September 23

7 кніг ад Аляксандры Дварэцкай

Менеджарка літаратурных праектаў і bookworm Аляксандра Дварэцкая дзеліцца кнігамі, якія пакінулі след.

1. Хуліа Картасар «Гульня ў класікі»

Вуліцы, двары і аркі Парыжа, акварыюмы, якія пераліваюцца ў промнях сонца на набярэжнай Межысеры, прыцемкі кабакоў, матэ, адмыслова перададзенае Арасія братам з Аргентыны, занядбаны пакой-майстэрня ў Лацінскім квартале, танная водка і цыгарэты, і доўгія павольныя размовы ўдзельнікаў «Клуба Змяі» пра мастацтва, жыццё тут і цяпер, і тое мінулае жыццё, якое было да эміграцыі. Зялёныя свечкі даюць цьмянае святло, скрыпіць іголка па плытцы, Бэсі Сміт спявае Empty Bed Blues. Беспарадак не дапаможа вярнуць здаровы розум, унутры ўсё ўжо даўно не на сваіх месцах, сабраць дом па кавалках немагчыма. І ўсё ж — «пасярод часу, які, нібы флюгер, гатовы закруціцца ад любога ветру, чалавек дыхае поўнымі грудзямі, адчуваючы, што сузіранне ўсяго беспарадку, што яго акружае, і ёсць жыццё, да вар’яцтва напоўненае», хаця Арасія і запытвае сябе, ці мае сэнс хоць штосьці з усяго гэтага.

2. «Горад на гары. Анталёгія літоўскай паэзіі».

Укладальнік — Ціхан Чарнякевіч. Праект Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў

Зборнік твораў сучасных літоўскіх паэтаў і паэтак у перакладах на беларускую мову вядучымі беларускімі перакладчыкамі і перакладчыцамі. Вядома, кніга дае добрую магчымасць пазнаёміцца з лепшымі прыкладамі сучаснай паэзіі Літвы, але не толькі. Для мяне асабіста гэта такі вельмі патрэбны пазл для агульнай карціны разумення сучаснай Літвы. Магчымасць даведацца, чым жыве краіна, што радуе і засмучае яе жыхароў, з першых вуснаў мясцовых. Вельмі раю для чытання, асабліва тым, хто хоча даведацца болей пра краіну і скласці сваё асабістае ўражанне пра Літву.

3. Катрына Зіле «Лю́быя косці»

(у перакладзе Сюзанны Паўкштела)

Яшчэ адзін твор сучаснай літоўскай літаратуры, у якім распавядаецца пра жыццё ў звычайным віленскім спальніку ў вымышленым аўтаркай, але вельмі арганічным сусвеце. Тут у кватэрах, разам з жыхарамі, жывуць куры і козы, а пакой каханага запоўнены пчалінымі вуллямі, маленькія пастушкі пасвяць кароў за тралейбусным прыпынкам, а апошнія наведвальніцы лазні — лаймы, таму, каб не патрапіцца ім на вочы, трэба абавязкова паспець памыцца да іх прыходу. У творы шмат пяшчоты, цеплыні, жыццёвай магіі, цялеснасці і любові.

4. Крысціна Сабаляўскайце «Silva rerum»

(у перакладзе з літоўскай Сяргея Шупы)

Вялікая віленская сага роду Нарвойшаў, падзеі якой адбываюцца ў XVII – XVIII ст., напісаная доктаркай мастацтвазнаўства Крысцінай Сабаляўскайце. Цыкл гістарычных раманаў — адна з самых значных падзеяў у літоўскай літаратуры апошніх дзесяцігоддзяў. Я збіралася для знаёмства з творам прачытаць толькі першы том, але чытво мяне так захапіла, што я глытала наступныя кнігі, як толькі яны да мяне траплялі. Тут усё — яскравыя постаці, дынамічны сюжэт, гістарычныя падзеі і шыкоўнае апісанне паўсядзённага жыцця тых часоў. З цікавых фактаў — у кнізе няма дыялогаў, каб чытач сам адчуваў мову той ці іншай размовы ў тагачасным шматмоўі, а сама Крысціна Сабалеўскайце — прадстаўніца роду Нарвойшаў.

5. Антанас Шкема «Белы саван»

(у перакладзе Сяргея Шупы)

Літоўскі, складаны, эмігранцкі, пра ідэнтычнасць і карані без пафасу. Гісторыя лёсу галоўнага героя кнігі Антанаса Гаршвы і самога аўтара, які стаў сведкам і ўдзельнікам глабальных зменаў у свеце і рэгіёне — нараджэнне ў Расійскай Імперыі, пасля жыццё ў незалежнай Літве, у 1944-м — пераезд на Захад, жыццё ў лагерах для перамешчаных асобаў у Германіі, эміграцыя ў ЗША. Бонусам у кнізе ідзе магчымасць «пагуляць» па Коўне міжваеннага часу, які на той час быў сталіцай незалежнай Літоўскай Рэспублікі, і ў якім прайшло дзяцінства Антанаса.

6. Генры Мілер «Калос Марусійскі»

Амерыканскі пісьменнік, вядомы сваімі скандальнымі на той час інтэлектуальна-эратычнымі раманамі, пражыўшы пэўны час у Парыжы, упершыню наведвае сябра — брытанскага пісьменніка і паэта Лорэнса Дарэла, які жыве ў Грэцыі. Мілер у захапленні апісвае прыгажосць наваколляў і мясцовых жыхароў, якіх ён сустракае на сваім шляху. Кніга напоўненая святлом, павагай, вельмі беражлівым і пяшчотным стаўленнем да старажытнай краіны, яе народа і гісторыі. Вандроўку азмрочвае той факт, што на двары 1940 год, і праз некалькі месяцаў Каралеўства Грэцыя ўступіць у Другую сусветную вайну, калі італьянская армія пачне ўварванне з Албаніі. Аўтар адчувае подых вайны і разумее яе непазбежнасць, але імкнецца як мага болей пабыць шчаслівым у мірнай Грэцыі, насалодзіцца яе прыгажосцю і часам, які больш ніколі не паўтарыцца.

7.  Міхал Анемпадыстаў «Колер Беларусі»

Цудоўная кніга і фотаальбом пра Беларусь і яе колер ад мастака, паэта і культуролага Міхала Анемпадыстава. У выданні аўтар распавядае пра гісторыю паходжання, гістарычныя працэсы здабычы, сферы ўжывання, сэнсы і культуру асноўных колераў нашага рэгіёна — чорнага, белага, чырвонага, сіняга і блакітнага, залатога, шэрага і зялёнага. Значная частка выдання — фотаальбом з прыкладамі каларыстыкі паўсядзённага жыцця, дойлідства, рэлігіі, мастацкай творчасці і наваколля. Прыгажосць вялікага і драбнюткіх дэталяў, відавочныя і схаваныя сэнсы, нацыянальны стыль агулам. Бо культура ёсць несупынная эвалюцыя і пераемнасць, вынік усяго, што было раней. Таму і каларыстыка, цытуючы самога Міхала Анемпадыства, — «зручная опцыя дзеля вывучэння ўласнай культурнай традыцыі і нацыянальнага стылю. Хаця б таму, што колер у розных вымярэннях прысутнічае ва ўсіх сферах чалавечай мыследзейнасці».

📕 Instagram «Экслібрыс»