6 кніг ад Андрэя Вазьянава
Антраполаг, выкладчык ЕГУ, даследнік Менскай урбаністычнай платформы і музыка гурта Vapna Андрэй Вазьянаў дзеліцца кнігамі пра грыбы, дэкаланізацыю, птушак і Экватарыяльную Гвінею.
1. Олександра Іванюк «Амор[т]е»
Гэты заснаваны на рэальнай гісторыі раман разбіваў сэрца, нават калі выйшаў у 2017-м, а ў 2023-м, калі адусюль чуеш слова «дэкаланізацыя», ён набывае новую каштоўнасць.
У экзатычны Данецк італійка прыязджае вучыць расейскую мову. Але замест гэтага знаёміцца з украінамоўным актывістам і перажывае разам з ім трагічныя данбаскія падзеі — а таксама моцнае каханне, і тут цяжка сказаць, што на фоне чаго адбываецца.
Мне, як чалавеку, які вырас на Данеччыне, гэтая кніга здаецца ўнікальнай.
2. Птушкі Еўропы, рэд. М. Нікіфараў, Навуковае Выдавецтва ПВН
Гэта не жарт: у дзяцінстве маімі ўлюбёнымі кнігамі былі палітычны атлас свету і дзіцячая энцыклапедыя «Почемучка». Нелінейна арганізаваныя даведнікі ды дапаможнікі я шаную дагэтуль і лічу, што часам яны лепш за наратыў знаёмяць нас з сусветам.
Каляровыя ілюстрацыі ў «Птушках» паказваюць птушыныя сямействы, а мапы адлюстроўваюць, як Беларусь звязаная з выраямі на розных кантынентах.
Асобны плюс — магчымасць даведацца беларускамоўныя назвы відаў птушак лепш, чым большасць з нас ведае іх на мове імперыі. Прыліў любові да прыроды ў цэлым — і да родных экасістэм у прыватнасці — гарантаваны.
3. Adelaida Caballero «Shortchanged: Elderly Women Street Vendors in Malabo, Equatorial Guinea»
Экватарыяльная Гвінея — адна з нешматлікіх дзяржаваў свету, што ў рэйтынгу свабоды знаходзіцца ніжэй за Беларусь, а на чале яе — тыран, нязменны ўжо 45 гадоў.
Аднак мексіканска-шведская антрапалагіня Адэлаіда Кабальера апісвае неймаверна цяжкае жыццё ў бяспраўі без віктымізацыі і шкадобы: «Жанчыны, што прадаюць закускі ў экватагвінейскай сталіцы, не толькі даюць рады галечы і дапамагаюць сем’ям, але і спрабуюць мець паўнавартаснае рамантычнае жыццё» .
4. Artūras Tereškinas «Vyrų Pasaulis»
Калі ўзровень вашай літоўскай ужо дазваляе чытаць навіны і калі вас цікавіць, як робяцца men studies у рэгіёне, то «Свет мужчын» Артураса Тэрэшкінаса – выдатная опцыя. Даследаванне на базе інтэрв’ю пра тое, як літоўскія мужчыны працуюць, старэюць, выхоўваюць дзяцей і пакутуюць ад уяўнай неабходнасці быць маскуліннымі.
5. Ірына Раманава, Ірына Махоўская «Мір: гісторыя мястэчка, што рассказалі яго жыхары»
Кніга — вынік гістарычнага даследавання. Назва досыць прама ўказвае на змест. Гісторыя шматгалосая, захапляльная і бязмежна горкая, але са мноствам смешных момантаў і дэталяў.
6. Anna Lowenhaupt Tsing «The Mushroom at the End of the World: On the Possibility of Life in Capitalist Ruins»
Легендарная этнаграфічная кніжка пра тое, што грыбы складаней, чым падаецца, а людзям на гэтай планеце варта быць менш упэўненымі ў сабе і больш уважлівымі да іншых відаў.