5 кніг ад пісьменніка Альгерда Бахарэвіча
Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч рэкамендуе кнігі пра боль і выгнанне, знішчаны Менск і канец рэжымаў.
1. Юля Цімафеева “Motherfield”
Гэта першая кніга беларускай паэткі Юлі Цімафеевай, якая выйшла ў ЗША. Пад адной вокладкай ажываюць самыя розныя стыхіі — голас беларускіх пратэстаў 2020-га (у кнігу ўвайшлі фрагмэнты «Менскага дзёньніка»), маркотны сьпеў зьніклай палескай вёскі, шэпт чалавечай памяці, размовы расьлін, трывожны аповед пра боль і выгнаньне. Дакладныя, важкія, важныя словы ў перакладзе на ангельскую паэтаў Вальжыны Морт і Ханіфа Абдуракіба.
2. Габрыэль Гарсія Маркес «Восень патрыярха» (у перакладзе Сяргея Шупы)
Знакаміты твор Маркеса ў майстэрскім перакладзе на беларускую мову Сяргея Шупы. Раман, які гучыць як вялікая паэма. Шматстаронкавы, складаны, глыбокі і магутны верш, які перакульвае ўсе ўяўленьні пра магчымасьці мастацкай прозы. Твор-выклік, твор-песьня, твор для гурманаў. Сяргей Шупа прапануе прачытаць кнігу такой, якой яе задумаў аўтар: складанай, адметнай і вельмі актуальнай для кожнага, хто мае досьвед жыцьця пры дыктатуры.
3. Вячаслаў Лявіцкі “Long Play”
Зборнік вершаў украінскага паэта і перакладчыка Вячаслава Лявіцкага, вялікага сябра Беларусі, чалавека, які шмат зрабіў для таго, каб пабудаваць масты паміж беларускай і украінскай культурамі. У гэтай кнізе сапраўды шмат музыкі, тонкіх назіраньняў і нечаканых алюзій. А яшчэ... Адзін зь яе герояў — горад Менск. Пабачаны аўтарам з шчырай любоўю і зьдзіўленьнем сапраўднага першаадкрывальніка.
4. Аляксандр Баўноў «Конец режима: как закончились три европейские диктатуры»
У гэтай кнізе падрабязна апісваецца, як скончылі сваё існаваньне тры ганебныя рэжымы: Франка ў Гішпаніі, Салазара ў Партугаліі і грэцкая дыктатура «чорных палкоўнікаў». Аўтар дасьледуе ролю элітаў, вайскоўцаў, інтэлектуалаў — а асабліва тых, хто шмат гадоў падтрымліваў дыктатараў і адчуў неабходнасьць пераменаў. Паралелі відавочныя. Беларускі рэжым набліжаецца да свайго канца — але ці ёсьць у яго шэрагах тыя, хто адчувае, у які тупік завяла краіну іх бяздарная палітыка?
5. Сяргей Абламейка «Невядомы Менск. Гісторыя зьнікненьня»
Аўтар — журналіст Радыё Свабода і гісторык, і ў яго атрымалася расказаць балючую і вельмі цікавую гісторыю пра Горад. Ці мог Менск захаваць сваё гістарычнае аблічча? Якім ён быў да нас? І якім зрабіўся, калі на яго руінах было вырашана пабудаваць новы Горад Сонца? Хто вінаваты ў зьнішчэньні? І што нам рабіць з памяцьцю? У кнізе шмат унікальных здымкаў старога Менску— пахаванага пад шырокімі праспэктамі і плошчамі, але не забытага.