August 29

8 кніг ад Сяргея Гудзіліна

Фатограф, digital-artist Сяргей Гудзілін дзеліцца кнігамі — ад аналізу аўтакратыі да роздумаў пра беларускую ідэнтычнасць і сучаснае мастацтва.

1. Віталь Сіліцкі «Адкладзеная свабода»

Прафесійны, халодны погляд на аўтакратычныя рэжымы. Разбор палітыкі Лукашэнкі да пачатку нулявых. Вельмі цвярозы погляд на прыроду рэжыму для тых, хто любіць захапляцца рэвалюцыйнымі ўздымамі. У нашым полі вельмі карысная кніжка.

2. Валянцін Акудовіч «Трэба ўявіць Сізіфа шчаслівым»

Гэта behind-the-scenes беларускага інтэлектуальнага поля апошніх 40 год. Апісанне ўнутраных працэсаў развіцця беларускай літаратуры, беларускага мыслення. Цікавыя ўспаміны, хаця адчуваецца, што Акудовіч сябе стрымлівае і, можа быць, гладка і кампліментарна апісвае мінулыя эпохі: Адраджэнне, пераход да аўтарытарызму.

3. Ігар Бабкоў «Каралеўства Беларусь. Вытлумачэнні ру[і]наў»

Нашыя падмуркі і руіны беларускага мыслення. Невялікая кніжка сярэдзіны нулявых, корпус галоўных эсэ і тэарэтычных канструкцый беларускай культуры і проста глыбокае і адасобленае ад навінавага кантэксту пісьмо. Раю і люблю.

4. Сяргей Грунтоў «Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове XIX – пачатку XXI ст.»

Адносна свежая манаграфія і даследаванне пра вернакулярную фатаграфію ў Беларусі. Аб’яднанне некалькіх навуковых артыкулаў у адну кнігу толькі ўмацавала яе. Сам Грунтоў даследуе антрапалогію хатніх фотаальбомаў і часткова пахавальнай фатаграфіі. Вельмі прафесійны разбор, шмат спасылак, крыніц і здымкаў з палявых выхадаў. Топ на сваю тэму.

5. Ісак Сербаў «Беларусы»

Першая спроба апісаць антрапалогію беларусаў. Цікавы не столькі мастацкі бок гэтай гэтай працы, а дакументальны і антрапалагічны. Гэта важная рыса фатографа як навукоўца ў сучасным свеце. І гэта пераклікаецца з маім уяўленнем пра прафесію фатографа, якой яна мусіць быць і для чаго існаваць. Гэта спроба ўбачыць народ, яго культуру праз оптыку даследчыка, архівіста і збіральніка калекцыі.

6.  Andrew Miksys «Tulips»

Гэтая фотакніга — погляд еўрапейца на садамазахісцкія гульні дыктатуры ў памежнай зоне Усходняй Еўропы. Праект пра гэта. Цудоўныя, яркія архетыпы пераможнага народу. Гэтую кнігу трэба гартаць і глядзець.

7. Бригитта Хаманн «Гитлер в Вене. Портрет диктатора в юности»

Масіўнае гістарычнае даследаванне самага непадсвечанага перыяду вядомай гістарычнай персоны. Шыкоўная праца з дакументальным даследаваннем, з крыніцамі. Гэта адначасова займальны дэтэктыў і шырокі ўваход у гістарычны кантэкст Аўстра-Вугорскай імперыі. Цікава было даведацца, што ў парламенце магчыма было весці дыспуты, гутаркі на дзесяці нацыянальных мовах. Я ўявіў гул спрэчак і абструкцый у такіх парламентах у той час — гэта быў бы круты саўндтрэк.

8. Розалинд Краусс «„Путешествия по северному морю“: искусство в эпоху постмедиальности»

Важная вяха ў сучасным мастацтве. Прыклад тэарэтызацыі важнага мастацкага метаду — збіральніка калекцыі і архіваў, засяроджванне на персоне мастака як на аўтаномнай адзінцы. Шыкоўная праца на тэму постмадэрнізма і ўсяго таго, куды мы акунаемся з экранаў манітораў альбо з іншых дэвайсаў і на што мы адцягваемся ад смартфонаў.

🧷 Instagram «Экслібрыс»