August 13

8 кніг ад Антона Барысенкі

Даследчык-сацыёлаг у сферы распрацоўкі відэагульняў Антон Барысенка дзеліцца кнігамі пра шахматы. «Я гуляю ў шахматы на аматарскім узроўні, удзельнічаю ў шахматным клубе Гілфарда (невялікі ангельскі гарадок) і ў нейкі момант адкрыў для сябе прэмію “Лепшая кніга года ад Ангельскай шахматнай федэрацыі”. Колькі кніжак з ейных шорт-лістоў прачытаў і хацеў бы падзяліцца гэтым скарбам з іншымі чытачамі», — кажа Антон.

1. Matthew Sadler, Natasha Regan «Game Changer: AlphaZero's Groundbreaking Chess Strategies and the Promise of AI»

Шахматны свет дае добрую мадэль таго, што будзе з чалавечымі заняткамі, калі штучны розум перасягне чалавечыя магчымасці: у шахматах гэта ўжо здарылася. У 2017 годзе з'явілася нейрасетка AlphaZero, якая ведала толькі правілы гульні, згуляла сама з сабой мільёны партый за некалькі гадзін, а потым у матчы разграміла наймацнейшыя на той момант шахматныя праграмы, прычым у дынамічным і вельмі займальным стылі, багата ахвяруючы пешкі і фігуры. Тыповы прыём AlphaZero — прасунуць крайнюю пешку a ці h (а лепей абедзве) як мага далей і як мага хутчэй. Так часта гуляюць пачаткоўцы, а класічныя майстры лічылі такія хады вельмі дрэннымі. Цяпер зразумела, што гэта вельмі добрыя хады.

2. Алексей Конаков «Табия тридцать два»

У недалёкай будучыні, пасля нейкай невытлумачанай катастрофы (але зразумела якой — кніга напісаная ў канцы 2022 года) Расія адмаўляецца ад сваёй класічнай літаратуры і ставіць у цэнтр нацыянальнай ідэі шахматы. У гэтай шахматнай дыстопіі разгортваецца гісторыя ў духу ці то Борхеса, ці то Набокава, ці то братоў Стругацкіх. А шахматы напоўніцу выяўляюць свой таталітарны і разбуральны патэнцыял.

3. Генна Сосонко «Диалоги с шахматным Нострадамусом»

Гена Сасонка эміграваў з СССР у Нідэрланды ў 1970-х, зрабіўся там мацнейшым мясцовым шахматыстам, а калі скончыў шахматную кар'еру, пачаў пісаць эсэ на шахматную тэму. Некралогі, панегірыкі, анекдоты і займальныя эпізоды з жыцця шахматыстаў. Канкрэтна ў гэтай кнізе ёсць разрываючае сэрца эсэ пра суперталенавітага беларускага шахматыста Яўгена Рубана (з Горадні), чыя кар'ера была разбураная з-за крыміналізацыі гомасэксуальнасці ў Савецкім Саюзе.

4. Josh Waitzkin «The Art of Learning: A Journey in the Pursuit of Excellence»

Джош Вайцкін — амерыканскі шахматны вундэркінд, які ў нейкі момант кінуў шахматы з-за выгарання, нічым не мог займацца, а потым захапіўся баявымі мастацтвамі і дасягнуў топавага ўзроўню там. Гэта ягоная аўтабіяграфія, абсалютна натхняльнае чытанне, якое, на жаль, не дае простага адказу, як жа вучыцца і дасягаць дасканаласці. Шмат практыкавацца, вучыцца на ўласных памылках, прысутнічаць у моманце, не здавацца — нуднавата, але як ёсць. Найлепшыя (з таго, што я сустракаў) апісанні паядынкаў — як шахматных, так і баявых. З натуральным эфектам прысутнасці.

5. Simen Agdestein, Wonderboy Magnus Carlsen «How Magnus Carlsen Became the Youngest Grandmaster in the World»

Гісторыя пра тое, як наймацнейшы шахматыст у гісторыі чалавецтва, Магнус Карлсан стаў наймаладзейшым гросмайстрам у свеце (праўда, цяпер гэты ягоны рэкорд ужо пабіты некалькі разоў). Літаральна біяграфія хлопчыка ад ягонага нараджэння і да ягоных 13 гадоў, напісаная ягоным першым трэнерам (і сур'ёзным нарвежскім футбалістам, ён нават выступаў за нарвежскую зборную). Мяне ўразіла, што ў нейкі момант бацькі Магнуса ўзялі гадавы адпачынак на працы, забралі дзяцей са школы і цэлы год жылі і падарожнічалі ў фургоне па ўсёй Еўропе, ад аднаго шахматнага турніру да іншага. У кнізе прыведзена шмат клёвых шахматных партый, у тым ліку ёсць гульні і супраць беларускіх талентаў Аляксандра Фёдарава і Сяргея Жыгалкі.

6. Willy Hendriks «On the Origin of Good Moves: A Skeptic's Guide at Getting Better at Chess»

Звычайна дакампутарную гісторыю шахмат прадстаўляюць як рэвалюцыйны скачок ад «рамантычных» аматарскіх шахмат кавярняў 19-га стагоддзя, перапоўненых адважнымі атакамі на караля і памылкамі, да сур'ёзных прафесійных шахмат, павольных, стратэгічных, нуднаватых, з моцнай нічыйнай тэндэнцыяй. Вілі Хэндрыкс разбурае гэты вобраз ушчэнт. Ён глядзіць на гісторыю гульні як на эвалюцыю хадоў, калі самыя ўдалыя хады ў канкрэтных пазіцыях, знойдзеныя канкрэтнымі шахматыстамі, робяцца з часам усё больш і больш папулярнымі, і ўрэшце становяцца агульнымі ведамі. Вельмі свежы пагляд на гісторыю шахмат, уважлівы, разумны і вясёлы.

7. Willy Hendriks «The Ink War: Romanticism versus Modernity in Chess»

Кніга пра супрацьстаянне двух наймацнейшых шахматыстаў 1880-х Цукерторта і Стэйніца, якія згулялі між сабой першы афіцыйны матч на тытул чэмпіёна свету па шахматах. Там было ўсё складана, яны спачатку сябравалі, а потым пасварыліся праз нязгоду наконт аналізу некаторых шахматных пазіцый і шмат гадоў спрачаліся ў прэсе. Традыцыйна лічыцца, што яны ўвасабляюць два падыходы да шахмат — адпаведна, рамантычны Цукерторт і сучасны Стэйніц. Стэйніц перамог у матчы і каменя на камені не пакінуў ад рэпутацыі свайго суперніка. Я па шчырасці да гэтай кнігі амаль і не ведаў пра Цукерторта, а цяпер ён мне падаецца адным з самых цікавых персанажаў шахматнай гісторыі, уявіце сабе, чалавек практычна ўвёў у шахматную практыку «ход каралевы» (1. d2-d4) і гульню на ферзевым фланзе, калі звычайна ў тыя часы амаль ўсе гулялі на іншым баку дошкі, спрабуючы «заматаваць» караля суперніка.

8. Charles Hertan «Real Paul Morphy: His Life and Chess Games»

Гісторыя Пола Морфі — мадэльная гісторыя шахматнага генія. Першы шахматны вундэркінд за два гады перамог літаральна ўсіх моцных шахматыстаў у Паўночнай Амерыцы і ў Еўропе, раптоўна кінуў шахматную кар'еру, а напрыканцы жыцця страціў розум. Некаторыя і сёння лічаць яго найвялікшым шахматыстам усіх часоў. Ягоныя партыі — адны з першых, якія дзіцячыя трэнеры паказваюць сваім вучням, гэта чыстыя прыгажосць і радасць. У гэтай кнізе (лепшая кніга 2025 года па меркаванні Англійскай шахматнай федэрацыі) адразу і біяграфія шахматыста ў гістарычным кантэксце, і ягоныя партыі, уважліва прааналізаваныя з кампутарам, і я не ведаю, што можа быць лепей, калі вы любіце шахматы.

📕 Instagram «Экслібрыс»