5 кніг ад перакладчыцы і пісьменніцы Ганны Янкуты
Перакладчыца і пісьменніца Ганна Янкута раіць 5 беларускіх перакладных кніг, якія выйшлі апошнім часам.
1. Паўль Цэлан «Выбраныя вершы»
(пераклала Юля Цімафеева, выдавец Зміцер Колас)
Я наўмысна пачынаю з паэтычнага зборніка, бо паэзія — гэта тое, што, на маю думку, найлепш дапамагае гаварыць пра цяперашні час і асэнсоўваць яго (таму, мабыць, па-беларуску апошнім часам выходзіць досыць шмат паэзіі — і арыгінальнай, і перакладной).
Габрэй паводле паходжання, які нарадзіўся ў Чарнаўцах і пісаў па-нямецку, Паўль Цэлан перажыў Другую сусветную вайну і дагэтуль у беларускай прасторы быў вядомы перадусім як аўтар «Фугі смерці», некалькі разоў перакладзенай на беларускую.
Юля Цімафеева (якая дае ў тым ліку ўласную інтэрпрэтацыю гэтага верша) істотна пашырае ўяўленне пра паэта, што пераствараў мову «пасля Асвенцыма» і шукаў словы, якімі можна гаварыць пра Халакост і новую рэчаіснасць.
І ў гэтым ён надзвычай сугучны нашаму часу, выхад гэтай кнігі — вельмі своечасовы.
2. Кормак Макарці «Дарога»
(пераклаў Серж Мядзведзеў, выдавецтва «Янушкевіч»)
Раман «Дарога» амерыканскага пісьменніка Кормака Макарці — гэта таксама крыху паэзія, паэтычная проза пра самае жахлівае, што толькі можна ўявіць: жыццё пасля апакаліпсісу, канца свету.
Вельмі прыгожа напісаны і гэтак жа прыгожа перакладзены на беларускую, ён расказвае пра бацьку і сына, якія блукаюць у знішчаным свеце, хаваючыся ад безлічы небяспек і ведучы кароткія, адрывістыя і поўныя болю размовы.
Чытаць гэтую кнігу напраўду страшна, і апошнім часам шмат гаворыцца, што страх — не найлепшы рухавік пераменаў: калі літаратура мусіць уплываць на грамадства, для гэтага варта прыдумаць іншыя сродкі. Аднак «Дарога» пакідае пасля сябе паслясмак надзеі, бо расказвае пра тое, што застаецца пасля таго, калі ўсё страчанае. І застаецца насамрэч нямала.
3. Уладыслаў Шленгель «Выбраныя вершы»
(пераклала Кацярына Маціеўская, выдавец Зміцер Колас)
Пачынаючы з 2020 года, беларускія перакладчыкі і выдавецтвы часта звяртаюцца да «змрочных жанраў» — постапакаліпсісу ці антыўтопіі (варта згадаць Оруэла і Маркеса) — ці да літаратурнай спадчыны Халакосту: усё гэта набывае новую актуальнасць.
Уладыслаў Шленгель — польскі паэт габрэйскага паходжання, пясняр Варшаўскага гета, утворанага падчас нямецкай акупацыі. Ёсць сведчанні, што Шленгель вельмі хацеў выжыць і спрабаваў выбрацца з гета на арыйскі бок, але там яму ніхто не дапамог. Таму яму заставалася толькі пісаць, каб хаця б захаваць памяць пра тое, што ён бачыў вакол: галечу, голад, бясконцыя смерці, «селекцыю», а таксама мары і надзеі і пад канец — паўстанне, жаданне калі не выжыць, дык прынамсі памерці са зброяй у руках.
Вершы Шленгеля — адначасова і пра жах таго, што адбывалася ў гета, і пра яго штодзённае жыццё, і пра тое, як у такіх умовах людзі шукалі сабе суцяшэння.
4. Генрых Гайнэ «Габрэйскія мелодыі»
(пераклаў Ігар Крэбс, выдавец Раман Цымбераў)
Кніга класіка нямецкага рамантызму Генрыха Гайнэ з разгорнутай прадмовай і каментарамі Галіны Сінілы, дзе таксама раскрываецца габрэйская тэма, хоць і з іншага боку.
У гэтых вершах, адначасова чуллівых і іранічных, ёсць месца каханню і сатыры, у іх расказваецца і пра галоўнае габрэйскае свята, якое здараецца штотыдзень — Шабат, і пра найвялікшага габрэйскага паэта Сярэднявечча, і пра дыспут паміж хрысціянскім манахам і габрэйскім рабінам. Хаця Гайнэ — нямецкі паэт, а тэксты ў кнізе тычацца гісторыі габрэяў, кніга здаецца мне вельмі беларускай.
Не толькі таму, што габрэі доўгі час жылі побач з беларусамі і нашы культуры перапляталіся і ўплывалі адна на адну, але і таму, што праз пераклады мы нават чужыя гісторыі робім сваімі, глядзім на свет праз беларускую мову.
5. Марджан Сатрапі «Персеполіс»
(пераклала Алена Карп, выдавецкая ініцыятыва «Пфляўмбаўм»)
Зусім новае выданне, якое з'явілася літаральна месяц таму, і вельмі незвычайны для беларускай літаратуры жанр — графічны раман, у якім іранская пісьменніца Марджан Сатрапі расказвае пра сваю сям'ю і сваё сталенне на фоне ісламскай рэвалюцыі.
Гэта гісторыя пра пошук сябе ў самых неспрыяльных для гэтага абставінах, расказаная з жаночай перспектывы, з перспектывы жыхаркі краіны, у які доўгі час ішла вайна і дзе людзі сутыкаліся з жорсткімі абмежаваннямі і рэпрэсіямі. Гісторыя, актуальнасць якой зноў і зноў вяртаецца.
Яшчэ некалькі гадоў таму я і марыць не магла, што такая кніга выйдзе па-беларуску, і тое, што яна з'явілася менавіта цяпер, у настолькі неспрыяльны для беларускага кнігавыдання час, дае надзею, што мы ўсё ж рухаемся наперад — хай і вельмі паволі, не да канца верачы, што такі рух увогуле магчымы.