March 15, 2023

6 кніг ад паэткі Крысціны Бандурынай

Паэтка Крысціна Бандурына рэкамендуе паэзію беларускіх, дацкіх, ізраільскіх, ірландскіх паэтак і паэтаў.

1. Йегуда Амихай «Помнить — это разновидность надежды...»

Выбраныя вершы аднаго з самых вядомых ізраільскіх паэтаў. Любоў, вера і міласэрнасць на фоне вайны. Самыя дзіўныя, самыя крохкія дэталі, што чамусьці застаюцца ва ўспамінах пра людзей і час, які, незалежна ад лічбаў на календарах і гадзінніках, аднолькава няўмольны для кожнага.

2. Альгерд Бахарэвіч «Вершы»

Паэзія — найлепшы спосаб адкрыць чалавека. Прынамсі, для мяне. Да «Вершаў» чытач ведаў Альгерда Бахарэвіча як празаіка і публіцыста. Гэтая кніга дае магчымасць убачыць Бахарэвіча-паэта — адкрытага і шчырага з самім сабой і іншымі, неідэальнага і здольнага тонка адчуваць свет. Адзін з лепшых прыкладаў паэтычнага дэбюта.

3. Наста Кудасава «Побач»

Ёсць паэзія, якая пішацца галавой, яна прымушае думаць. Ёсць паэзія, якая ідзе ад сэрца, — яна прымушае адчуваць. Апошнія гады прытупілі ўва мне здольнасць адгукацца, таму я рэдка калі магу цяпер сказаць «Ваў!». Чытаючы кнігу Насты Кудасавай «Побач», я часам забывала дыхаць. Гэта прыгожа і балюча. Гэта пра нас.

4. Ингер Кристенсен «Стихи и эссе»

Рэдка калі рука дацягваецца да тоўстых тамоў паэзіі, але калі дацягваецца — то да чагосьці сапраўды вартага. Вершы дацкай паэткі Інгер Крыстэнсэн на першы погляд могуць падацца халодным і бяздушным наборам слоў.

Спачатку ты рухаешся амаль у поўнай цемры літар, але калі вочы прызвычайваюцца, то становіцца бачным цэлы свет іншага чалавека, у якім шмат жывога і пульсуючага.

5. Сэмюэл Беккет «Кости эха и другие осадки»

Пісьменнік, які найбольш вядомы сваімі п’есамі і які атрымаў Нобелеўскую прэмію за прозу, усё жыццё таксама пісаў вершы — няпростыя, не для ўсіх, поўныя вялікай любові і вялікай безвыходнасці. Яго паэзія — рэдкае спалучэнне сэнсу і пачуцця, якое не адпускае яшчэ доўга пасля прачытання. Мяне не адпускае ніколі.

6. Ганна Комар «Мы вернемся»

Калектыўны партрэт беларусаў, якія вымушаныя былі з’ехаць з краіны, пакідаючы за сабой няпростыя гісторыі, кожная з якіх сама па сабе як асобны фільм. Дакумент часу, які расказвае пра нас — і нам самім, і іншым — і дапамагае больш зразумець глыбіню трагедыі, якая адбываецца з краінай.

🧷 Instagram «Экслібрыс»