March 14

9 кніг ад Аляксея Барысёнка

Куратар і крытык сучаснага мастацтва Аляксей Барысёнак расказвае пра свае сустрэчы з людзьмі і іх кнігамі за апошні год.

1. Hannah Proctor «Burnout. The Emotional Expirience of Political Defeat»

Хана Проктар напісала кнігу, якая дапаможа справіцца з афектамі тых, хто перажыў паўстанні і пацярпеў паразу. На прыкладзе такіх паняццяў, як выгаранне, знясіленне, дэпрэсія і іншых, яна расказвае пра паражэнцкія досведы рэвалюцый і як адначасова гараваць і змагацца.

2. Ariella Azoulay «Potential History: Unlearning Imperialism»

Гэтая доўгая і ўважлівая кніга, чытанне якой для мяне расцягнулася больш за год, дае падказкі, як глыбока імперыялізм упаяны ў нашы гісторыі і целы. Гэтая кніга — серыя рэпетыцый ва ўяўных забастоўках фатографаў, музеяў і архіваў.

3. Cassandra Troyan «Freedom and Prostitution»

Брутальная, але кранальная энергія тэкстаў Касандры Траян адкрыла для мяне шляхі, як зноў пачаць чытаць вершы. Паэзія, прасякнутая патрыярхальным і паліцэйскім гвалтам супраць жанчын, артыкулюе тонкія пласты памяці, цялесных адносін і таварыстваў.

4. Mauricio Gatti «In The Jungle There Is Much To Do»

Гэтую маленечкую дзіцячую кнігу напісаў уругвайскі анархіст для сваёй маленькай дачкі наўпрост з турэмнай камеры. У ёй ён распавядае пра жывёл, якія паўстаюць супраць паліцэйскай дзяржавы, таксама вядомай як заапарк. У самых далікатных словах і вобразах ён распавядае гісторыю вызвалення і салідарнасці.

5. Carla Bergman, Nick Montgomery «Joyful Militancy: Building Thriving Resistance in Toxic Times»

Яшчэ адна кніга, якую варта прачытаць кожнай, хто займаецца актывізмам і палітычнай працай. Мэтай і метадам па знішчэнню паліцыі і дзяржавы аўтары ставяць радасць. «Каб радасць квітнела, ёй патрэбныя вострыя краі».

6. Sam Dolbear «Hand that Touch This Fortune Will. A History and Theory of Hand Reading after Charlotte Wolff»

Кніга-загадка пра жыццё Шарлоты Вольф, якая тэарэтызавала бісексуальнасць, чытала далоні і фігуравала ў дыяграме першасных сяброўскіх адносін Вальтэра Бен'ямінама. Цудоўна зробленая кніга можа выкарыстоўвацца апроч іншага, як даведнік па хірамантыі і разважанняў пра сяброўства, выгнанне і пачуцці.

7. Tryznas Kefiras

Пакуль я думаў пра тое, як беларускі анарха-панк стаўся прароцкім (проста праверце трэк-ліст альбома Contra la Contra з 2001 г.), я гартаў праз велізарную гісторыю самвыдатаўскіх часопісаў у Беларусі. Адзін з улюбёных Tryznas Kefiras, створаны Сашай і Ленай, быў адной з самых фарматуючых і натхняльных частак майго сталення. Ад асабістых дзённікаў да палітычнай картаграфіі, ад паэзіі да палітыкі.

8. Sophia Giovannitti «Working Girl. On Selling Art and Selling Sex»

Адно з самых бліскучых апавяданняў пра мастацтва і сэкс-працу. Для Сафіі сэкс-праца — гэта не проста праца, а хутчэй адмова ад працы пад капіталістычнай эксплуатацыяй. Прыгожая, кранальная і смелая гісторыя пра тое, як утапіць капіталізм ва ўласнай сліне.

9. Valentinas Klimašauskas «Telebodies. Bleeding Subtitles for Postrobotic Scenes»

Акадэмічны фікшн, які распадаецца на фрагменты і ўскладненні даследаванняў і напісання доктарскай дысертацыі. Кніга працякае ў рэальнасць з нашай акадэмічнай і мастацкай працай, палітычным хаосам і творамі мастацтва мінулага стагоддзя.

🧷Instagram «Экслібрыс»