July 5, 2023

7 кніг ад паэта Артура Камароўскага

Паэт, аўтар кнігі «Я і ёсць забаронены сцяг», перформер, мастак Артур Камароўскі раіць кнігі пра боль і самоту, самае трывожнае лета, памяць і паэзію.

1. Sylwia Chutnik «Tyłem do kierunku jazdy»

Апошнім часам я вельмі мала чытаю празаічныя рэчы, але так склалася, што я набыў кнігу Сыльвіі ў «той самы момант»: восень, чарговы пераезд, сум, шэрасць. І гэтая кніга — як тое, што выхапіла мяне з віру ўсяго гэтага балючага і цяжкага, дала не тое каб надзею, але як бы сказала: усё міне, вер у сябе, давярай сабе і ідзі наперад, нягледзячы ні на што — нават калі ты будзеш ісці не так, як усе.

2. Ганна Шакель «Цела мігдалу»

Я чытаў вершы Ганны Шакель паасобку і не ўсе, што ёсць у кнізе. Але ўяўляю, наколькі моцным будзе эфект, калі прачытаць кнігу цалкам. Мяне зачароўвае няўлоўная повязь сучаснага і мінулага ў кнізе, як аўтарка працуе з тэмай памяці, як яна лёгка і бессаромна гуляе мовай і з мовай.

Мой любімы верш — пра бабу Маню (ай, насамрэч, у мяне шмат любімых вершаў у Ані).

Напрыклад:

я ёсць

шлях

і праўда

і жыццё

ніхто не прыходзіць

да бога

акрамя як

праз сябе

3. Kate Tempest/Kae Tempest «Let Them Eat Chaos»

Я раю паслухаць гэтыя тэксты ў аўтарскім выкананні, а яшчэ лепей — паглядзець. Гэта такая вялікая гісторыя, складзеная з сямі невялічкіх гісторый — заспетыя навальніцай пасярод ночы сямёра чалавек рэфлексуюць, кожны і кожная ў сваёй хаце і адзіноце, без магчымасці дапамагчы адно аднаму (what am I gonna do to wake up?).

А ў апошнім альбоме (The Line Is A Curve) увогуле адна з маіх любімых паэтычных цытат: «Death is like taking off a tight shoe. And when I stopped looking for me I was able to find you».

4. Дзмітрый Рубін «Выпадак»

Гэтую кнігу немагчыма прачытаць хутка праз агромністую канцэнтрацыю болю і самоты, праз нейкую невядомую кнопку, якую гэтыя словы націскаюць — і ўнутры нешта абрываецца і ляціць. Але зноў жа — тут столькі надзеі, што хочацца жыць і дыхаць.

«Божа

Навучы мяне дыхаць

Так

Каб не забіраць паветра ў іншых».

5. Ія Ківа «Чорні ружі часу»

Кніга вершаў Іі Ківы — адна з многіх, што былі надрукаваныя ў межах праграмы «Пограниччя/Україна». Вершы, як сведчыць з апісання, не на тэму вайны, а пра ўкраінскую паэзію як слова ў памежнай сітуацыі. Ія Ківа — тая аўтарка, якую варта ведаць, каб мець уяўленне пра сучасную ўкраінскую паэзію.

Ія Ківа ўмее гаварыць з табой паміж радкоў, паўзамі і маўчаннем.

«тримати у роті голку мовчання

зшивати слова білыми нитками».

6. Крысціна Бандурына «Самае трывожнае лета»

І не толькі лета, але і ўсе астатнія поры года і гады пасля таго лета. Гэтая кніга фіксуе не толькі моманты ўласных перажыванняў і трансфармацый, але і ўсё тое, што адбываецца вакол, з чалавекам. Як бы ні было балюча чытаць гэтыя вершы пра гвалт, мы мусім іх чытаць, каб гісторыя, запісаная намі, не была перапісаная наноў па-іншаму.

«Звыклае знікла.

На месцы звычайнага пуста:

тлустым прочыркам

імёны і прозвішчы —

крэсляць з затоенай злосцю,

схаванай нянавісцю.

Нам з імі цяпер не па гэтай дарозе».

7. Jay Bernard «Surge»

Гэтая кніга пераклікаецца з кнігай Крысціны Бандурынай — паэтка расказвае ці пераказвае гісторыю пажару, які здарыўся ў Нью-Кросс. Ігнараванне трагедыі з боку ўладаў выклікалі адны з самых буйных пратэстаў у Вялікабрытаніі.

У кнізе Джэй Бернард спрабуе зразумець, што адбылося на самой справе. І гэта таксама пра гістарычную праўду, а таксама пра адлюстраванне сучаснасці.

«remember we were brought here from the clear waters of our dreams

that we might be named, numbered and forgotten

that we were made visible that we might be looked on with contempt»

🧷Instagram «Экслібрыс»