10 кніг ад Андрэя Мікрукова
Журналіст Андрэй Мікрукоў дзеліцца кнігамі пра Вільню, змрок, вайну і музыку.
1. Юргіс Кунчынас «Туўла»
Файная кніга пра Вільню, Ужупіс і вечнае каханне лірычнага героя да дзяўчыны па імені Туўла. І пра кажаноў.
2. Laimonas Briedis «Vilnius: City of Strangers»
Ні ў чым не саступае выбітнай кнізе Томаса Венцлава «Вільнюс: горад у Еўропе». Але ж Брыедзіса я прачытаў толькі ў гэтым годзе, таму ўражанні ад кнігі «Vilnius: City of Strangers» вельмі моцныя.
3. Gabrielle Wittkop «Les Héritages»
Апошняя кніга самай атрутнай, цынічнай і эрудыяванай пісьменніцы (imho). Галоўная гераіня — віла Сялена, пабудаваная дзесьці на поўначы Францыі, якую на працягу стагоддзя насяляюць жыхары рознай ступені маральнага разлажэння і заняпаду. Змрочная сага працягласцю ўсяго ў 170 старонак.
4. Paul Bowles «The Sheltering Sky»
Проста выдатны твор аднаго з улюбёных пісьменнікаў. Была б файна, калі б з'явіўся пераклад на беларускую мову.
5. Emil Cioran «The Trouble with being born»
Ідэальнае супрацьяддзе ад аптымізму. Афарызмы на кожную бяссонную ноч.
6. Peter Hook «The Hacienda: How not to run a club»
Былы басіст і сузаснавальнік New Order і Joy Division, адзін з арганізатараў і саўладальнікаў культавага начнога клуба ў Манчэстары Hacienda не толькі выдатны музыка і прадзюсар, але і вельмі цікавы апавядальнік. Цудоўная кніга пра цудоўныя часы і цудоўную музыку.
7. Луи-Фердинанд Селин «Война»
У «Вайне» Селін апісвае сваё франтавое раненне і жудасныя месяцы ў шпіталі. Рукапіс быў скрадзены, 80 гадоў яго дзесьці хавалі, і вось нядаўна ён дзівосна знайшоўся. Змрочная, чалавеканенавісніцкая кніга, вельмі актуальная для сённяшніх цёмных часоў.
8. Andrzej Bobkowski «Szkice piorkiem»
Цікавы дзённік чатырох ваенных гадоў, якія Бабкоўскі пражыў у Францыі. Эфект deja vu, з тым што адбываецца зараз з намі, — жахлівы.
9. Курцио Малапарте «Шкура»
Яшчэ адна кніга пра вайну, напісаная эксцэнтрычным і супярэчлівым італьянцам. Стылістычна супрацьлеглая дзённікам Бабкоўскага. Малапартэ выдатна і з гумарам распрауляецца са свяшчэннымі каровамі гісторыі, напудранымі хлусней і фальшывым патрыятызмам. Кніга экранізавана Ліліанай Кавані, аўтаркай «Начнога парцье».
10. Joe R. Lansdale «Hap and Leonard: Savage season»
Серыя кніг у жанры «бульварнай» паўднёвай готыкі пра прыгоды дзвюх не самых фартовых у жыцці сяброў — маё guilty pleasure. Да таго ж па першых трох кнігах знялі выдатны серыял. Вясковы нуар ва ўсёй сваёй pulp fiction пышнасці.