February 22

3 кнігі ад журналіста Дзмітрыя Гурневіча

Журналіст Дзьмітры Гурневіч дзеліцца кнігамі пра недэмакратыю ў Амерыцы і жыццё пасля Халакосту.

1. Ота Павел «Cмерць прыгожых аленяў» (Ota Pavel «Smrt krásných srnců»)

Гэта зборнік апавяданняў чэшскага спартыўнага журналіста Ота Павела, які дзіцём перажыў з сям’ёй Халакост і меў у выніку ў дарослым жыцці псіхічны разлад. Лекары параілі яму лекавацца прыродай, рыбачыць як у дзяцінстве і пісаць апавяданні ў якасці тэрапіі.

Ота пісаў пра ідылію свайго дзяцінства, бацькоў, даваенную Чэхію. Гэтыя творы максімальна пранізаныя надзвычайнай цеплынёй, гумарам і настальгіяй па тым, чаго ўжо не вернеш. Чытаючы кнігу, я адчуваў утульнасць бацькоўскага дома, бяспеку і радасць. Гэта тое, што цяпер вельмі патрэбна беларусам. Апрача людзей, Павел пісаў пра рыбаў, касуль, аленяў, пра цудоўную прыроду Чэхіі. Незвычайна, што і гэтыя творы рэзала цэнзура. Нібыта таму, што Ота пісаў пра іншае жыццё, чым яго ўяўлялі камуністы.

Маё працоўнае акно ў Празе глядзіць акурат на магілу Ота Паўла. Стоячы неяк каля гэтай магілы з каменьчыкамі, я думаў пра ягоны рэцэпт паспяховай творчасці: «Калі вы хочаце пісаць апавяданні, вам павінна быць не менш за сорак. А пакуль трэба жыць нармальна і глядзець па баках. Кахаць і ненавідзець. Паспрабуйце ўсё. А потым гэта лёгка, проста сесці і пачаць пісаць». Праз 200 метраў іншая магіла — Франца Кафкі, які памёр ва ўзросце 40 год, напісаўшы усе свае славутыя творы да 40. Але я ніяк не запярэчыў Ота, бо ўсё, што ён напісаў пасля сарака — геніяльнае.

2. Пётр Тарчыньскі «Раскладанне. Пра недэмакратыю ў Амерыцы» (Piotr Tarczyński «Rozkład. O niedemokracji w Ameryce»)

64% амерыканцаў лічаць, што дэмакратыя знаходзіцца ў крызісе і можа абрынуцца. Ажно палова амерыканцаў упэўненыя, што на працягу некалькіх гадоў можа пачацца грамадзянская вайна, а адна пятая з іх заяўляе, што яны возьмуць у ёй удзел са зброяй у руках. Польскі амерыканіст Пётр Тарчыньскі, адзін з аўтараў папулярнага «Амерыканскага падкаста» (горача рэкамендую), запрашае чытача ў падарожжа па іншай Амерыцы, чым тая, да якой мы прызвычаіліся — радзімы свабоды, камфорту і поп-культуры.

Аўтар паказвае паталагічны бок ЗША — ад заснавання да сёння. Чаму, напрыклад, у выбарах там можа перамагчы той, хто набраў менш галасоў. Як такое магчыма, што галасы выбарцаў з Каліфорніі і Тэхасу маюць меншую вагу, чым выбарцаў з Ваёмінгу і Аляскі? Чаму амерыканец можа застрэліць непажаданага і няўзброенага госця без аніякіх наступстваў?

Тарчыньскі — адзін з самых эрудаваных палякаў у публічнай прасторы, якіх я ведаю. Акрамя таго, у аўтара выдатнае пачуццё гумару, таму выбухі смеху гарантаваныя. Праўда, гэта смех скрозь слёзы. Бо высновы пра стан краіны, якая з’яўляецца камертонам для свабоднага свету, могуць быць вельмі нечаканыя.

3. Хальгрымур Хэльгасон «Жанчына ў 1000°» (Hallgrímur Helgason «Konan við 1000°»)

Былая жонка ісландскага пісьменніка Хальгрымура Хэльгасона (магчыма, вы бачылі фільм па ягонай кнізе «Рэйк’явік 101») папрасіла яго некалькі гадоў таму дапамагчы ў адной справе. Яна палітык, і ёй была патрэбная дапамога ў тэлефанаванні патэнцыйным выбарцам. На трэці званок адказала жанчына сталага веку. Як выявілася, яна жыве ў гаражы ў Рэйк’явіку, са светам камунікуе дзякуючы лаптопу, на ўступе заявіла, што «за камуністаў не галасуе» і прызналася, што ў яе пад ложкам стаіць скрыня цыгарэт і рэальная граната, якой яна некалі сябе падарве, калі выкурыць усе цыгарэты.

Ісландскі пісменнік размаўляў з ёй чатыры гадзіны, а потым званіў яшчэ пару разоў. Хэрб’ёрн Мар’я Б’ёрнсан была не толькі цікавай суразмоўніцай, але і аказалася ўнучкай першага прэзідэнта Ісландыі Свэйна Б'ёрнсана. На падставе яе ўспамінаў Хэльгасон напісаў раман «Konan við 1000°» («Жанчына ў 1000°»).

Уся кніга чытаецца запоем. Чорны гумар найлепшай якасці. А тут вось невялічкі сур'ёзны фрагмент пра тое, чаму жыхарам Ісландыі ўдалося застацца ісландцамі.

«Такі лёс малых краін: яны заўсёды згінаюцца перад мацнейшымі. Адзіная рэч, якая нас ісландцаў выратавала — гэта адлегласць. Каб нас сагнуць, трэба было спачатку плыць морам тры цяжкія і мокрыя тыдні. А таму нам удалося лепш, чым фрызам і лужыцкім сербам, захаваць нашу мову і культуру. Калі б нас 600 гадоў трахалі дзень і ноч па некалькі разоў, як немцы трахалі фрызаў, ангельцы ірландцаў, французы брэтонцаў, а іспанцы баскаў, тады наш лёс нічым не адрозніваўся б ад іх сітуацыі. Нас гвалцілі толькі два разы на год: карабель маньякаў увесну, і карабель увосень. А ўсю доўгую зіму мы маглі шчаслівыя вязаць і вышываць, чытаючы ўголас нашыя сагі і абвяшчаць усім наш дэвіз: «Унізе ў адным месцы мяне выкарысталі, але ўгары я ўсё яшчэ нячэпаная цнатліўка».

🧷Instagram «Экслібрыс»