November 27

10 кніг ад Адар'і Гуштын

Журналістка Адар’я Гуштын дзеліцца кнігамі пра тое, як узнікае зло, рэпрэсіі ў СССР і вайну.

1. Souad Mekhennet  «I Was Told to Come Alone» (Суад Мехеннет «Мне сказали прийти одной»)

Кніга, якая застаецца ў галаве надоўга. Журналістка з мусульманскай сям’і, якая вырасла ў Германіі, ідзе туды, куды мала хто адважваецца — на сустрэчы з тэрарыстамі, у краіны, дзе вайна і страх сталі штодзённасцю. Яна шукае адказы на складаныя пытанні: што прымушае людзей ісці ў экстрэмізм і ці можна зразумець таго, каго ўвесь свет лічыць ворагам. Гэта гісторыя пра мужнасць, эмпатыю і пошук праўды, калі ўсе астатнія адварочваюцца.

Кніга прымушае задумацца пра тое, як лёгка падзяліць свет на «сваіх» і «чужых», і як важна слухаць нават тых, хто пужае. Яна дазваляе крытычна паглядзець на палітыку заходніх краін адносна Блізкага Усходу і дапамагае лепш зразумець, чаму адбылася трагедыя 9/11, утварыўся ІГІЛ і здараюцца тэрарыстычныя атакі ў Еўропе і ЗША.

2. Евгения Гинзбург «Крутой маршрут»

Найлепшая, на мой погляд, кніга пра рэпрэсіі ў СССР. Гэта гісторыя пра інтэлігентную жанчыну, якая працавала выкладчыцай; яна і яе сям’я былі ўбудаваныя ў савецкую намэнклатуру, але неўзабаве сталі «ворагамі дзяржавы» па надуманых абвінавачваннях.

Гінзбург вельмі падрабязна апісвае, праз што праходзіць жанчына ў лагеры. Яна не рабіла ніякіх запісаў — узнаўляла ўсё па памяці пасля вызвалення. Немагчыма зразумець, як яна захавала ў сваёй галаве столькі дыялогаў, дэталяў, лёсаў людзей. І яшчэ больш здзіўляе тое, што ў яе расповедзе няма нянавісці. Гэта мудрая і чалавечная кніга пра годнасць, якую можна захаваць нават тады, калі забіраюць апошнюю надзею.

3. Moisés Naím «Dos espías en Caracas» (Мойзес Наим «Два шпиона в Каракасе»)

Захапляльны палітычны трылер, дзе ёсць інтрыгі, улада, ідэалогія і чалавечыя слабасці. Наім, былы венесуэльскі чыноўнік, апісвае падзеі вакол уздыму Уга Чавеса, паказваючы, як шпіёны розных краін спрабуюць кантраляваць яго шлях. Кніга напружаная, як серыял, і вельмі дакладна перадае рэальнасць Лацінскай Амерыкі.

4. Николай Власов «Немцы после войны»

Гэта кніга пра тое, як пасля катастрофы Трэцяга рэйха заходнія немцы крок за крокам адышлі ад дыктатуры да працуючай дэмакратыі. Уласоў ламае міф пра «гадзіну нуль» — нібыта пасля вайны ўсе «прачнуліся» і пачалі жыццё з чыстай старонкі; насамрэч шлях быў доўгі і балючы. Аўтар паказвае, як разруха, голад і страх пакарання фармавалі ў грамадстве пачуццё ахвярнасці і крыўды — пра гэта рэдка гавораць адкрыта.

Аснова кнігі — не гучныя лозунгі, а будні пасляваеннага часу: дэнацыфікацыя, перабудова інстытутаў, змена грамадскіх звычак і каштоўнасцей. Чытаецца як сумленнае расследаванне: што насамрэч дапамагло ФРГ адысці ад культу сілы і зрабіць стаўку на права і адказнасць. Асабліва варта прачытаць тым, хто наіўна верыць, што ў новай Беларусі ўсеагульная люстрацыя адразу вырашыць усе праблемы.

5. Николай Никулин «Воспоминания о войне»

Самая праўдзівая, на мой погляд, кніга пра Другую сусветную вайну. Нікулін, франтавік, без гераічных клішэ расказвае, што насамрэч адбывалася на перадавой. Ён піша не пра подзвігі, а пра боль, страх і бессэнсоўнасць смерці. Гэта споведзь чалавека, які бачыў, як вайна ператварае людзей у цені. Чытаецца цяжка, але менавіта таму — абавязкова.

6. David Kertzer «The Pope at War» (Дэвид Керцер «Папа Римский и война»)

Гістарычнае расследаванне пра тое, як Ватыкан паводзіў сябе падчас Другой сусветнай вайны — спойлер: не лепшым чынам. Керцэр на падставе архіўных дакументаў паказвае, якую цану мела маўчанне Пія XII. Гэта не проста крытыка царквы, а глыбокі аналіз маральнага выбару ў часы катастрофы.

7. Вероника Черкасова «Красным по белому»

Чаркасава працавала журналісткай у газеце «Салідарнасць» і рабіла вельмі праўдзівыя рэпартажы пра Беларусь. Яе тэксты лёгка маглі б стаць сцэнарыем для сацыяльнага серыяла. У наш час, калі ў беларускай журналістыцы фактычна не засталося рэпартажаў, можна хаця б паглядзець, як таленавіта гэта можа быць зроблена. Заадно даведацца, чым жыла Беларусь у 1990-я і пачатку 2000-х. Кніга складзеная яе калегамі на знак павагі і памяці пра таленавітую журналістку, забітую пры невысветленых абставінах у 2004 годзе.

8. Golda Meir «My Life» (Голда Меир «Моя жизнь»)

Адкрытая і вельмі чалавечная гісторыя жанчыны, якая нарадзілася ў беднай яўрэйскай сям’і ў Кіеве, уцякла з бацькамі ад пагромаў у ЗША, а праз некалькі дзесяцігоддзяў стала прэм’ер-міністрам Ізраіля. Голда распавядае, як у дзяцінстве бачыла, як суседскія хлопцы кідалі камяні ў вокны яе дому; як сям’я жыла ў перапоўненай кватэры ў Мілуокі, дзе маці адчыніла маленькую краму, каб зарабіць хоць нешта.

У кнізе шмат цікавых эпізодаў з яе палітычнага жыцця: сустрэчы з Бэнам-Гурыёнам, дыпламатычныя размовы з кіраўнікамі СССР, моманты, калі яна ноччу пісала звароты да свайго народа падчас вайны Суднага дня. Пры ўсёй велічнасці яе біяграфіі гэта тэкст найперш пра чалавека, які не баяўся несці адказнасць. Голда піша проста, з гумарам і болем — пра стомленасць, пра самоту, пра веру, што нават адзін голас можа змяніць гісторыю. Калі шукаеце натхнення, гэта варта прачытаць.

9. Hannah Arendt «Eichmann in Jerusalem: A Report on the Banality of Evil» (Ханна Арендт «Банальность зла»)

Філасофская, але вельмі жывая кніга пра тое, як звычайныя людзі становяцца выканаўцамі страшных злачынстваў. Арант піша пра суд над Адольфам Эйхманам, адным з арганізатараў Халакосту; яна прысутнічала на працэсе як рэпарцёр. І прыходзіць да высновы: зло не заўсёды выглядае як монстр — часам гэта звычайны чалавек, які «проста выконвае загад». Гэта тэкст, які змяняе погляд на гісторыю і мараль.

10. Erich Maria Remarque Der Funke Leben (Эрих Мария Ремарк «Искра жизни»)

Дзеянне адбываецца ў нацысцкім канцлагеры ў апошнія месяцы вайны. У цэнтры — вязень з нумарам 509, былы журналіст, які ўжо амаль не мае сіл, але ўсё яшчэ не здаецца. Разам з іншымі вязнямі ён жыве паміж смерцю і надзеяй: яны крадуць лушпінне бульбы, каб перажыць яшчэ адзін дзень, падтрымліваюць адзін аднаго жартам або словамі, што нагадваюць пра свет за калючым дротам.

Рэмарк паказвае, як нават у пекле можа застацца нешта чалавечае — «іскра жыцця», якая прымушае працягваць дыхаць, супраціўляцца, любіць. Побач з вязнямі ён паказвае і тых, хто жыве за межамі лагера: немцаў, якія робяць выгляд, што нічога не ведаюць, і тых, хто ўсё ж спрабуе дапамагаць. Асабліва кранальна, калі вязні даведваюцца пра набліжэнне вызвалення — яны баяцца радавацца, каб не сапсаваць апошнюю сілу на надзею. Уражвае глыбокае разуменне аўтарам таго, што адбывалася ўнутры лагера: здаецца, нібы ён сам праз яго прайшоў.

Насамрэч напісанню рамана папярэднічала вялікая даследчая праца, якая базавалася на дакументах і сведчаннях вязняў, што выжылі ў гэтым пекле. Важная кніга для нас, беларусаў, — яна нагадвае, што трэба верыць у перамогу дабра нават у самай цёмнай ночы.

🧷 Instagram «Экслібрыс»