August 19

6 кніг ад Кацярыны Пікірэні

Дызайнерка, мастачка Кацярына Пікірэня расказвае пра 6 важных для яе кніг.

1. Jared Diamond «Guns, germs, and steel»

Гэтая кніга атрымала Пулітцэраўскую прэмію ў 1998 годзе і, як на мяне, яе прачытанне даўно мусіла ўвайсці ў абавязковую школьную праграму — не магу ўявіць сабе лепшай прышчэпкі ад расізму і іншых забабонаў у спалучэнні з прышчэпкай павагі да цэлага букета навук.

Джарэд Дайманд — палімат, ён яднае ў адзін шпаркі наратыў звесткі і роздумы з антрапалогіі, біялогіі, лінгвістыкі, экалогіі, гісторыі і геаграфіі, скача з кантынента на кантынент і разгортвае гісторыю ўсяго чалавецтва ў адносна сціплыя 500 старонак. Раю да чытання ўсім, а асабліва людзям, якія, як я, досыць далёкія прафесійна ад згаданых вышэй навукаў — кніга стане для вас сапраўдным дыснэйлэндам перспектыў і сэнсаў.

2. Сяргей Грунтоў «Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове XIX — пачатку XXI ст.»

Выдадзеная сёлета і напраўду выдатная манаграфія Сяргея Грунтова, у якой культура фатаграфіі беларусаў разглядаецца праз прызму сучаснай тэорыі памяці — дужа раю фатографам, мастакам, краязнаўцам і тым, хто цікавіцца сямейнай гісторыяй і культурнай спадчынай.

3. Віталій Мітченко «Каліграфія. Взаємовпливи шрифтів: теорія і практика; кирилиця і латиниця; історія і сучасність»

Важнае і небанальнае выданне, аналагу якога мне надта не стае ў беларускай школе шрыфтоў і каліграфіі. Мітчэнка змясціў пад адной вокладкай усяго патроху: і агульную гісторыю пісьма, і тэорыю каліграфіі, і, натуральна, агляд візуальнай гісторыі шрыфтавога мастацтва ва Украіне.  Мяне асабіста прывабіла адмысловая ўвага аўтара да параўнальнага апісання візуальных практык кірыліцы і лацініцы. Цікавае чытво для дызайнераў і графікаў, якія шукаць натхнення і глыбейшага разумення літарнай формы.

4. Hanna Arendt «On violence»

Моцнае эсэ Ханны Арэндт, у якім аўтарка разглядае сувязь паміж гвалтам, палітыкай, сілай і вайной.  Варты тэкст і для тых, хто яшчэ не знаёмы з Арэндт, і для яе даўніх прыхільнікаў — не «Эйхманам у Іерусаліме» адзіным.

5. Art Spiegelman «Maus»

Яшчэ адзін пераможца Пулітцэраўскай прэміі ў маім спісе. Калі вы падазрона ставіцеся да ідэі чытання коміксаў — вам да Спігельмана, нават не сумнявайцеся. Раю чытаць адразу пасля Арэндт.

6. Carl G. Jung «Man and his symbols»

Аднойчы Юнг паддаўся на ўгаворы і выдаў з вучнямі гэтую шыкоўную кампіляцыю ягоных ідэй — напісаную мовай, зразумелай нам, простым смяротным, не абазнаным у псіхалогіі. Кніга складаецца з пяці частак: пра несвядомае, пра антычныя міфы, пра практыку індывідуацыі, пра сімвалізм у мастацтве і, нарэшце, пра індывідуальны аналіз сноў. Захапляльнае чытво з процьмай прыкладаў з практыкі і ілюстрацыямі. Раю ўсім, хто бачыць яскравыя сны.

🧷Instagram «Экслібрыс»