7 кніг ад Аркадзя Несцярэнкі
Журналіст, аўтар праекту «Наше мнение» Аркадзь Несцярэнка — пра 7 абраных кніг.
1. Ігар Бабкоў «Хвілінка» (першая кніга)
Той выпадак калі «Гедройц» быў атрыманы за сапраўды класную кнігу, а не дзякуючы таму, што «чалавек харошы». Гэта вельмі менскі раман, вельмі атмасферны і можна напісаць яшчэ вельмі шмат «вельмі». З аднаго боку, «Хвілінка» пра Беларусь 80-х, але з іншага – яна адначасова і пра Беларусь, якой мы яе памятаем да 2020-га.
2. Wisława Szymborska «Koniec i początek»
Гэтую кнігу можна чытаць нават не ведаючы польскай. Дастаткова ўмець складаць словы, карыстаючыся беларускай лацінкай. Сэнс будзе зразумелы і да болі актуальны. «Po każdej wojnie ktoś musi posprzątać». Тым больш, што «ўсе камеры паехалі ўжо на іншую вайну». Здаецца, мы проста зараз жывем у гэтым вершы.
3. Олександр Бойченко «Гра на выбування»
Серыя кароткіх эсэ для тых, хто яшчэ не стаміўся ад Украіны. Тэксты былі напісаныя недзе на мяжы 2019-2020 гадоў, прынамсі пра гэта сведчыць рэфлексія аўтара пра каранавірус. Пасля прачытання гэтай кнігі я ўсурʼёз задумаўся, што мне трэба паехаць на фестываль паэзіі ў Чарнаўцы, які праходзіць і зараз, нягледзячы на вайну. Так, Бойчанка з Чарнаўцоў і шмат піша не толькі пра агульнаўкраінскія рэчы, але і пра свой горад. Піша так, што тут найлепей падыходзіць прымаўка «каго любіш, таго і чубіш». Ні даць, ні ўзяць — гэта пра яго любоў і да Букавіны, і да Украіны.
4. Алла Горбунова «Конец света, моя любовь»
Калі ты зусім нічога не чакаеш ад сучасных аўтараў, якія пішуць па-расейску, можна адкрыць кнігу Гарбуновай і магчыма здарыцца магія. Паспрабую патлумачыць, што я маю на ўвазе. Пачну здалёк. У адным з вью пісьменнік Тарас Прахаська, адказваючы на пытанне, калі ж зʼявіцца вялікі ўкраінскі раман пра вайну, сказаў: «цалкам магчыма, што вялікі раман пра сучасную расейска-украінскую вайну будзе напісаны на расейскай мове». Вось з кнігай Гарбуновай адчуваеш падобны вайб, ты чытаеш і ў нейкі момант разумееш, чаму Прахаська так сказаў. А кніга Гарбуновай вядома не пра вайну. Яна пра маладосць, каханне і яшчэ раз пра маладосць.
5. Саша Романова «Марцев»
Гэтая кніга з серыі тых, якія бярэш у рукі прабегчы пару старонак, правальваешся ў тэкст, пасля падымаеш галаву і разумееш, што ты прачытаў ужо амаль палову. Скажу шчыра, я не люблю чытаць нонфікшн, але гэтую кнігу лічу пярлінай ва ўласнай бібліятэцы. Кніга пра чалавека, які меў крыніцы інфармацыі паўсюль і манетызаваў гэтыя кантакты па максімуму. Чытаецца, як сапраўдны дэтэктыў, у які цяжка паверыць. Яшчэ цяжэй паверыць у тое, што ўсё напісанае — праўда.
6. Вальжына Морт «Эпідэмія ружаў»
Гэтую кнігу столькі разоў тут апісвалі і рэкамендавалі, што я проста працытую ўрывак з яе. «Мы выраслі ў краіне, дзе спачатку крэйдай крэсляць дзверы і ўночы прыязджаюць дзве-тры машыны і звозяць нас, але ў тых машынах былі не мужчыны з аўтаматамі і не жанчына з касою. Так да нас прыязджала каханне і забірала з сабою». На кнізе побач з аўтографам аўтаркі напісана: «травень, 2017 год».
7. Сергій Жадан «Псалом авіації»
Ідэальная кніга напярэдадні зімы. Думаю, што мы ўсе чакаем новы раман Жадана, але пакуль толькі вершы. Хаця хто гэта вырашыў, што вершы ўсяго «толькі»? Найлепей чытаць у халодным плацкарце цягніка Львоў–Харкаў, лесе ці ў парку на Оболоні, гледзячы на Дняпро, а ззаду будзе графіці з надпісам «Батько Бандера».
Так чекати снігу, ніби кінця війни.
Тепер це твоє світло — тримайся та борони.
Звикай тепер до нього, обійми, обійми.
І лише гілка чорніє серед цієї зими.