10 кніг ад Лесі Пчолкі
Мастачка і куратарка архіву VEHA Леся Пчолка — пра 10 кніг аб памяці і візуальных даследаваннях, якія ў свой час далі ёй адказы на важныя пытанні.
1. Benedict Anderson «Imagined Communities»
Андэрсан разглядае нацыяналізм як спосаб арганізацыі, дзе нацыя — гэта сацыяльна сканструяваная супольнасць, якая фармуецца праз агульны досвед, сімвалы, ландшафты.
2. Daron Acemoglu, James A. Robinson «Why Nations Fail»
Тут аўтары праводзяць паралелі паміж развіццём эканомікі розных краін, распавядаючы, чаму добрыя ідэі, якія працуюць у адной краіне, могуць не спрацоўваць у іншай. Разглядаюцца экстрактыўныя інстытуцыі і немагчымасць стварэння інклюзіўных інстытутаў без падтрымкі / згоды дзяржавы.
3. Алейда Ассман «Длинная тень прошлого»
Кніга пра тое, як сучасныя грамадствы працуюць з мінулым, чаму адныя падзеі становяцца часткай нацыянальнай ідэнтычнасці, а іншыя свядома выцясняюцца, якая важная сувязь з сямейнай гісторыяй, перадачай ведаў і разуменне паўсядзённасці.
4. Gillian Rose «The Broken Middle: Out of Our Ancient Society»
Кніга, якая цяпер вельмі дапамагае мне. Гэта крытыка спрошчаных мадэляў «добрае/дрэннае». Аўтарка прапануе звяртаць увагу на прастору паміж рознымі палітычнымі пазіцыямі і ідэямі. Прастора паміж імі разглядаецца як рэсурс, які знаходзіцца ў самім канфлікце меркаванняў.
5. Аляксей Бацюкоў «Магілёўскае цунамі»
Кніга пра адну з найбуйнейшых тэхнагенных катастроф у гісторыі Беларусі — прарыў дамбы ў Магілёве. У выніку шэрагу неадэкватных рашэнняў велізарны паток вады за 20 хвілін затапіў горад. Паводле розных ацэнак, загінулі да некалькіх тысяч чалавек. У кнізе Бацюкоў аналізуе маштабы трагедыі, грунтуючыся на гістарычных крыніцах і дакументах, дапаўняючы яго архіўнымі фотаздымкамі з калекцыі Алега Давіда Лісоўскага. Гэта кніга вяртае памяць пра катастрофу ў гістарычны кантэкст.
6. Юлія Цімафеева «Кровазварот»
Гэта паэтычны зборнік, дзе на падставе старых лістоў, якія захавала сям’я, аўтарка выбудоўвае вобразы і перадае боль страшнай паўсядзённасці, вайны, рэпрэсій, Чарнобыльскай катастрофы, і бясконцыя хвалі ўцякацтва, паказваючы гісторыю супольнасці праз гісторыю сваёй сям'і. Гэта кніга, якую я літаральна адчуваю скурай.
7. Сяргей Грунтоў «Фатаграфія і культура памяці ў беларусаў у другой палове XIX – пачатку XXI ст.»
А гэта найбольш поўнае даследаванне беларускай вернакулярнай фатаграфіі. Аўтар аналізуе сувязі паміж фатаграфіяй і трансляцыяй памяці ў беларусаў, разглядаючы фатаграфію як сацыякультурны феномен і звяртаючыся да розных крыніц, ад могілак да хатніх архіваў.
8. Томас М. Бон «Мінскі феномен. Гарадское планаванне і ўрбанізацыя ў Савецкім Саюзе пасля 1945 г.»
Гэта навуковае даследаванне прысвечана ўрбанізацыі пасля Другой сусветнай вайны. Аўтар разглядае Мінск як унікальны савецкі праект, дзе выбуховы рост прывёў да канфлікту паміж парадным фасадам і рэальным жыццём, дзе людзі не мелі базавай інфраструктуры.
9. Архіў VEHA «Руіны Беларусі»
Я з’яўляюся часткай архіву гэтага выдання і ганаруся працай, зробленай нашай камандай, таму дадаю гэтую кнігу ў спіс. Кніга «Руіны Беларусі» пра прыняцце сябе і незавершанасць як падмурак для будучыні. Створаны корпус тэкстаў апісвае гісторыю ўсіх будынкаў з перспектывы беларусаў, а візуальныя матэрыялы сабраны з сотняў сямейных архіваў і замежных інстытуцый. Гэта першы том; мы працягваем працу над праектам, робім тэксты і збіраем фота на другі том.
10. Валянцін Акудовіч «Код адсутнасці»
Гэтая кніга стала ў свой час кропкай адліку. Гэта вельмі важнае выданне, якое трэба мець на палічцы кожнаму беларусу.