9 кніг ад Дзіяны Пінчук
Праваабаронца «Вясны» Дзіяна Пінчук дзеліцца кнігамі, у якіх ДНК беларусаў, нерв і нацыянальная траўма, а таксама тэкстамі Жадана.
1. Міхась Раманюк «Беларускія народныя крыжы»
Манаграфію я набыла гэтай восенню перад «Дзядамі» (сімвалічна). Выдаткавала апошнія грошы на яе, але мне было важна, каб яна прыехала да мяне з Беларусі. Мне вельмі хацелася хоць так дакрануцца да этнакультурнай прасторы маёй краіны.
Напэўна, гэта самая каштоўная і дарагая сэрцу кніга ў маёй бібліятэчцы. Матэрыял да яе выбітны Міхась Раманюк збіраў на працягу 25 гадоў вандровак па ўсёй Беларусі і даследаванняў. А цяпер я тут у руках трымаю надзвычай атмасферную кнігу з трыма сотнямі ўнікальных фотаздымкаў і каштоўнай інфармацыяй, якая заняла сваё важнае месца ў гісторыі народнага мастацтва Беларусі. Магічна.
2. Сяргей Грунтоў «Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове ХІХ — пачатку ХХІ ст.»
Гэта вельмі важная кніга не толькі для гісторыі беларускай фатаграфіі, а таксама для дакументалістыкі. У кнізе аўтар шмат разважае пра тое, як фатаграфія можа ствараць культуру памяці і прыводзіць прыклады на розных відах фатаграфіі. Не шмат беларускіх даследчыкаў цікавіліся пахавальнай фатаграфіяй, надмагільнымі фотаздымкамі, а таксама архіўнымі фотаздымкамі для дакументаў — для мяне гэта вельмі каштоўная інфармацыя.
Гэта кніга натхніла нават мяне на дакументальны фотапраект у працы. Але яна таксама будзе вельмі карыснай у тым ліку для тых, хто хоча больш дазнацца пра свае карані, род і традыцыі сваёй сям'і праз архіўныя фотаздымкі, і зразумець іх.
3. Мікола Дзядок «Фарбы паралельнага свету»
Мікола Дзядок — двойчы палітвязень з пяцігадовым тэрмінам зняволення. Ён утрымліваецца за кратамі з 2020 года. У «Фарбах паралельнага свету» Мікола распавёў пра свой першы досвед зняволення ў чатырох турмах і трох калоніях.
Кнігу Мікола прэзентаваў у 2017 годзе — праз тры гады для многіх з нас, свет за кратамі стане не паралельным светам, а нашай рэчаіснасцю. І літаральна, і фігуральна. У нашым паралельным//рэальным свеце мы мусім перачытаць усю беларускую турэмную літаратуру, што ў нас ёсць. Адзін з былых палітвязняў, які адбыў увесь тэрмін за ўдзел у Маршах, сказаў (і гэта лепшы водгук на кнігу і падзяка Міколу):
«Я, напрыклад, падрыхтаваўся да арышту, бо ведаў, у якой краіне жыву. Тут няма ніякіх гарантыяў, што ты не апынешся ў турме. Таму варта ведаць, як паводзіць сябе са следчымі, што казаць, а што не. У гэтым мне дапамаглі ўспаміны былых палітвязняў, напрыклад, Міколы Дзядка. Але шмат прыходзіць непадрыхтаваных».
4. Францішак Аляхновіч «У капцюрох ГПУ»
Гэта шчырая аўтабіяграфічная аповесць беларускага драматурга і тэатразнаўца Францішка Аляхновіча па вяртанні ў БССР. Дзякуючы шчыраму і смеламу аповеду рэпрэсаванага беларуса ў сталінскія часы, цяпер лягчэй зразумець карную сістэму Беларусі, якая існуе ў нас цяпер.
5. Ігар Аліневіч «Еду ў Магадан»
Ігар Аліневіч таксама двойчы палітвязень. Першы раз анархіста асудзілі ў 2011 годзе да 8 гадоў калоніі, цяпер — да 20. Рукапіс дзённіка, напісаны ў СІЗА КДБ («Амерыканцы»), Ігар Аліневіч здолеў перадаць на волю, і ў сакавіку 2013 года выйшла кніга «Еду ў Магадан».
Аліневіч з гэтай кнігай сімвалічна стаў першым лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча. З 2020 года праз «Амерыканку» прайшлі дзясяткі зняволеных па гучных палітычных справах.
У кнізе «Еду ў Магадан» Ігар распавядае не толькі пра ўмовы ўтрымання, спосабы ціску камітэтчыкаў, узгадвае сукамернікаў (некаторых можна сустрэць у дзейсным спісе палітвязняў), а таксама дзеліцца самым сакральным, будучы яшчэ ў зняволенні: перажываннямі, страхамі і сваімі думкамі.
6. Максім Знак «Зэкамерон»
Гэта дакументальны раман палітзняволенага адваката Максіма Знака, асуджанага да 10 гадоў калоніі. Праз кароткія навелы можна ўявіць штодзённасць людзей у цэнтры Менску там, дзе лямпачка не гасне, — на «Валадарцы», праз якую па палітычных матывах у апошнія гады прайшлі сотні людзей. Чытаць гэты раман і дзяліцца з іншымі, пакуль Максім утрымліваецца ў зняволенні, — гэта таксама адзін са спосабаў быць салідарным з ім.
«Запрасіў бы цябе ў сваю хату,
Толькі ты не прыходзь: тут нядрэнна,
Быццам іх наагуул тут не было».
*А тлумачальны слоўнік да кнігі — як настольная кніга кожнага_й беларуса_кі.
7. Ларыса Геніюш «Споведзь»
Шчырая размова з намі, і ў першую чаргу з сабой, эмігранткі і рэпрэсаванай жанчыны, якая за любоў да Беларусі прайшла жудасныя этапы і сталінскія лагеры смерці. Перажы(ва)ўшы жахлівае, яна заста(ва)лася адданай Бацькаўшчыне, бясконца ўлюблёнай у свой родны край і людзей сваёй зямлі.
Я перачытвала гэтую кнігу вясной 2023 года пасля суду над праваабаронцамі «Вясны», у выніку якога ім прызначылі драконаўскія тэрміны. Мне гэта кніга дапамагла перажыць гэты складаны этап, не расчаравацца ва ўсім і працягваць свой шлях гэтак жа ўпэўнена.
Гэтая паэтка і яе стаўленне да жыцця ў часы сталінскіх рэпрэсій — вялікі прыклад для мяне цяпер. У Ларысе я ўбачыла сябе, сваіх калег і блізкіх — часам яе словы трансляваліся як унутраны дыялог ці мільгалі сюжэтамі з сучаснай Беларусі.
«Так, як вы яўляецеся міністрам беларускай дзяржавы, дык гаварэця па-беларуску!»
8. Міхась Стральцоў «Сена на асфальце»
Гэта мой любімы аповед Стральцова, пяшчотную любоў да якога я захоўваю яшчэ са школы, дзе і пазнаёмілася з ім. Гэта невялічкі твор у выглядзе лістоў, якія пахнуць сенам і вясковым полем.
Для мяне заўсёды існаваў выклік сумяшчэння любові да вёскі і гораду, і тут я знаходжу адказы. І не толькі на гэтае пытанне. У складаныя часы я перачытваю «Сена на асфальце», каб нагадаць сабе пра тое чалавечае ў кожнай і кожным з нас: пра тое, што кожны чалавек мае вялікую патрэбу ў шчырасці і дабрыні, у каханні і сяброўстве, у падтрымцы і пяшчоце. Калі памятаць пра гэта ўвесь час, то ў нашыя цёмныя часы жыць робіцца крыху лягчэй.
9. Сергій Жадан «Динамо Харків», вибрані вірші, (6-е видання)
Гэтую кнігу набыла летам 2021 года ў Кіеве. Падчас пачатку паўнамаштабнай вайны яна засталася ў кватэры каля Хрэшчатыку. Калі ў мяне запыталі, што з маіх рэчаў забраць і перадаць, я папрасіла толькі гэтую кнігу. Да мяне яна вярнулася летам 2022 года. У ёй быў засушаны каласок з гор Карпат і шмат пазнак у кнізе з розных мясцін Украіны, дзе я яе чытала.
Гэта вельмі каштоўная кніга для мяне як праз гэтую гісторыю, так і праз магчымасць дакрануцца да самага патаемнага ва Украіне і да асабістых успамінаў адтуль.