November 3

4 кнігі ад Антона Трафімовіча

Журналіст Антон Трафімовіч дзеліцца кнігамі, якія пакінулі след.

1. Вольга Такарчук «Кнігі Якуба»

Адна з наймацнейшых кніг апошніх гадоў, якая мне трапілася. Гэта захапляльны гістарычны раман, філасофія габрэйскіх ерасяў 17 стагоддзя і свет еўрапейскага кантыненту вачыма людзей, што жылі поруч з намі стагоддзямі і пра каго мы амаль нічога не ведаем. Калі апісваць кнігу адным сказам, я б сказаў, што гэта «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» на максімалках — таксама трэвэл-серыял на землях Рэчы Паспалітай у Новы час, у цэнтры якога стаіць псеўда- ці ілжэпрарок. Праўда, гэта толькі вонкавае падабенства.

Складана ўявіць, колькі часу на даследаванне і працы Вольгі Такарчук стаіць за напісаннем гэтай кнігі. І асобна я б тут адзначыў грандыёзную перакладніцкую працу Марыны Шоды, якой давялося зайсці ў кожны гістарычны, лінгвістычны і паэтычны завулак за Вольгай Такарчук, каб данесці беларускаму чытачу тое літаратурнае багацце, якім дзеліцца пісьменніца.

2. Валянцін Акудовіч «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым»

Гайд па беларускай філасофіі і філасофіі ў прынцыпе, у якім я пакінуў з паўсотню закладак — на думкі, імёны і назвы. Тэкст загорнуты ў класічны акудовіцкі рэфлексійна-эсэістычны стыль. Я б назваў гэтую кнігу друкаваным падкастам. Дакладней, друкаваным інтэлектуальным падкастам! Бо, чытаючы кнігу, адчуваеш сябе ў сяброўскай кампаніі, дзе спадар Акудовіч табе баіць байкі. Таксама гэта гайд па літаратурна-багемным жыцці 1980–2010-х, які можна паставіць у працяг «Аўтамату з газіроўкай» Уладзіміра Някляева.

3. Антанас Шкема «Белы саван»

Класіка літоўскай літатаратуры ў перакладзе Сяргея Шупы. Напісаны літоўцам у эміграцыі ў 1958-м годзе, твор гучыць да болю актуальна для беларуса ў эміграцыі ў 2026 годзе. Надзвычай прыгожая і сакавітая мова.

4. Лоўрэнс Рыс «Халакост. Новая гісторыя»

Яшчэ адна кніга пра бясконцыя гістарычныя паралелі з беларускай рэчаіснасцю. Ангельскі гісторык 25 гадоў размаўляў са сведкамі Халакосту і ўдзельнікамі злачынстваў падчас Другой сусветнай вайны, каб паказаць ланцужок падзей, што прывялі да забойстваў мільёнаў людзей.

📕 Instagram «Экслібрыс»