October 13, 2023

9 кніг ад Ігара Ганчарука

Фатограф, філолаг, мастак, калекцыянер, баранавіцкі візуальны хранікёр Ігар Ганчарук дзеліцца кнігамі пра фантастычную Беларусь, вайну, містыку і генацыд.

1. Уладзімер Караткевіч «Дзікае паляванне караля Стаха»

Паміж «Каласамі» і «Дзікім паляваннем» абіраю ўсё ж другое. Ад твора патыхае родным і такім утульным балотам, пяшчотнай цвіллю і спарахнеласцю нашых любімых велічных руін. Гэта без іроніі. Спалучэнне цемры і цемрашальства. Уцёкі да сонца. Містыка. Хаця, як мы бачым, налёты на жыллё беларусаў хеўры ў масках перайшло з фантастычнага рамана ў рэальнае жыццё. А яшчэ там ёсць радок, у якім месціцца ці не квінтэсэнцыя беларускасці: «Той з нейкай абыякавасцю сказаў: — Гінем, пане. Тут і гамон».

2. Joseph Heller «Catch-22»

Пра вайну і абсурд на вайне. Часам менавіта абсурд дапамагае выжыць, а часам менавіта ён з'яўляецца прычынай смерці. Нічога не зразумела, нічога немагчыма кантраляваць, трэба проста неяк дацягнуць да канца кантракта, які з кожным разам прадоўжваюць усё больш і больш.

3. Ян Баршчэўскі «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях»

Фантастычныя апавяданні пра фантастычную Беларусь. Фантастычна, наколькі гэты сусвет адрозніваецца ад казак суседзяў. Фантастычна, што, маючы такі скарб, свой, мы ўсё адно абіраем Бабу-ягу альбо залатую рыбку і іншых братоў Грым. Фантастычна было б выгадавацца на гэтых апавяданнях.

4. Roger Zelazny «The Chronicles of Amber»

Гары Потэр выйшаў трохі пазнавата, Нарнія мне не зайшла, а на Толкіна я неяк не патрапіў у свой час. Затое патрапіў на Роджэра Жэлязны і ўсе дзесяць раманаў перачытваю кожныя два-тры гады. Класічная фантастыка, сучаснасць і сярэднявечны антураж. За экранізацыю толькі-толькі ўзяліся, але я ўжо гатовы спаміць сваім «кніжка была лепш».

5. Францішак Аляхновіч  «У капцюрох ГПУ»

Аляхновіч адным з першых апісаў, як працуе карная сістэма ў Саветах. Значна пазней пра гэта ж будуць пісаць Шаламаў і Салжаніцын. Праўда, пра іх у Беларусі ведаюць, а пра беларуса Аляхновіча не вельмі. Тая карная сістэма працуе і дагэтуль, там мала што памянялася за апошнія амаль сто гадоў. І ў тым ліку дзякуючы ёй беларусы пра беларусаў сёння мала што ведаюць.

6. Archibald Cronin «The Citadel»

Малады доктар, правінцыя, бюракратыя, апантанасць працай, каханне, апантанасць грашыма, сталіца, сябры сапраўдныя і не сапраўдныя, надзея, расчараванне. Светлая кніжка, якая некалі трапіла ў рукі ў вельмі добры час. Акурат тады, калі трэба было.

7. Ліна Костенко «Записки українського самашедшого»

Пакуль што чытаў толькі аднойчы, перачытаю абавязкова. Твор неверагодны тым, як шмат у ім падобнага на тое, што адбываецца ў нас, і ў той жа час, як моцна там усё адрозніваецца ад нас. Адзін з тых прыкладаў, калі важна зразумець іншых, каб лепш зразумець сябе.

8. Jean Hatzfeld «Nagość życia», «Sezon maczet», «Strategia antylop»

Рэпартажная трылогія пра генацыд у Руандзе. У першай частцы гавораць тыя, каго забівалі, у другой — тыя, хто забіваў. Першыя проста хацелі выжыць, другія проста хацелі добра выканаць сваю працу. Усё сапраўды вельмі проста. У трэцяй частцы апісваюцца спробы супольнага жыцця пасля. Вельмі моцна, бескампрамісна, страшна. Аўтар разважае на тэмы калектыўнай памяці, калектыўнай нянавісці, прабачэння. Усё як мы (не)любім.

9. Krystyna Chiger «Dziewczynka w zielonym sweterku»

Гісторыя габрэйскай сям'і, якая ў 1943 – 1944гг. на працягу чатырнаццаці месяцаў хавалася ў львоўскіх каналізацыйных каналах. Ім дапамагаў паляк, інжынер каналізацыі — прыносіў ім ежу, лекі, ратаваў ад патопаў і нямецкіх аблаў. Дзяўчынка ў зялёным швэдарку гэта аўтарка, Крыстына Хігер — адна з ацалелых, якой на той момант было восем гадоў. На падставе кніжкі Агнешка Холанд зняла фільм «W ciemności».

🧷Instagram «Экслібрыс»