September 2, 2023

8 кніг ад фатографкі Кацярыны Мяць

Візуальная мастачка, фатографка Кацярына Мяць рэкамендуе кнігі, напісаныя жанчынамі: балотную казку, ліхаманкавы сон, траўматычнае, аўтабіяграфічнае і няіснае.

1. «Анталогія паэтак. Выбранае Вальжынай Морт»

У анталогію ўвайшлі вершы 63 беларускіх паэтак — хор жаночых галасоў і прастора, у якой яны знаходзяцца. Асаблівасць анталогіі ў тым, што ў ёй сабраная рознасць: узросту, погляду, часу. Гэтая кніга становіцца месцам для пошуку і падарожжа — у 90-я і ў Беларусь 2020 года, у тым ліку ў самыя траўматычныя і змрочныя яе месцы.


2. Лидия Юкнавич «Хронология Воды»

Мемуары Лідзіі пра сталенне ў дысфункцыянальнай сям'і. Пра выжыванне, пераадоленне і слабасць. Пра схільнасць да самаразбурэння, якое зачароўвае сваім размахам. Пра каханні ды мастацтва. Пра жанчыну.

«В этом абсолютном одиночестве, каким оно только может быть, — вы не одна. Есть другой тип любви. Есть любовь к искусству. Я верю в искусство так же, как другие люди верят в бога. В искусстве я встретила целую армию людей — клан, который готов быть рядом, вдохновлять и давать надежду. В книгах, в изобразительном искусстве, в музыке и кино.» (з выдання No Kidding Press).

3. Ингер Кристенсен «Стихи и эссе»

У кнігу дацкай пісьменніцы Інгер Крыстэнсэн (1935 — 2009) увайшлі пераклады поўнага корпуса вершаў і дзвюх кніг эсэ. Асаблівае значэнне для мяне мае «alphabet» (alfabet, 1981). Як вынікае з назвы, гэты корпус структураваны вакол алфавіту: ён дзеліцца на 14 раздзелаў, кожны з якіх адштурхоўваецца ад розных літар алфавіту, ад А да N. («N» — першая літара «ядзернага Халакосту»). Структура корпуса таксама шмат у чым абавязаная паслядоўнасці Фібаначы. Як і лікі ў гэтай паслядоўнасці, кожны раздзел "alphabet" ускладняецца і раўняецца суме двух папярэдніх раздзелаў: пэўныя словы і фразы ўсплываюць зноў і зноў, і кожны раз здаюцца больш значнымі, чым у папярэднім раздзеле.

4. Ева Вежнавец «Па што ідзеш, воўча»

Балотная казка. Цяжкая, месцамі невыносная кніга. Пра Беларусь, яе гісторыю, пра перапляценне/напластоўванне траўматычнага досведу сярод беларускіх балот.

5. Енню Вал «Девочка против бога»

Яе тэкст — перформанс, ліхаманкавы сон, плынь, старанна даследаваны фемінісцкі маніфест і нянавісць да патрыярхальнага бога.

6. Рёко Секигути «Нагори. Тоска по уходящему сезону»

Чытанне, якое дае спакой. Японскае слова Нагары даслоўна перакладаецца як «след хваляў» і азначае апошнюю стадыю паспявання плоду — пераспяванне, канец сезону: усё позняе, што пераходзіць з рэальнасці ва ўспаміны. Гэтаму паняццю японская пісьменніца Рёка Сэкігуці прысвяціла сваё эсэ.

7. Літстудыя SZTUKA «Пакой»

Зборнік тэкстаў беларускіх мастач_ак, пісьменні_ц і таксама ўдзельні_ц літаратурнай студыі SZTUKA. 14 тэкстаў, прадстаўленыя ў зборніку, — гэта work in progress / creation. Гэта слова, якое нарадзілася зусім побач, з нематы.

8. Marina Abramovic «Walk Through Walls: A Memoir»

Мемуары ахопліваюць пяць дзесяцігоддзяў з жыцця мастачкі, якая вырасла ў пасляваеннай камуністычнай Югаславіі, у сям'і камуністаў (яе бацькі былі ваеннымі героямі рэжыму пры Ціта).

Змясціўшы цела ў цэнтр даследавання межаў страху, знясілення, болі і вынослівасці, Марыя Абрамовіч зрабіла гэта сваім жыццёвым праектам. Яе тэмы задаюць пытанні — пра блізкасць і цялеснасць, прыроду, вайну, смерць, жалобу, памылку, заблуканне і сам час. Нараджэнне гэтых пытанняў і знаходжанне з імі паказаныя ў гэтай кнізе.

🧷 Instagram «Экслібрыс»