October 31

5 кніг ад Каці Карпіцкай

Журналістка, акторка Каця Карпіцкая дзеліцца кнігамі пра дом, траўму, памяць і тэатр.

1. Бэла Шагал «Запаленыя свечкі»

Успаміны Бэлы Шагал, каханай Марка Шагала. Праўда, пра іх стасункі там зусім мала — толькі пачатак, як яны нараджаліся. Але шмат пра дзяцінства Бэлы ў Віцебску, якога ўжо амаль няма, з вельмі цікавымі рэлігійнымі традыцыямі габрэяў. Я чытала раней аўтабіяграфію Шагала, вельмі люблю яго мастацтва агулам. Дык вось у яго кніжцы «Маё жыццё» часам прабіваецца самазакаханасць, памкненне выглядаць з лепшага боку, у Бэлы ж больш любові да навакольнага, з непасрэднымі эмоцыямі першага ўражання, усёй палітры чыстых дзіцячых рэакцый, якіх дарослым часам не хапае.

2. Joanna Kuciel-Frydryszak «Chłopki. Opowieść o naszych babkach» / «Сялянкі. Гісторыя пра нашых бабуль»

Грунтоўная дакументальная польская кніга пра цяжкае фізічнае (ды і маральнае) выжыванне нашых бабуль і прабабуль. Лад жыцця полек мала чым адрозніваўся ад беларусак у вёсках. Тут пра цяжкую фізічную працу ажно да загнання сябе ў труну, немагчымасць вучыцца і нармальна есці праз галечу, пра гвалт у палях, дзе пасвілі скаціну, і халоднасць як стыль жыцця — калі дзяцей нараджалі найперш як працоўную сілу. Чыталася доўга і цяжка, але дало шмат глебы для думак.

3. Андрэй Горват «Дом»

Не ведаю, як вы, а я заўсёды марыла пажыць у палацы. У пісьменніка атрымалася, у сваім, хай і разбураным, хай і не так доўга, як марылася. Там, дзе гісторыя мінулых уладальнікаў-прывідаў перасякаецца з сённяшняй рэчаіснасцю Нароўлі — гэта магічна зачароўвае. Сама скразная тэма пра дом, яго пошукі і адчуванне дадаткова кранае. Асобна варта вылучыць чорна-белыя здымкі былой эпохі. Тэхналогіі — супер, але каб можна было выбіраць, я б з задавальненнем пажыла пару дзён у якім 19 стагоддзі.

4. «Нарысы пра найноўшы беларускі тэатр: 2010-2020»

Кніга хоць і не цалкам ахоплівае ўсяго значнага, што адбывалася ў беларускім тэатры ў гэты перыяд, але так ці інакш захоўвае частку тэатральнай спадчыны, архівуе нашы эксперыменты-пошукі-прарывы-імёны. Бо, ведаеце, вельмі часта ў Беларусі з’яўляецца «нешта першае», калі па факце яно ўжо некалі было і было паспяховым, проста пра гэта забылі і ніхто не захаваў гэтыя здабыткі  ў кнігах, зборніках... Пруфам таго, што мы былі, служаць толькі хаатычныя групы ва Укантакце ці артыкулы на сайтах, якіх сёння няма (толькі калі ў вэб-архівах капацца ды ў бібліятэках ночыць). У свой час мы з сябрамі рабілі тэатральны альманах «Дзверы» пра тэатр — ён выходзіў штомесяц на голым энтузіязме і бясконцай любові да тэатра, мы ладзілі прэзентацыі-канцэрты, уласны фестываль і нават мелі абяцанне на фінансаванне. Але потым крызіс і ... забыццё.

5. Bessel van der Kolk «The Body Keeps the Score: Brain, Mind, and Body in the Healing of Trauma»

Даследчык наступстваў псіхалагічных траўмаў выдаў сваю кніжку ў 2014 годзе, але сёння яна, на мой погляд, максімальна актуальная для беларусаў, на плячах якіх вісіць цяжар рэпрэсій, катаванняў, турмаў, эміграцыі, вайны, чарговы раз разбураных надзей і дабрабыту... Кніжка не толькі дапамагае лепш распазнаваць і счытваць сігналы цела і мозга, якія, здаецца, нібыта знянацку перастаюць функцыянаваць, як раней. Ëн дае падказкі на шлях патэнцыйнага вылечвання нават у самых складаных кейсах, калі вы пазбавіліся ранейшых прыемнасцяў жыцця, пачуцця самакантролю і згубілі сябе, сэнсы і сувязі са звыклым атачэннем вакол. Кніга дае надзею: пасля фізічнай і псіхалагічнай траўмы ёсць святло, бо яго здабывалі нават ахвяры гвалту і амерыканскія ветэраны, якія сербанулі гора ў В’етнаме.

🧷 Instagram «Экслібрыс»