З казкай з вострым гумарам калісьці пазнаёміла мяне мама. І яна проста трапіла ў сэрца. Матыльда — мая ролевая мадэль.
5. Милан Кундера «Невыносимая легкость бытия»
Доўга спрабавала завяршыць гэты спіс, але ўсё адчувалася не тым, пакуль у кніжным клубе мы не пачалі чытаць Кундэру. Самая тонка напісаная кніга, якую я трымала ў руках. Спадабалася ўсё: ад герояў з шэрай мараллю да нелінейнага аповеду. Любімае — ход з алфавітам. Гэтая кніга падаравала мне адчуванне спакою, якое было так патрэбна. Раю пачытаць усім, хто баіцца памыляцца.