13 кніг ад Дар'і Сліж
FinTech прадукт-лідарка, ментарка Women in Tech, трыятлетка, чытачка Дар’я Сліж дзеліцца кнігамі пра ідэнтычнасць, уладу, антычнасць і Вільню.
1. Гамэр «Іліяда»
Пачну з пачатку кніг заходняга свету, у якім я жыву і чые каштоўнасці падзяляю. Чалавечыя ідэі нараджаюцца дзесьці там, у глыбіні вякоў: яны змяняюцца, напаўняюцца, пераасэнсоўваюцца — але ўсё роўна трымаюцца і жывуць на падмурку продкаў.
Немагчыма гаварыць пра кнігі і культуру сучаснага грамадства, не закранаючы прагісторыю і архетыпы, закладзеныя Гамэрам. Доўга вагалася, што параіць — «Іліяду» ці «Адысею». Не выбрала. Пакідаю выбар вам.
«Іліяда» — гэта пачатак і крыніца. Гэта базавыя, хтанічныя сюжэты, на якіх напісана і да якіх апелюе большасць твораў еўрапейскай літаратуры.
Нядаўна ў беларускім перакладзе Лявона Баршчэўскага выйшла «Іліяда» — і гэта сапраўднае свята моўнага багацця. Бліскучашаломны Гектар, шпарканогі Ахіл, непахісны Дыямед, скаланальнік зямлі Пасэйдон, трапнастрэльны Фэб…
Галоўнае — прачытаць «спіс караблёў» да канца, а далей усё ідзе значна лягчэй. Паразважайце пра матывацыі галоўных герояў і іх каштоўнасці, пра ролю багоў у чалавечым лёсе. Гэтае пытанне мы абмяркоўвалі гадзінамі з сябрамі, з якімі чытаем разам.
2. Гамэр «Адысея»
За доўгі шлях вяртання дадому да сябе праз шэраг хібных вяртанняў і страту ўсяго. Хіба гэта не метафара жыцця?
Адпраўляючыся на Ітаку, маліся,
бо яна — мэта твайго падарожжа.
лепш дазволь расцягнуцца на гады,
каб дасягнуць вострава ў старасці,
узбагачанай досведам вандровак,
не чакаючы ад Ітакі ніякіх цудаў…
Ты не зможаш вярнуцца, пакуль не адправішся ў дарогу. Але Пенелопай я б быць не хацела. Мару аднойчы асіліць абодва тэксты ў арыгінале. У абедзвюх кнігах асабліва цікава сачыць за разуменнем этыкі таго часу і задацца пытаннем: дык чыя ж віна ва ўсім гэтым — людзей ці багоў?
3. Платон «Пір»
Платон, як і Гамэр, гэта базавы мінімум. Гэта як навучыцца размаўляць і хадзіць. Гэта аснова сучаснай чалавечай думкі і кнігі, з якіх шмат у чым фармавалася хрысціянства, якое, дарэчы, нямала ў Платона «пазычыла». Платона чытаюць і абмяркоўваюць у элітных інтэлектуальных і палітычных клубах свету і сёння. Платон пастаянна каментуе Гамэра, спрачаецца з ім і крытыкуе яго. Менавіта ў гэтым дыялогу і нараджаецца заходняя філасофская традыцыя.
Калі выбіраць адзін тэкст Платона, гэта быў бы «Пір» — вельмі прыемны і мяккі пачатак знаёмства з Платонам.
Класічны па форме дыялог пра любоў. Пра ідэі, што ляглі ў аснову разумення любові ў заходнім свеце: пра «паловы», пра любоў гомасексуальную і гетэрасексуальную, пра любоў нябесную і пошлую — і, галоўнае, пра саму ідэю любові як філасофскую катэгорыю. Гэта адзін з фундаментаў заходняй думкі.
Асабліва важна для мяне і тое, што гэта адзін з нешматлікіх антычных тэкстаў, дзе настаўніцай самога Сакрата названая жанчына — Дыятыма — рэдкі выпадак у гістарычнай літаратуры, дзе мне, як жанчыне, звычайна адводзіцца роля маўклівай прысутнасці або атрымальніцы аплявух.
Чытаць Платона варта павольна. Вазьміце філіжанку гарбаты і чытайце па некалькі старонак у дзень, з увагай, з паўзамі і з унутраным дыялогам з Платонам.
Мару аднойчы прачытаць «Пір» у арыгінале.
4. Ray Dalio «Principles: Life and Work»
Гэта мая жыццёвая і працоўная Біблія.
Я знайшла ў гэтай кнізе дзіўную колькасць адказаў на пытанні, з якімі жыла гадамі. Гэта мой настольны ментар. Гэтую кнігу варта чытаць і перачытваць. І выключна ў арыгінале па-ангельску. Яна пра мысленне, прыняцце рашэнняў, адказнасць і яснасць — як у працы, так і ў жыцці.
5. Sheryl Sandberg «Lean In»
Як феміністка, я свядома шукаю кнігі, якія дапамагаюць мне адчуваць сябе больш упэўнена ў гэтым маскулінным свеце. І сама аўтарка, і гэтая кніга — мае ролевыя мадэлі. Чытаць — і хлопцам, і дзяўчынам.
Гэта кніга пра тое, што больш жанчын павінны сядзець за сталом прыняцця рашэнняў — і тады свет у цэлым стане лепшым. Пра амбіцыі, пра голас, пра прысутнасць і пра права быць там, дзе вырашаецца будучыня.
Яшчэ гэта кніга пра выбар, якога не павінна існаваць: не або шчаслівая сям’я, або кар’ера — а і тое, і другое. Менавіта паўната гэтых частак, а не іх узаемнае выключэнне, вядзе да больш шчаслівага і цэласнага жыцця. Чытаць у арыгінале. Перачытваць — раз на год.
6. Уладзімер Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім»
«Галоўны беларускі тэкст ХХ стагоддзя». Тэкст, выключаны з абавязковай школьнай праграмы беларускай літаратуры ў Беларусі. На Кніжным возе нядаўна выйшла аўдыякніга — без савецкай цэнзуры. І гэта сапраўдны скарб. Я слухаю яе і атрымліваю асалоду ад кожнай хвіліны.
Караткевіч сфармаваў маю беларускую ідэнтычнасць гадоў у пятнаццаць. І з таго часу я перачытваю «Каласы» прыкладна кожныя пяць гадоў. І кожны раз мне робіцца добра, і ўва мне жыве надзея на светлую будучыню.
Алесь Загорскі — маё кніжнае каханне, мой прынц на белым кані, для якога годнасць і свабода не падлягаюць гандлю. Гэта тэкст, які трымае. Які вяртае ў мову, у гісторыю, у гонар. Некаторыя цытаты я ўжо ведаю на памяць.
7. Уладзімер Някляеў «Гэй Бэн Гіном»
Я закахалася ва ўсе тэксты Някляева, да якіх паспела дабрацца. Але тут, мабыць, хачу асобна згадаць «Гэй Бэн Гіном».
Гэта сапраўдны эпас пра Беларусь і беларусаў. Пра лёс краіны і пра лёсы тых, хто нёс на сабе яе слова і боль. У прыватнасці пра Янку Купалу і таямніцу яго смерці.
«Ёсць людзі, якія бачаць дарогу толькі тады, калі іх па ёй вядуць — прамовіў у ранішнім сне Хрыстос, і падумалася: „А ён сам выбраў дарогу, ці пайшоў па той, па якой павялі?..“
Прачнуўшыся з гэтым ранішнім сном, Іван Луцэвіч […] выправіўся ў Саюз савецкіх пісьменнікаў, каб паглядзець, як там яго будуць хаваць, бо тры дні таму, 28 чэрвеня 1942 года, вечарам у нядзелю, яго не стала».
8. Рычардас Гавяліс «Віленскі покер»
Як жыхарка Вільні, я адчуваю абавязак пазнаёміць вас з літоўскай літаратурай. Праз яе я спрабую зразумець краіну, у якой жыву. І, прачытаўшы пяць-шэсць літоўскіх кніг, магу сказаць: такой безнадзейнай, глухой тугі я не адчувала ні ў адной іншай нацыянальнай літаратуры. Гэта адчуванне доўга не адпускае.
Я вагалася паміж «Тулай» Кунчынаса і «Віленскім покерам», і ўсё ж раю другую. Асцярожна: кніга даецца няпроста і не з першага разу. Але гэта надзвычай прыгожы постмадэрнізм. І літоўская літаратура безумоўна вартая таго, каб вы з ёй пазнаёміліся.
Адзінота і самота позніх 1980-х у Вільні — вачыма некалькіх герояў. Эстэтычна. Містычна. Эратычна. Запасіцеся цярпеннем і дайце тэксту 50–70 старонак, каб раскрыцца. Гэта сапраўдны шэдэўр.
9. Кнігі Сашы Філіпенкі
Калі вы яшчэ нічога ў яго не чыталі, пачніце з «Былога сына». Калі ўжо нешта чыталі, але не паспелі, «Слана». Але, шчыра, лепш прачытаць усё. Я шмат плакала над яго кнiгамi.
10. Джонатан Литтелл «Благоволительницы»
Гэта кніга, якую, магчыма, варта было б забараніць — як «Mein Kampf». І менавіта таму яе трэба чытаць. Страшная, манументальная кніга пра Другую сусветную вайну, напісаная ад імя афіцэра СС. Страшная тым, што ў нейкі момант ты пачынаеш разумець, а часам і суперажываць.
11. Сяргей Дубавец «Занзібар»
Лаўрэат Прэміі Ежы Гедройця ў 2025-м. Тэксты Дубаўца — пра вяртанне і пошук сябе, сваіх каранёў і сэнсаў. Для мяне гэтая кніга завяршае і ўмацоўвае маю беларускую ідэнтычнасць. Яна дазваляе ўбачыць вялікі шлях, які мы — як нацыя — прайшлі за апошнія сто гадоў.
12. Югася Каляда «Перамена месцаў»
Мой персанальны №1 Прэміі Гедройця ў гэтым годзе. Неверагодна пявучая і багатая мова. 2017 год — як прадчуванне 2020-га.
Асаблівая каштоўнасць — жаночыя гераіні. Іх у беларускай літаратуры ўсё яшчэ мала. І тым больш важна, што з імі хочацца сябе атаясамліваць. І ўвогуле: у «Пфляўмбаўм» шмат моцных кніг — варта прыгледзецца ўважліва.
13. Шчэпан Твардах «Нуль»
Беларускі пераклад выйшаў у 2025 годзе ў выдавецтве Янушкевіч. Кніга пачынаецца словамі Фетыды з «Ілліяды» пра два шляхі: вечную славу і гібель або спакойнае жыццё ў бясслаўі. Гэта жорсткая кніга пра вайну ва Украіне. Твардах у «Нулі» — на вышыні.
Ён размаўляе з табой на «ты» праз вусны паляка з украінскімі каранямі, які прыехаў ваяваць за краіну, якую не любіць, але не можа прыняць умовы Расеі ў гэтай поўнамаштабнай вайне. Шмат герояў. Іх матывацыі. Іх жыццё. Іх смерці. І, канешне, каханне.
Гэта неверагодна шчырая і багатая кніга. «Нуль» пачынаецца словамі «Нам піздзец» — і працягваецца так да апошняга ўздыху. І пры гэтым гэта кніга пра надзею: Спарта ўсё ж прыйшла на дапамогу меласцам, і афіняне не забілі ўсіх мужчын.
Я праглынула яе за пару гадзін у самалёце. І, канешне, плакала.