March 13, 2023

7 кніг ад паэткі Ганны Комар

Паэтка Ганна Комар раіць кнігі пра беларускую магію, пратэст супраць культуры эксплуатацыі і 2020 год у Беларусі.

1. Алена Васілевіч «Расці, Ганька!»

Калі я прачытала гэтую кнігу, то зразумела, у якіх прыкладна ўмовах прайшло дзяцінства маёй матулі, хоць яна і нарадзілася ў 60-х, а не ў пачатку 20-га стагоддзя.

Рэкамендую яе тым, чые матулі раслі ў цяжкіх жыццёвых умовах і каму бракуе эмацыйнага канэкту з матулямі.

2. Сяргей Лескець «Шэпт»

Аўтар шмат гадоў ездзіў па Беларусі і размаўляў з шаптухамі, знахаркамі. Кніга поўная магіі, якая абсалютна сапраўдная, не прыдуманая, і пачуцці дае захаплення нашай зямлёй і людзьмі.

3. Эліза Ажэшка «Дзікунка»

Раман, напісаны ў 19-м стагоддзі, чытаецца вельмі сучасна. Мы маем ўласную жаночую класіку, гэта шыкоўна.

4. Ларыса Геніюш «Споведзь»

Шчырая і цяжкая гісторыя таго, як паэтка і адна з самых вялікіх патрыётак Беларусі пражывала Сталінскія рэпрэсіі і лагер. Калі моцна любіш Беларусь, то пазнаеш сябе ў шмат якіх сказах і думках. Праўда, страшна робіцца ад таго, што праз столькі часу нічога нібыта не змянілася ў лёсе Беларусі.

5. Вольга Шпарага «У революции женское лицо. Случай Беларуси»

Мяркую, мы ўжо на тым этапе, калі варта ўключыць крытычную оптыку і адрэфлексоўваць, што з намі адбылося ў 2020-м, а таксама як мы можам выкарыстаць чалавечы патэнцыял, што адкрыўся тады.

6. Gail McConnel “The Sun Is Open

Гэта кніга дакументальных вершаў паэткі з Белфасту. Ейны тата працаваў кіраўніком турмы і быў застрэлены на ўласным падворку ў 1984-м кімсьці з IRA. Аўтарцы тады было 3 гады, і ў кнізе яна спрабуе зразумець, якім чалавекам быў яе тата. Мне падаецца, гэта актуальна для нас, бо і сярод нас ёсць дзеці злачынцаў, якія самі ні ў чым не вінаватыя, але якім прыйдзецца з гэтым жыць.

7. Tricia Hersey “Rest Is Resistance”

Калісьці я падпісалася на Інстаграм The Nap Ministry — пра тое, што ўсвядомлены адпачынак з’яўляецца формай пратэсту супраць культуры эксплуатацыі. А гэта кніга пра тое самае, аўтаркі, якая вядзе акаўнт.

🧷 Instagram «Экслібрыс»