7 кніг ад паэткі Ганны Шакель
Паэтка Ганна Шакель расказвае пра сем важных для яе кніг.
1. «Трошкі бліжэй да Сонца, трошкі далей ад Месяца: беларуская народная філасофія»
Каб трывала стаяць на зямлі. Мая абсалютная кніжная любоў, што злучае навуковы тэкст, цытаты носьбітаў з захаваннем лексікі і фанетычных асаблівасцяў і вытанчаную мову паэзіі ў эпіграфах да раздзелаў.
2. Максім Багдановіч «Вянок»
Каб навучыцца чытаць паэзію. Сёе-тое з папярэдняй кнігі можа прыдасца, каб змагчы расчытаць у, здавалася б, звычайным пейзажным вершы Багдановіча міф Перуна-Вялеса.
3. Valzhyna Mort «Music for the Dead and Resurrected»
Каб параўнаць з беларускім выданнем. Метафары адтуль навечна пасяліліся ўнутры і перыядычна паказваюць свой круглы (не ў маму, не ў тату, у тэлефона цыферблату) твар з-за рога, высоўваючы язык.
4. «Святое Евангелле паводле Марка»
Каб падступіцца з іншага боку да самай уплывовай кнігі нашай цывілізацыі. Калі чытаць Евангелле Марка, паралельна гледзячы запісы Школы Бібліі на канале Лятучага Ўніверсітэта за 2018 год, то можа высветліцца, што гэта найцікавейшы паэтычны тэкст з усіх, што траплялі да вашых рук. Планую паўтарыць схему з іншымі кнігамі Бібліі. Каментары Ірыны Дубянецкай пускаюць у галаве феерверкі.
5. D. H. Lawrence «Birds, Beasts and Flowers»
Каб пазнаёміцца з аўтарам «Каханка ледзі Чатэрлі» як паэтам.
6. Марыя Бадзей «Мёд і дым»
Каб атрымаць асалоду чытання. Я доўга чакала гэтую кнігу, і цяпер радуюся магчымасці вяртацца да любімых вершаў і здзіўляцца ім наноў.
7. Ігар Бабкоў «Хвілінка»
Каб асэнсаваць нашу хвілінку ў крохкай вечнасці.