November 11

9 кніг ад аўтарак падкасту «белліт пад піва»

Аўтаркі падкасту «белліт пад піва» Соня, Тоня і Наста Хлеб дзеляцца сваімі ўлюбёнымі кнігамі.

Соня:

1. Кадзуа Ісігура «Там, дзе ў смузе пагоркі»

Гэта раман пра спробу асэнсавання мінулага. Галоўная гераіня эмігруе з Японіі ў Англію, каб даць дачцэ шанец жыць не ў траўмаваным пасляваенным грамадстве. Але сама яна ў думках ўсё яшчэ у Нагасакі, дзе спрабуе зразумець, што з ёй адбывалася, ці магла яна пазбегнуць катастрофы.

2. Мішэль Турнье «Лясны цар»

Спачатку падаецца, што гэта гісторыя пра «монстра», але аўтар сутыкае два сусветы — міфічны і рэальны, не менш жорсткі. У выніку — праз легенды пра забойцу дзяцей аналізуецца праблема станаўлення нацызму.

3. Паэзія Алеся Разанава

Гульні са словамі, незвычайныя гучанні і вобразы. Паэзія для тых, хто падтрымлівае літаратурныя/лінгвістычныя эксперыменты.

Тоня:

4. Герман Гесэ «Стэпавы воўк»

Кніга, якая патрапіла да мяне гадоў у 16 і змяніла шмат у маім жыцці і светаўспрыманні. Дагэтуль лічу яе адной з самых важных і часам перачытваю, каб зноў знайсці ў сабе нешта важнае.

5. Сяргей Казлоў «Вожык у тумане»

Казкі, якія заўсёды даводзяць мяне да слёз. Вожык і яго сябра Медзведзяня вельмі кранальна і па-даросламу даследуюць жыццё вакол, а напрыканцы сустракаюцца са смерцю (што выбівае з мяне самую вялікую колькасць вады).

6. Эліза Ажэшка «Хам»

Твор, пасля якога я зразумела моц белліту і падумала, што гэта трэба папулярызаваць. Яго напісала жанчына, пры гэтым, тут жанчына — галоўная гераіня. І яна жывая: не рахманая, а моцная і яскравая.

Наста Хлеб:

7. Таня Скарынкіна «Райцэнтр»

Кніга, якую я знайшла абсалютна выпадкова, але ўжо па назве й па вокладцы я ведала, што мне спадабаецца, бо я абажаю лакальныя гісторыі з розных мястэчак, і не пашкадавала — чытаецца лёгка, як дыхаецца, і проста поўная захапляльных гісторый!

8. Змітрок Бядуля «Салавей»

Адна з маіх улюбёных кніжак з усіх, што былі ў нашым падкасце, і нягледзячы на тое што яна даволі цяжкая па зместу, яна вельмі добра напісаная і распавядае пра рэчы, пра якія, я лічу, павінен ведаць кожны беларус і не толькі.

9. Джордж Оруэл «Ферма»

Добрая сатыра пра наша жыццё, чытаецца нашмат прасцей, чым «1984» (якая робіць мне фізічна балюча, праз што не магу яе дачытаць ), можна трошкі пасмяяца і трошкі падумаць, цудоўны выбар, каб прачытаць за выходныя ці за вечар.

🧷Instagram «Экслібрыс»