January 30

7 кніг ад Цімура Кудзеліча

Пісьменнік, кніжнік і экс-супрацоўнік кнігарні «Маркс» Цімур Кудзеліч выбраў сем кніг пра пошукі сэнсаў, прастору, сакральнае  і горнае.

1. Франсуа Рабле «Гарганцюа і Пантагруэль»

Класічная кніга, якую я вельмі люблю. Я магу чытаць суцэльна яе — заўсёдна вяртацца ў раблезіанскі прыгодніцкі свет. Я магу чытаць яе ўрыўкамі — з алоўкам — зважаць на штодробязь. Гэты тэкст, пэўна ж, я заўсёды трымаю блізка — магу бясконца разбіраць і збіраць яго наноў.

2. Илья Зданевич «Восхождение на Качкар»

Маніфест універсальнасці, дзённік уздымання, апісанне іншага, высокага ўзвышэння, даследаванне горных народаў. Мяне вабіць Ільязд сваёй здольнасцю сакралізаваць і сваёй здольнасцю быць утрапёна-ўсёчацкім.

3. Арно Шмидт «Ничейного отца дети: Трилогия»

Трылогія ў бязмежнай пустэчы пра жыццё да вайны, падчас вайны і пасля вайны. Гэта ручай у тысячу плыняў, тысячы асобных абзацаў на асобных картках. У гэтых тэкстах мне, вядома, найважней фармальная арганізацыя, пуантылісцкі стыль, сінтаксіс — гэта ўсё значна на мяне паўплывала.

4. Сэмюэль Беккет «Уотт»

Раман засваення і засвойвання непадуладнага свету. Гэта: спроба даць усяму імя; камень у капялюш; купэ, што ўдаецца вольным; сутыкненне цыбулі з карамеллю; бог з другога паверху. Бэкет — адзін з самых блізкіх мне аўтараў — падчас вайны пісаў гэтую кнігу ў пошуку сэнсаў. Пісаў падчас вайны гэтую перагружаную кнігу пра служку містара Уота і гаспадара містара Нота.

5. Фланн О'Брайен «У Плыли-Две-Птицы»

Абы не пісаць пра «Уліса». Мне вельмі важная ірландская проза — я з ёй расту, адчуваю сваяцтва — чытайце. «У-плылі дзве птушкі» — узор працы з прасторай, пацешная кніжка.

6. Мойшэ Кульбак «Зельманцы»

Гэта былы габрэйскі падворак на месцы фабрыкі «Камунарка». Па ім заўсёды сноўдаюцца, ён цалкасоднева рыпіць рыпаннем, голасам і кашлем шматлікіх жыхароў. Гэта ўзор мадэрнісцкага эпасу, гэта вельмі высока і так хораша — так блізка.

7. Алесь Гародня «Варта на Рэйне»

Авангардная аповесць пра Першую сусветную вайну. Калісьці я вельмі натхніўся гэтай кнігай: шалёным стылем апісання страшэнных падзеяў, оптыкай, адрознай ад пануючай у тагачаснай літаратуры. Гэта вельмі важна для мяне і цяпер.

🧷Instagram «Экслібрыс»