October 11, 2023

9 кніг ад паэткі Дашы Бялькевіч

Паэтка і арт-менеджарка Даша Бялькeвіч рэкамендуе паэтычнае, класічнае і дзённікавае.

1. Джэром Дэвід Сэлінджэр «Фрэні і Зуі»

На маю думку, недаацэненая аповесць аўтара, асабліва на фоне «The Catcher in the Rye».

Гэта драматычная сямейная сага, у цэнтры сюжэта якой — сям'я Гласаў, дзе выхоўваюць дзяцей-вундэркіндаў. Яны ўдзельнічаюць у інтэлектуальнай перадачы на радыё і ведаюць адказы на вузкаспецыялізаваныя пытанні. Але калі дзеці вырастаюць, перад імі паўстаюць складаныя пытанні жыцця, адказаў на якія няма ў кнігах і даведніках. У творы апавядаецца, як героі спраўляюцца (ці не спраўляюцца) з цяжкасцямі лёсу. Мару прачытаць гэтую кнігу ў беларускім перакладзе.

2. Cia Rinne «L’usage du mot»

Зборнік вершаў, які аўтарка піша адразу на некалькіх мовах. Яна дэканструюе звыклыя будынкі моў, і з гэтай цэглы будуе новую лінгвістычную і сэнсавую рэальнасць. Неабавязкова дасканала ведаць мовы, каб зразумець вершы, хаця, некаторыя я чытала са слоўнікам, але тым больш каштоўнымі былі мае адкрыцці сэнсаў.

3. Ева Вайтоўская «Гарэзлівы пацалунак»

Раман пра школьнікаў, напісаны на аснове мангі, але ў беларускай рэчаіснасці.

Добры варыянт збегчы ад рэчаіснасці ў свет падлеткаў, паперажываць разам з імі і панастальгаваць па сваіх школьных часах. Чытаецца вельмі лёгка, а аўтарка ўжо анансавала другую частку раману, якая выйдзе неўзабаве.

4. Джэйн Остэн «Пыха і перадузятасць»

Класіка, якая ніколі мне не надакучыць. Прыгожая эпоха, дасціпныя жарты і неверагодныя гісторыі кахання. Раман нагадвае, што намеры і ўчынкі людзей могуць быць зусім не тым, чым яны падаюцца на першы погляд. Кніга ёсць і ў беларускім перакладзе Ганны Янкуты.

5. Анка Упала «На заснежаны востраў»

Аўтабіяграфічны раман, у якім апісваецца час, калі аўтарка жыла ў Швецыі. Кніга паказвае, што для ўсіх людзей, не зважаючы на нацыянальнасць, узрост, пол, гендар, — каштоўныя чалавечая спагада, увага і цёплыя стасункі. Раман пра тое, што насамрэч, нягледзячы на ўсе адрозненні, нас аб'ядноўвае нашмат больш, чым мы самі можам уявіць. А яшчэ ў кнізе шмат рэфлексіі, самакапання, момантамі «самазакопвання», я такое вельмі люблю. Шчыра раю кнігу, яна ёсць у аўдыёверсіі на Soundcloud.

6. Adam Kay «This is Going to Hurt»

Нон-фікшн пра маладога брытанскага ўрача. Вясёлыя і сумныя гісторыі з практыкі, у якіх апісваюцца ўзаемаадносіны ўрачоў з пацыентамі і з брытанскай бальнічнай сістэмай, а таксама, як прафесія доктара ўплывае на асабістае жыццё.

7. Отфрыд Пройслер «Крабат. Легенда чорнага млына»

Файная казка пра сяброўства, каханне і кошт магічных здольнасцяў, напісаная на аснове фальклору лужычан.

Хлопчык Крабат вырашае ўладкавацца на працу на млын. Але з цягам часу разумее, што гэта не проста млын, ён і ягоныя працаўнікі маюць шмат загадак і таямніц. Крабату прыйдзецца супрацьстаяць злу і змагацца за справядлівасць.

Кніга ёсць у беларускім перакладзе Сяргея Матыркі.

8. Барыс Пятровіч «Ідзі адзін»

«Ідзі адзін» — зборнік дзённікавых запісаў і нататак, зробленых у студзені 1993 года.

Аўтар кожны дзень запісваў падзеі з жыцця, думкі, жарты, фантасмагарычныя замалёўкі. Ён нічога не змяніў па змесце, творы апублікаваныя ў першапачатковым выглядзе. То бок, мы маем чыстае адлюстраванне таго часу і можам прасачыць, што змянілася за 30 год, а ў чым мы захраслі і ўсё ніяк не зрушым. У нататках за 30 студзеня (як на злосць, у мой дзень нараджэння) ёсць тэкст, які я хацела б заклеіць ці ўвогуле ніколі не чытаць. І калі б Барыс Пятровіч вырашыў рэдагаваць рукапіс, мяркую, гэтага тэксту там не было б. У астатнім кніга мне спадабалася.

9. Паўль Цэлан «Выбраныя вершы»

Паўль Цэлан — адзін з самых значных нямецкамоўных паэтаў 20 стагоддзя. Яго медытатыўная паэзія адлюстроўвае рэфлексію пасляваеннага часу і пражыванне досведу Халакосту. Для мяне гэта цяжкія, вязкія вершы, але неабходныя для прачытання і ўсведамлення.

Раю чытаць гэтую кнігу ў некалькі падыходаў, каб былі перапынкі эмацыйна адпачыць. Зборнік складаецца з твораў з пяці прыжыццёвых кніг аўтара, на беларускую мову вершы пераклала Юлія Цімафеева @cimafiejeva.

🧷Instagram «Экслібрыс»