February 14, 2023

5 кніг ад паэткі Юлі Цімафеевай

Паэтка Юля Цімафеева раіць кнігі пра боль, эміграцыю і каханне.

1. Вальжына Морт «Песні для мёртвых і ўваскрэслых»

Кніга, якая ў Канадзе атрымала International Griffin Prize, а ў ЗША была прызнаная найлепшай паэтычнай кнігай 2020 года, па версіі New York Times. Гэта зборнік пра маўчанне і боль, што перадаецца ў спадчыну, пра памяць і забыццё, якое вярэдзіць. Гэта песні пра зубра і бабу Броню, пра Інгеборг Бахман у Рыме і Новы год у Вішнёўцы. Вальжына спявае да ўсіх сваіх (і нашых) мёртвых, і яны «распускаюцца і цвітуць».

Вальжынін голас — адзін з самых важных у сучаснай беларускай паэзіі, а гэты зборнік — сапраўдная падзея.

Так, на зямлі

чалавек

падобны

да сукенкі,

​​знятай з вешалкі.

Унутры чорнага

алфавіта

бясконца здымаюць

з кожнай літары

чалавека.

З верша «Спроба радаводу»

2. Ганна Янкута «Канстытуцыя»

Цікава, што ў гэтай кнігі «дзве душы». Адна з іх пад назвай «Геалогія» у адцэнзураваным выглядзе выйшла ў Беларусі, а другая з’явілася ў Польшчы. Для мяне гэтая кніга — найлепшы паэтычны дэбют мінулага года, хоць у літаратуры Ганна Янкута, вядома, даўно не дэбютантка, а добра вядомая перакладчыца і аўтарка любімых дзецьмі кніг.

Найперш мяне захапляе веліч яе задумы, яе канцэпцыя. У сваёй кнізе Ганна выкарыстоўвае артыкулы з раздзелаў І і ІІ Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, дзейнай у нашай краіне ў 2020 і 2022 годзе, і адгукаецца на іх уласнымі аднайменнымі вершамі. Асноўны закон, які фактычна перастаў выконвацца ў беларускай дзяржаве, набывае паэтычны каментар, у якім палітычнае разглядаецца праз прызму асабістага і экалагічнага.

Артыкул 4

Калі аднойчы ў свеце не стане

вяртлявай чаротаўкі,

быць бядзе,

лекаў ад якой пакуль не вынайшлі,

хоць вяртлявую чаротаўку

мала хто адрозніць ад звычайнай,

хіба што пачуе

іншы спеў на світанні.

3. Альгерд Бахарэвіч «Вершы»

Вядома, гэтая кніга для мяне вельмі блізкая, як і чалавек, які яе напісаў. Пад адной вокладкай Альгерд Бахарэвіч, больш вядомы як навеліст і эсэіст, сабраў свае вершы, напісаныя цягам апошніх гадоў.

Я была сведкай яе нараджэння, і некаторыя з гэтых вершаў чула ў аўтарскім выкананні дзясяткі разоў, але ад таго яны не страцілі для мяне сваёй вастрыні. Галоўныя тэмы гэтай кнігі — гэта рух як перамяшчэнне ў прасторы і часе, як сталенне і ўцёкі, гэта эміграцыя і настальгія, гэта супраціў грамадзяніна ды творцы. Кніга адкрываецца вершам пра Язэпа Драздовіча, і далей, увесь час пераапранаючыся, мы крочым  ад верша да верша за ім услед праз эпохі і гарады, адчуваючы сваю чужасць, шукаючы ў свеце разумення і любові, спрабуючы, як можам, працівіцца гвалту дзяржавы і мовы.

Вершы ў кнізе выдадзеныя двума беларускімі алфавітамі: кірыліцай і лацінкай. Калі хтосьці марыў нарэшце засвоіць апошні, гэта яшчэ адна прычына пачытаць «Вершы» Бахарэвіча.

У торбе лятаюць паперы і фарбы.

А зь неба відаць закапаныя скарбы.

Вітаюць Драздовіча верас і барва,

Крушына, вярба і аер.

Драздовіч ідзе ў вэльвэтавай куртцы

І курыць, і марыць, і верыць казюрцы,

У вуху ўласным, у саменькай дзюрцы,

Ён слухае радыё сфэр.

З верша «Драздовіч»

4. Ілля Камінскі “Deaf Republic”

Ілля Камінскі — аўтар у нас не надта вядомы, але знаны і чытаны на сваёй другой радзіме — ЗША. Ілля нарадзіўся ў Адэсе ў 1977, у маленстве праз хваробу ў яго моцна пагоршыўся слых. У пачатку 1990-х сям’я эмігравала, і неўзабаве Ілля пачаў пісаць паэзію па-ангельску.

Ён аўтар дзвюх паўнавартасных паэтычных кніг Dancing in Odesa (2004) and Deaf Republic (2019) і чатырох “chapbooks”, займаецца перакладам і ўкладае паэтычныя анталогіі. Ён фіналіст і ўладальнік шматлікіх амерыканскіх літаратурных прэмій.

«Рэспубліка глухіх» — гісторыя акупаванага мястэчка Васенка (магчыма, недзе ва Украіне). Аднойчы падчас вулічнага лялечнага спектакля салдаты забіваюць глухога хлопчыка Пецю. Тады гараджане абіраюць глухату як уласны спосаб супраціву, а мову жэстаў як сродак камунікацыі. Прыпавесць, якая адначасова і гісторыя кахання, і палітычная засцярога, задае пытанні пра ролю мастацтва ў цёмныя часы і нагадвае пра зло маўчання, калі забойства і гвалт творацца на нашых вачах.

Я пераклала кнігу на беларускую мову і вельмі хацела б знайсці для яе выдавецтва.

Наша краіна прачнулася наступнага ранку і адмовілася чуць салдат.

​У імя Пеці мы адмаўляемся.

​А шостай, калі салдаты ў завулку робяць кампліменты дзяўчатам, яны ўцякаюць, паказваючы на вушы. А восьмай дзверы пякарні зачыняюцца перад носам салдата Іванова, хаця ён іх самы любімы кліент. А дзясятай мамуля Галя крэйдаю піша “ВАС НІХТО НЕ ЧУЕ” на браме салдацкага бараку.

​Аб адзінаццатай пачынаюцца арышты.

​Наш слых не аслаб, але штосьці маўклівае ў нас узмацнілася.

​Пасля каменданцкай гадзіны сем’і арыштаваных вешаюць сабе на вокны самаробныя лялькі. Вуліцы апусцелі, толькі парыпваюць ніткі ды бухаюць па сценах драўляныя кулачкі і ступні.

У вушы горада сыплецца снег.

З «Рэспублікі глухіх»

5. «Песня песняў» у перакладзе Сяргея Шупы

«Адной з найбольш дзіўных і таямнічых кніг Бібліі»  называе «Песню песняў» прафесарка, знаная гебраістка Галіна Сініла ў прадмове да гэтага выдання.

«Яна дзіўная ўжо хаця б таму, што, на першы погляд, незразумела — што робіць у Святым пісанні кніга, якая з велізарнай сілай услаўляе моц зямнога кахання, як суадносяцца зямная жарсць і святасць, звязаная ў нашай свядомасці з Бібліяй?» На гэта пытанне і спрабуе адказаць аўтарка прадмовы і каментароў да тэксту, што складаюць каля двух трацін усяго аб’ёму кнігі. Гісторыя яе стварэння і моўныя асаблівасці аматарамі замежных моў і літаратуры чытаюцца як дэтэктыў.

Сам тэкст «Песні песняў», цудоўна пераствораны Сяргеем Шупам, прасякнуты надзвычайным эратызмам і інтымнасцю. Рытмізаваны дыялог, а часам маналог, двух закаханых, напісаны больш за дзве тысячы гадоў таму, напоўнены незвычайнымі метафарамі і яркімі параўнаннямі. А побач з беларускай версіяй змешчаны старажытнагабрайскі арыгінал, знаўцы абедзвюх моў пры жаданні змогуць іх параўнаць.

Як нітка карміну рот твой,

і вусны твае гожыя;

як разлом граната

шчокі твае за вуальлю тваёй.

З раздзела чацвёртага

🧷Instagram «Экслібрыс»