10 кніг ад архітэктара Антона Барысаўца
Архітэктар і ўрбаніст Антон Барысавец дзеліцца кнігамі пра дызайн, архітэктуру, гвалт і тое, як нам ва ўсім гэтым жыць.
1. Virginia Tassinari, Eduardo Staszowski «Designing in Dark Times: An Arentdtian Lexicon»
У гэтай кнізе-слоўніку дызайнеры з розных сфер разважаюць над ідэямі Ганны Арэнт у кантэксце сваёй прафесіі. Дызайнеры непасрэдна ўдзельнічаюць у стварэнні аб’ектаў, сярод якіх мы жывем, але ці могуць яны дзейнічаць актыўна, прымаць рашэнні і здзяйсняць учынкі — асабліва ў часы страху і нявызначанасці?
Для Арэнт актыўнае дзеянне пачынаецца з маўлення. Без абмеркаванняў і прасторы, дзе людзі могуць дзяліцца сваімі поглядамі і памкненнямі, дызайнерскія аб’екты — усяго толькі набор разрозненых рэчаў. У такім выпадку дызайн варта разумець найперш як разумовую дзейнасць.
Мысленне для Арэнт — гэта актыўнасць, накіраваная на перамены, «гэта тое, што вы робіце разам з іншымі, у пастаянным дыялогу з імі». Кожны тэрмін у слоўніку адкрывае магчымасць крытычна паглядзець на пэўныя аспекты дызайнерскай практыкі.
2. Slavoj Žižek «Violence»
Гвалт часта ўспрымаецца як нешта раптоўнае, жахлівае, што, здавалася б, увогуле не мае дачынення да свету, у якім мы жывем. Варта крыху пачакаць — і хутка ўсё вернецца ў нармальны стан. Жыжак паказвае, што так можна апісаць толькі суб’ектыўны гвалт — у тым сэнсе, што гвалтаўнікоў лёгка вызначыць. Але гвалт у часы капіталізму цяжка распазнаць: ён амаль заўсёды ананімны (аб’ектыўны) і паходзіць з абстрактнасці эканамічных і палітычных сістэм.
Такім чынам, гвалт — гэта і ёсць нармальнасць: «мяккія формы прымусу, скіраваныя на захаванне адносін дамінавання і эксплуатацыі». Будучы «песімістычным аптымістам», Жыжак прапануе не толькі інструменты для ідэнтыфікацыі гвалту ў сучасным свеце, але і прыклады контргвалту, скіраванага на змены ў гвалтоўнай нармальнасці.
3. Reinhold Martin, Claire Zimmerman «Architecture Against Democracy»
Сёння дэмакратыя часта ўспрымаецца як нешта натуральнае для архітэктурнай практыкі. Супрацьлеглыя тэндэнцыі, калі і ўзнікаюць, лічацца выключэннямі з правіла. Але што, калі архітэктура — гэта зусім не нейтральная практыка ў палітычным кантэксце, а наадварот — эфектыўны інструмент кіравання і прымусу?
Гэты зборнік эсэ даследуе гэтую ідэю праз прыклады з гісторыі архітэктуры апошніх трох стагоддзяў. Аўтары паказваюць складаную сувязь архітэктуры з гегемоніяй, тэхнакратыяй і дэмакратыяй. Апошняя разглядаецца праз прызму ідэй Ганны Арэнт.
Задума зборніка нарадзілася як рэакцыя на падзеі ў Капітоліі ў 2021 годзе, што робіць гэтыя тэксты асабліва актуальнымі для разумення ролі архітэктуры ў сучаснай палітычнай рэчаіснасці.
4. W.G.Sebald «Austerlitz»
Зебальд стварае дэталёвыя партрэты людзей, якім наканавана застацца на задворках гісторыі. Галоўны герой рамана, якога дзіцём вывезлі з Нямеччыны ў 1939 годзе, спрабуе даведацца пра сваё мінулае. Важнае месца займаюць сапраўдныя фотаздымкі аўтара, вакол якіх будуецца аповед і якія ўзмацняюць адчуванне дакументальнасці выдуманай гісторыі.
Праніклівыя фрагменты прымушаюць вяртацца да іх зноў і зноў: імгненнае састарэнне вайсковай архітэктуры, паказное добраўпарадкаванне (beautification) у канцлагеры, пачварнасць грандыёзных будынкаў, перасаджаныя дрэвы ў парку, якія мараць пра сваю радзіму. Гэта вельмі асабістая і кранальная споведзь, якая не баіцца адкрываць вочы на жахі гісторыі цывілізацыі.
Кніга дапамагла мне сфармуляваць пытанне: які прабел у маёй асабістай гісторыі перашкаджае мне стаць самім сабой?
5. Ines Weizman «Architecture and the Paradox of Dissidence»
Галоўная рэдактарка перанесла ідэю палітычнага дысідэнцтва з кантэксту краін усходняга блока XX стагоддзя ў кантэкст сучаснай архітэктуры ў глабальнай рэчаіснасці. Аднак праз дзесяць гадоў становіцца зразумела, што ідэя дысідэнцтва не губляе сваёй актуальнасці нават у першапачатковым значэнні.
Застаецца толькі задаць пытанне: ці магчыма дысідэнцтва ў архітэктуры? Адказаць на яго няпроста — менавіта таму ў назве выкарыстана слова «парадокс». Але галоўнае ў дысідэнцтве — гэта нязгода, і тады варта толькі вызначыцца, да каго або да чаго яе скіраваць.
Прыклады з гэтага зборніка паказваюць, што нават у менш спрыяльныя часы — у складаных эканамічных і палітычных умовах — застаецца прастора для актыўных дзеянняў.
6. Anne Appelbaum «Autocracy, Inc.: The Dictators Who Want to Run the World»
Да пэўнага часу аўтакратыі ўспрымаліся як нешта лакальнае, састарэлае, неэфектыўнае і ўвогуле тое, што не мае падставаў на будучыню.
Але Эн Эплбаўм паказвае, што гэта цалкам сучасная, глабальная і ўсё больш папулярная форма кіравання, а Захад — неад’емны ўдзельнік і саўдзельнік працэсу яе сучаснага станаўлення. Замест таго, каб навешваць ярлыкі на асобныя краіны, яна прапануе звяртаць увагу на «аўтакратычныя паводзіны», што робіць гэтую кнігу яшчэ больш актуальнай у кантэксце падзей у ЗША.
Таксама аўтарка робіць акцэнт на экспертнасці выхадцаў з незаходніх краін, якія ведаюць больш за іншых кошт несвабоды.
7. Viet Thanh Nguyen «The Committed»
Кніга-сіквел ад лаўрэата Пулітцэраўскай прэміі пра мігранта, які ўцёк ад вайны ў В’етнаме ў Парыж, дзе выпадкова стаў гандляром наркотыкаў. Ах так, раней ён быў в’етнамскім шпіёнам у Амерыцы, які пасля вяртання на радзіму і знясільваючых катаванняў ад таварышаў па партыі (і сяброў!) страціў веру ў камунізм. Усё яшчэ нудна?
Тады вось вам ахоўнік у бардэлі, які ў вольны час чытае Фанона. Старонка, цалкам запоўненая фразамі fuck you і thank you, як адказ каланіялізму, які аўтар, дарэчы, параўноўвае з педафіліяй. Разважанні галоўнага героя пра досвед уцекача, рэлігію, нацыяналізм і няўдалую рэвалюцыю. Але акрамя іншага — гэта выдатны экскурс у культуру краіны з няпростым лёсам, якая аказваецца да болю блізкай і знаёмай.
8. Douglas Spencer «The Architecture of Neoliberalism: How Contemporary Architecture Became an Instrument of Control and Compliance»
Магчыма, большасць людзей ведае пра негатыўныя рысы архітэктуры ва ўмовах дыктатуры, з’яўленню якой спрыяюць адзіна правільная лінія партыі, забароны і жорсткая іерархія. Архітэктура неалібералізму будуецца на супрацьлеглым: разнастайнасці выбару, гарызантальнасці і заахвочванні. Але менавіта заахвочванне становіцца новай формай кантролю. Архітэктура выступае як інструмент трэніроўкі ўспрымання для больш умелага кіравання людзьмі.
Крытычны аналіз такіх прыкладаў, як Цэнтр Пампіду ў Парыжы, цэнтральны будынак завода BMW у Лейпцыгу ад бюро Захі Хадзід і вежа СCTV, пабудаваная OMA ў Кітаі, паказвае супярэчлівасць гэтых архітэктурных праектаў. Акрамя таго, гэтая кніга — прыклад сучаснай архітэктурнай крытыкі, якая не баіцца ставіць пад сумнеў самыя папулярныя тэндэнцыі і практыкі.
9. Samuel Beckett «Waiting for Godot»
У даволі дзіўнай гісторыі з дыялогамі, што змяняюць адзін аднаго, і незразумелымі персанажамі, якія з’яўляюцца з ніадкуль і знікаюць у нікуды, можна ўбачыць час, у якім мы жывем: з сінтэтычнымі чат-ботамі, абставінамі, што мала залежаць ад нас, і абсурдам, які мы бачым сваімі вачыма або ў стужцы навін.
Як нагрэтая бетонная сцяна можа нагадаць пра цяпло чалавечага цела, так і паміж радкоў недагавораных рэплік адчуваецца цеплыня — ні то сяброўства, ні то платанічнае каханне паміж галоўнымі героямі. Магчыма, гэта і ёсць тое, што можа ратаваць у моманты, калі ўсе эмоцыі больш немагчыма выказаць словамі. Урэшце, Гадо ж абяцаў прыйсці! Значыць, варта пачакаць і атрымаць асалоду ад моманту чакання.
10. Hwang Bo-Reum «Welcome to the Hyunam-dong Bookshop»
Лёгкі, але поўны мудрасці і чуласці дэбютны раман карэйскай пісьменніцы пра адносіны з працай, які я для сябе акрэсліў як маніфест паўсядзённага самаклопату.
Галоўная гераіня, пасля чарговага выгарання і працяглага перыяду дэпрэсіі, вырашае пакінуць усё і адкрыць уласную кнігарню. Яе пачуцці паступова змяняюцца ад страху і няўпэўненасці да задавальнення ад штодзённай руціны і прыняцця сябе. «Ці дапамагае мне гэтае месца адчуваць сябе лепш? Ці магу я быць цалкам і бескампрамісна сабой? Ці люблю і цаню я сябе тут?» — пытаецца яна. За лёгкім аповедам хаваецца крытыка ідэалогіі працы, а ў наборы дыялогаў на розныя тэмы кожны і кожная знойдуць нешта блізкае для сябе: лепш рабіць тое, што ўмееш, ці тое, што хочаш? У чым розніца паміж шчасцем і задавальненнем? Хто мае права ацэньваць вынікі нашай працы? Гэтая кніга стала вельмі блізкай майму сэрцу і дазволіла паглядзець на ўласны досвед і сказаць: «Ну так, яшчэ шмат чаго трэба зрабіць, але ёсць моманты, за якія я гатовы падзякаваць сабе і іншым за тую кропку, у якой цяпер знаходжуся».