September 16, 2023

7 кніг ад куратаркі мастацтва Ганны Карпенка

Куратарка сучаснага мастацтва, даследчыца Ганна Карпенка дзеліцца кніжнай палічкай часоў тугі і смуты.

1. Rupi Kaur «Milk and Honey»

За ўтульнай паэтычнай назвай схаваная трагічная гісторыя згвалтавання і вяртання да жыцця праз веру і каханне.

2. Марыя Мартысевіч «Сарматыя»

Проста абажаю. Перачытваю ў голас. Надзяваю каралі. Саджуся на каня.

3. Ігнат Абдзіраловіч «Адвечным шляхам»

Часовая пятля беларускага лёсу і гістарычнай цыклічнасці, якіх, хочацца верыць, разарвуць «ліючыя формы жыцця», творчасці і свабоды.

4. Kathy Acker and McKenzie Wark «I'm Very Into You: Correspondence 1995-1996 Book by Kathy Acker and McKenzie Wark»

Кранальная прыгажосць ліставання часоў, калі пачуцці выказвалі без дапамогі чата GPT.

5. Alexis Pauline Gumbs «Dub: Finding Ceremony»

Калі цябе вырвалі з коранем, прыходзіцца шукаць новыя спосабы ўрастання ў глебу. Трыб’ют Сільвіі Вінтар і пераасэнсаванне тэмаў рабства, паходжання, дыяспар, вандравання без дамінанты чалавечай суб’ектыўнасці, а з перспектывы акіянічных бактэрый, каралаў і ракавін.

6. Людмила Русова «Насквозь»

Адна з першых і ўнікальных так званых art book у беларускай мастацкай прасторы ад мастачкі, якая адной рукой дакраналася да смерці, а другой — трымалася за жыццё.

7. «Трошкі бліжэй да сонца, трошкі далей ад месяца» (пад рэдакцыяй Ірыны Дубянецкай і Сяргея Санько)

Беларускае света-утварэнне, света-погляд і су-свет ад Пяруна да анёлаў. Ратуюся гэтай кнігай, калі вуха і голас ужо не вытрымліваюць чужароднага моўнага асяроддзя.

🧷Instagram «Экслібрыс»