5 кніг ад сузаснавальніка Radio Plato Аляксандра Карнейчука
Сузаснавальнік Radio Plato, рэдактар Belarus Podcast Hub, экс-рэдактар онлайн-часопіса 34mag.net Hub Аляксандар Карнейчук (Kornej) дзеліцца сваёй падборкай кніг з 2020 года, «якія прачытаў на адным дыханні».
1. Мілан Кундэра «Невыносная лёгкасць быцця»
Адзін з самых знакамітых раманаў чэшскага раманіста Мілана Кундэры задае даволі падобны для беларусаў сэтынг: ён апісвае жыццё герояў да, падчас і пасля савецкай інтэрвенцыі ў Чэхаславакію 1968 года. Нас сустракаюць знаёмыя да слёз сюжэтныя тэмы: эміграцыя і вяртанне на радзіму, (не)супраца з акупацыйнай уладай і звычайнае жыццё падчас палітычнай завірухі.
Але ў раман, у першую чаргу, уцягваюць хітраспляценні адносінаў галоўных герояў — хірурга-лавеласа Тамаша, яго сціплай жонкі і адважнай фотажурналісткі Тэрэзы, вольнай мастачкі Сабіны, валюнтарыста Франца і, канешне, светлай плямы рамана — сабакі па мянушцы Карэнін.
Чырвонай ніткай раман сшывае перакуленая ніцшэанская ідэя «вечнага вяртання», якая пакідае пажытак для розуму яшчэ надоўга пасля прачытання кнігі.
2. Васіль Быкаў «Пакахай мяне, салдацік»
Другая сусветная блізіцца да пераможных фанфараў, вакол пануе п’янлівае пачуццё радасці, што фінал ваеннай навальніцы ўжо зусім блізка. Галоўны герой Змітрак Барэйка выпадкова сустракае зямлячку Франю, якая пасля нямецкай катаргі знайшла прытулак у сям’і аўстрыйскага прафесара, і ў іх узнікаюць пачуцці. Яго цягне далей служба, але ён абяцае вярнуцца.
«Пакахай мяне, салдацік» — гэта позняя аповесць беларускага класіка, але ўсё на тую ж тэму: вайна, перадусім, гэта вычварнае зло, вар'яцтва і бессэнсоўнасць, а не пераможная, тым больш рэваншысцкая, эйфарыя. Вайна вызваляе ад адказнасці банальныя пачуцці, кшталту зайздрасці, што прыводзіць да непапраўнага.
3. Мікола Ермаловіч «Па слядах аднаго міфа»
У беларускага гісторыка Міколу Ермаловіча я ўлялюшчыўся па самыя вушы адразу і надоўга, прачытаўшы ўсе асноўныя яго працы. А пачаць раю з кнігі «Па слядах аднаго міфа», якая была напісаная ў 1968 годзе, доўгі час распаўсюджвалася самвыдатам і афіцыйна была выдадзеная ў часы перабудовы.
У ёй Ермаловіч пераглядае канцэпцыі ўтварэння ВКЛ, прынятыя ў літоўскай і савецкай гістарыяграфіі. Ён сцвярджае, што гэта дзяржаўнае ўтварэнне з’явілася не ў выніку заваявання балцкімі князямі Наваградка, а ў выніку таго, што Міндоўга запрасілі з Літвы ў Наваградак. Наваградак у той час быў моцным эканамічным і культурным цэнтрам, які амаль не закранула ані крыжацкая, ані татарская навала.
Летапісная Літва, у сваю чаргу, даводзіць Ермаловіч, — гэта вялікі балцкі востраў, які месціўся на абшарах паміж Наваградкам і Менскам (Налібоцкая пушча і наваколле).
Карацей, вельмі раю аматарам гісторыі паглыбіцца ў канцэпцыі Ермаловіча, якія, канешне, і з’яўляюцца адной з версій гісторыі, але выстройваюць нацыянальную ідэнтычнасць беларусаў у ладны, моцны і праактыўны міф.
4. Агата Крысці «Забойства ў доме вікарыя»
Першы раман з дэтэктыўнага цыкла, дзе забойства выкрывае мілая бабулька міс Марпл. Дзеянне рамана адбываецца ў пастаральнай англійскай вёсачцы, якая ахутвае сваім безклапотным тэмпам жыцця. Але дзе там. Забойства палкоўніка Пратэра прымушае падазраваць усіх.
Ад развіцця сюжэтаў Агаты Крысці атрымліваеш не толькі эстэтычную асалоду, але і практыкуеш аналітычны розум: загадкі выбудаваныя з матэматычнай дакладнасцю, што дазваляе паралельна весці ўласнае расследаванне і апярэдзіць неўтаймаваную міс Марпл. Але дзе там.
5. Юрый Лотман «Артыкулы па семіётыцы культуры і мастацтва»
Зборнік артыкулаў савецкага і эстонскага культуролага, заснавальніка Тартуска-маскоўскай семіятычнай школы Юрыя Лотмана, — адзіны ў гэтай падборцы, які не паглынаецца за адзін вечар. Хутчэй, яго смакуеш па некалькі старонак, перачытваючы тэзісы па пару разоў і плываючы ва ўласныя думкі. Але гэта неверагодная практыка абстрактнага мыслення, аперавання лагічнымі структурамі, якія можна пасля прыкладаць да мовы і культуры. Мне асабіста такога кшталту чытво дапамагае пісаць уласныя тэксты, бо ўвага пасля яго накіроўваецца непасрэдна на тканіну апавядання.