6 кніг ад журналіста Аляксандра Чарнухі
Журналіст, аўтар тэлеграм-канала «Беларуская музыка» і YouTube-канала «Міністэрства сепультуры», аўтар рамана «Свінні» Аляксандр Чарнуха рэкамендуе кнігі пра прыроду фікцыі, Галапагосы і сілу мастацтва.
1. Чынуа Ачэбе «І прыйшло разбурэнне»
Вельмі просты па форме раман нігерыйскага пісьменніка, у якім цудоўна адлюстраванае фатальнае непаразуменне розных цывілізацый і культур. Тое, што падаецца казкай з трагічным фіналам, на самой справе з’яўляецца падмуркам для маштабнай дыскусіі.
2. Курт Вонэгут «Галапагосы»
Не самы папулярны твор Вонэгута, але, бадай, адзін з самых актуальных цяпер. Падчас глабальнай катастрофы турысты з рознымі генетычнымі адхіленнямі трапляюць на Галапагосы з унікальнай флорай і фаўнай. І вось так у чалавецтва (ці ўжо не чалавецтва) нарэшце з’яўляецца магчымасць быць шчаслівымі.
3. Умбэрта Эка «Пражскія могілкі»
Яшчэ адзін вельмі актуальны раман італьянскага чалавека-энцыклапедыі. Тут вельмі крута апісваецца механіка з’яўлення дыпфэйкаў, ці як гэта цяпер называюць. І цікава, што ў мастацкім рамане толькі адзін выдуманы персанаж, праз якога і канструюецца аповед. Калі хочаце зразумець прыроду распаўсюду фікцыі, то гэта ваш найлепшы падручнік.
4. Сайман Шама «Сіла мастацтва»
Зборнік біяграфій вядомых мастакоў напісаны такім чынам, што немагчыма адкласці кнігу. Шама закручвае аналіз шэдэўраў сусветнага мастацтва, біяграфічныя звесткі іх аўтараў і гістарычны кантэкст у класны аповед — ніякіх музейных цётак і пагардлівасці, проста захапляльныя гісторыі для пачаткоўцаў.
5. Сергей Пясецкі «Запіскі афіцэра Чырвонай арміі»
Раней мне падавалася, што гэта гратэск. Цяпер я ўжо не ўпэўнены. Тое, што было сатырай, пераўтварылася ў рэчаіснасць. Пясецкі — чалавек з фантастычным лёсам — вельмі крута апісаў прыроду светаўспрымання савецкага чалавека, якому замест галавы паставілі маленькую торбачку са стосам ідэалагічных клішэ.
6. Ева Вежнавец «Па што ідзеш, воўча?»
Вельмі таленавіты і шчыльны тэкст, у якім на «стометроўцы» адбываецца сапраўдны летапіс пакаленняў. Кніга, якую хочацца перачытваць, каб атрымаць асалоду ад мовы і каб знайсці новыя сэнсы.