June 7

5 кніг ад Сяргея Харэўскага

Мастацтвазнаўца, гісторык архітэктуры Сяргей Харэўскі дзеліцца кнігамі пра гарады.

«Гаварыць сёння пра любімыя кнігі няпроста. З аднаго боку ў многіх з нас яны засталіся далёка, дома. А з іншага — любая з іх можа ўжо знайсціся ў «чорных спісах». Аднак, чытаць, тым хто прывык чытаць, усё ж карціць. І мы чытаем тыя кнігі, што можам дастаць, набыць ці атрымаць у падарунак. Я сам люблю кнігі пра гарады, у якіх жыў, бываў і якія добра ведаю».

1. «Вільня. Анталёгія беларускай паэзіі ХХ стагодзьдзя»

Адна з маіх любімых кнігаў пра мой любімы горад. Яна ўкладалася спакваля, гадамі, на маіх вачах, маім сябрам, Сяргеем Дубаўцом. Таму многія вершы я добра ведаю на памяць. І часам яны гучаць ува мне, калі хаджу па гэтым горадзе. У гэтым выданні сабраныя беларускія вершы, прысвечаныя Вільні, што была і галоўным горадам для продкаў сучасных беларусаў і калыскай сучаснай беларускай нацыі. У гэтай дыхтоўнай, прыемнай нават навобмацак, кніжцы сабрана больш за сто вершаў больш як 50 беларускіх паэтаў, якія апявалі Вільню. Ад Максіма Багдановіча да Тацяны Сапач. Кніжка гэтая рабілася з любоўю. Любоўю да горада, і да паэзіі.

Але, апроч вершаў і змястоўнай прадмовы Сяргея Дубаўца, там ёсць унікальныя фотаздымкі  класікаў нашае фатаграфіі — Уладзімера Парфянка і Дзяніса Раманюка, а на вокладцы, дызайн якой зрабіў Артур Вакараў змешчаны малюнак Паўла Татарнікава. Кніга гэтая — па-над часам, яе будуць перачытваць і наступныя пакаленні. І можа, таксама запамінаць на памяць беларускія вершы пра Вільню.

2. Мойшэ Кульбак «Зэлмяняне»

Ясна, што я люблю ўсё, што звязана і з маім родным Менскам! З гэтым творам у мяне таксама вельмі асабістая повязь. Некалі Міхал Анемпадыстаў даў мне, неахвотна, бо гэта быў бібліятэчны экзэмпляр, які яму, у сваю чаргу даў пачытаць рэстаўратар Алесь Астравух. Гэта было выданне 1960 году, у перакладзе Віталя Вольскага і звалася «Зельманцы». Тады пра Кульбака, беларуска-яўрэйскага пісьменьнка, які нарадзіўся ў Смаргоні, і пісаў на мове ідыш, ведалі ў Беларусі адзінкі. Зрэшты і пра трагічны ягоны лёс мы дазналіся значна пазней. Я чытаў яго сквапна, з захапленнем. У тым экзэмпляры былі аўтарскія, перакладчыка, паметкі, падкрэсліванні, месцамі хуткапіс на ідышы. А я неабачліва ўзяў гэтую кнігу ў падарожжа і трохі зашмальцаваў і нават умудрыўся  праліць на яе трохі бальзаму.

А цяпер маем выдатна выдадзены новы, значна больш поўны, і лепшае якасці выдання, пераклад Сяргея Шупы. Люблю гэтую кнігу, што прыадчыніла мне ў свой час нязнаны чароўны, і страчаны назаўжды, свет яўрэйскага Менску 1920-30-х гадоў. Мой горад паўстае ў ёй нібы са сноў, які намагаешся пасля марна ўзгадаць.

І гэта адзін з самых значных твораў наогул пра Менск, у якім апісанае жыццё некалькіх пакаленняў вялікай яўрэйскае сям'і Зэльманаў, якія жывуць у двары Рэбзэдвор. «Зэльмэняне» напісаны тонка, з мяккім гумарам і трапнымі характарыстыкамі персанажаў. Перакананы, што яго абавязаны прачытаць кожны сапраўдны мянчук і паспрабаваць адгадаць, дзе ж такі быў той  Рэбзэдвор.

3. Архан Памук «Стамбул. Горад і ўспаміны»

Вельмі асабістая для мяне кніга. У Стамбуле я падоўгу бываў не раз, адпачываючы сям’ю. Жыў і ў самым цэнтры, і на розных яго берагах. «Стамбул» Архана Памука, як і іншыя ягоныя многія кнігі, мы з жонкаю чыталі разам, а тады адшукалі і родны дом пісьменніка і ягоны Музей цнатлівасці, куды патрапілі падчас вялікае навальніцы. Такім чынам творчасць Памука стала часткаю нашае сямейнае гісторыі. Гэта бадай, самая вядомая сёння кніга пра гэты горад. І вельмі важная, вельмі асабістая, для Архана Памука. Урэшце, за свой вобраз Стамбула ён і атрымаў, урэшце, Нобелеўскую прэмію ў 2006 годзе.

Гэта незвычайная кніга, у якой пераплеценыя аўтабіяграфія аўтара і бясконцая, як арабескі, гісторыя старажытнага гораду. На яе старонках ёсць і сямейныя фотаздымкі і старасвецкія выявы Стамбула мінулых эпох. І натуральна, я з нецярплівасцю чакаў беларускага перакладу ягонага «Стамбула». І ён з’явіўся ў выдавецтве Янушкевіча, у перакладзе Таццяны Урублеўскай-Токер, пры дбайнай рэдактуры Сяргея Шупы.

Стамбул стаў мне яшчэ мілейшы  і бліжэйшы. Пасля яе прачытання гэты горад не будзе і вам зусім чужым. У беларускай версіі, дарэчы, тэкст больш зграбны, больш дакладны. Перад чытачамі разгортваецца паўстае вялізарная, у прасторы і ў часе, панарама гораду, праз калаж асабістых успамінаў пісьменніка. Цяпер я мару, каб нехта пісаў такога кшталту, вельмі асабістую, кнігу пра Менск. І каб нехта пераклаў астатнія кнігі Памука на нашу мову.

4. Сяргей Дубавец «Стагодзьдзе НН»

Гэта кніга стала яшчэ адной такой, знітаванай з маім уласным лёсам. Выданне складаецца з некалькіх эсэ, напісаных пазнавальным, ёмістым і дакладным стылем. У гэтай невялікай кнізе распаведзена пра вялікія рэчы, пра тое як колішняя «Наша Ніва» сталася рыштаваннямі будоўлі Беларускага Дому і як мы яго браліся аднаўляць на пачатку 1990-х… Дубавец аглядае мінулае стагоддзе, у якім паўстала нашая нацыя і ўзважвае, што яно змяніла ў свядомасці людзей і як перайначыла нас саміх.

Аўтар, галоўны рэдактар адноўленае ў 1991 «Нашай Нівы» выдатна ўсьведамляе, чаму і дзеля каго ён піша. Ён прапануе чытачам усвядоміць «Нашу Ніву» як вялікі беларускі эпас, каб зразумець саміх сябе ў часы паняверкі і знямогі. Мы ўсё не можам даць веры, што нашыя папярэднікі ўжо стварылі  для нас, «так жывём, сябе саміх не знаўшы», як пісаў Купала.

Можа ўсё ж варта зрэдзьчас спыняцца, перабіраць, як пацеркі ружанцу, бясцэнныя здабыткі, ужо дадзеныя нам, усведамляючы каласальнасць маштабу таго, што створана было на ніве беларушчыны за тыя прамінулыя 120 гадоў? Дубавец так і піша: «Найважнейшае — у эпасе і праз стагоддзі мы знаходзім адказы на запыты дня сённяшняга». Прайшлі дзясяткі гадоў, і «Наша Ніва», першая і тая, другая, адроджаная ў Вільні ў 1991 даюць нам амаль усё — ідэі і мэты, каб станавіцца паўнавартаснай нацыянальнай супольнасцю. Але, як піша сам Сяргей Дубавец: «…станаўленне адбываецца зусім не ў палітычнай сферы, а недзе ў роднай хаце пад матчынаю апекай, з кніжкай у руках, з першым запалым у душу вершам…». Вельмі раю пачытаць гэтую кнігу, перадусім неафітам, якія спрычыніліся да беларушчыны ў апошнія гады. Шмат стане яснейшым, больш зразумелым. Вялікі свет беларушчыны — не для кагосьці, а, перадусім — для нас саміх. Бярыце, і натхняйцеся з яе ўсе!

5. Альгерд Бахарэвіч «Сабакі Эўропы»

Чытанне гэтай кнігі заняло ў мяне… некалькі гадоў. То пачынаў, то не было часу, то не было пад рукой самой гэтай вялікай кнігі. Я пачаўшы быў яе чытаць яшчэ ў першым выданні. Затым падгледзеў падрыхтоўку да тэатральнае пастаноўкі паводле яе ў Лондане, а затым – файны спектакль «Гусі-людзі-лебедзі» у Любліне. І ўрэшце, я сам дачытаў «Сабакаў Эўропы», ужо ў іншым, апошнім выданні, здаецца ведаючы пра яе герояў амаль усё, нават як яны гавораць, з якім інтанацыямі

Гэтая кніга ўнікальная не толькі ў творчым лёсе Альгерда Бахарэвіча, але і ў беларускай культуры наогул. Тым часам гісторыя напісання «Сабакаў Эўропы», яе выданняў, шляху да чытачоў, спачатку беларускіх, а пасля, у перакладах, і да іншых, ужо стала вялікай гісторыяй, вартай яшчэ аднаго раману.

Трэба пачытаць гэтую невераемную гісторыю, каб вычуць адметны смак мовы Бахарэвіча, і яго незвычайнага стылю і зразумець, што такое Беларусь сёння. Можа быць не за адзін раз, але абавязкова паспрабуйце і вы мне, урэшце, паверыце!

📕 Instagram «Экслібрыс»