February 26, 2023

6 кніг ад пісьменніцы Алены Казловай

Пісьменніца Анка Упала раіць кнігі выдавецтва «Пфляўмбаўм» і не толькі.

1. Маржан Сатрапі «Персеполіс» (пераклад на беларускую Алены Карп)

Комікс у чатырох частках. Яго аўтарка — іранка. Гэта блізкая нам гісторыя сталення ў несвабодзе і пошуку свайго асабістага выйсця. Проста цяпер тваіх сіл бракуе, каб спыніць цягнік тваёй краіны ад накірунку пад адкос, а ты жывеш сваё адзінае жыццё. Але напісана і намалявана весела, з гумарам.

Як напісала мне ў лісце ў клетачку адна смелая асоба, «Нас ведь эти трудности не остановят, не правда ли?». Карацей, праўда, як пра нас карцінкі.

2. Лукаш Калюга «Творы»

Гэта працяглы чытацкі вопыт, які я практыкую ўжо другі год у выглядзе сумеснага чытання ўголас, нешта, што дапамагае жыць гэты час. Я пазначыла адну кнігу, бо яе, мусіць, прасцей знайсці, хоць мы ўжо перайшлі на ранейшае, больш поўнае выданне.

Калюга безумоўна каштоўны сваёй матрыцай мовы, для мяне нават не лексікай, а сінтаксісам, якога не знойдзеш у сучаснікаў. А яшчэ ён вясёлы і добры, хораша на душы, як яго паслухаеш. Гэта значна менш вядомы факт. Калюга быў забіты ў 1937 годзе ў 28 гадоў.

Адзін з апошніх твораў, раман «Пустадомкі», па атмасферы як быццам ўчора напісаны.

3. Таня Скарынкіна «Yesмамочка»

Драматычная камерная гісторыя ў вершах для двух галасоў: дарослай дачкі і яе дарослай маці. Хоць збоку таксама раздаюцца рэплікі.

Гэтую тонкую кнігу сямейных адносінаў паэтка Таня ўкладала дваццаць пяць гадоў, узіраючыся ў самае блізкае праз свой чароўны паэтычны акуляр.

4. Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць» (пераклад Ганны Янкуты)

Я хварэла на прастуду і тут мне дужа прыдалася тоўстая кніга Остэн, з якой я правалялася ў ложку тыдзень і паспяхова акрыяла пад гэтае лёгкае і быццам бы легкаважнае чытанне пра паненак і замуж. Вядома, гэта ілюзія пра легкаважнасць.

У сваім пісьме Остэн прыўзнімаецца над сваім часам, не тлумачыць, проста паказвае, адзначаючы тое, да чаго дайшла сваім розумам. А на гэта не многія здольныя. Часта людзям і з плёну чужой разумовай дзейнасці няма плёну.

5. Вальжына Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»

Такой кнігі вам хопіць надоўга, каб яе разгадваць. Разгортваеце, чытаеце некалькі радкоў, потым думаеце пра тое, як гэта прыгожа і што гэта значыць. Колькі кніга пісалася, столькі, мусіць, і назапашвае трываласць. За два дзесяцігоддзі гэта ўсяго трэці зборнік паэзіі адной з самых вядомых у свеце беларускіх аўтарак. Цёмная матэрыя.

6. Наваль Саадаві «Жанчына на нулявым пункце» (пераклад Аляксандры Дзмітранок)

Я не чула пра іншыя прамыя пераклады з арабскай на беларускую, да таго ж сучаснай нам егіпецкай аўтаркі, а вы? Толькі нават дзеля гэтага варта купіць гэтую аповесць, якая прымусіць вашыя кулакі сціскацца.

🧷 Instagram «Экслібрыс»