February 20

9 кніг ад Лізы Мас

Камунікацыйная менеджарка ў сферы культуры, куратарка мастацтва і PR-спецыялістка Ліза Мас дзеліцца кнігамі пра дом, працу, любоў і адказнасць у гісторыі 20-га стагоддзя.

1. Томас Каткарт, Дэн Клейн «​​Хайдеггер и гиппопотам входят в райские врата. Жизнь, смерть и жизнь после смерти через призму философии и шутки»

Нон-фікшн кніга па філасофіі, замаскіраваная пад зборнік анекдотаў, але там насамрэч даволі сур'ёзная размова пра тое, як жыць з тым, што мы смяротныя. Раю ўсім, хто баіцца слова «філасофія» і пакутуе ад складанасці думак Хайдэгера (that’s me), але хоча разабрацца, што ж гэтыя філосафы думалі пра смерць.

2. Уладзімір Караткевіч «Каласы пад сярпом тваім»

Схапіла кавалачак з школьнай праграмы (цяпер «Каласы» адтуль ужо прыбралі) і не змагла спыніцца. З 16 да 23 гадоў перачытвала раман цалкам кожнае лета (Караткевіча варта чытаць вясной і летам!), а пасля проста адкрывала закладкі з улюбёнымі фрагментамі паляжаць, пасумаваць па героях. Кніга спыняецца на парозе паўстання 1863-га, калі мара становіцца ўчынкам. Для мяне гэта вельмі жывое — адчуванне зямлі, любові, дому. Караткевіч — дакладна пра Дом.

3,4. Annie Ernaux «La Place» і «Une femme»

Дзве кароткія, але шчыльныя кнігі пра бацькоў, клас, сорам, маўчанне і любоў, якую не заўсёды ўмеюць называць. У Эрно мне блізкая яе амаль дакументальная манера пісаць пра сям’ю: без настальгічнай патэтыкі, але і без жорсткага абвінавачвання. Пасля гэтых тэкстаў хочацца больш уважліва глядзець на сваіх бацькоў, ну і балюча, оф корз.

5. Пегги Гуггенхайм «На пике века. Исповедь одержимой искусством»

Парадокс у тым, што сама кніга мне, хутчэй, не спадабалася, але я вельмі ўдзячная ёй за кантэкст. Для чалавека, які працуе ў сферы мастацтва, цікава бачыць, як фармаваліся калекцыі, як выглядалі знутры сувязі паміж мастакамі, галерэямі, прыватнымі ініцыятывамі. Пэгі ўспрымаецца як капрызная, супярэчлівая фігура, і менавіта праз гэта добра бачна, наколькі гісторыя мастацтва залежыць ад прыватных жэстаў, густу і выпадковых рашэнняў. Ну і пасля на яе калекцыю ў Венецыі глядзіш зусім з іншага боку.

6. Greg McKeown «​​Essentialism: The Disciplined Pursuit of Less»

Яна дапамагла мне перастаць браць на сябе бясконцую колькасць малааплатных або валанцёрскіх праектаў, навучыцца думаць свой час і энергію, замест таго, каб заўсёды казаць усім «так», але гэта іншы падыход. Пасля яе прасцей этычна адмаўляць ці ясна называць кошты сваёй працы, чым згаджацца «з пачуцця віны» і потым выгараць. Для мяне гэта пра прафесійную экалогію і пра тое, як выбіраць толькі тое, што сапраўды мае сэнс у кар'еры.

7. Ann Patchett «This Is the Story of a Happy Marriage»

Збор эсэ пра працу, блізкасць, сям’ю, сяброўства і адказнасць за ўласныя выбары. Мне падабаецца, як Пэтчэт спалучае перспектыву пісьменніцы з вельмі канкрэтным бытавым досведам. Гэта кніга для ўсіх, хто спрабуе сабраць жыццё з некалькіх  ідэнтычнасцяў (прафесійнай, эмацыйнай, сямейнай).

8. Евгения Гинзбург «Крутой маршрут»

Адна з кніг, пасля якіх складана дазволіць сабе любую наіўнасць адносна савецкай гісторыі. Гэта мемуары жанчыны, якая была часткай сістэмы і цалкам жыла ў логіцы савецкай дзяржавы (яна была выкладчыцай), а потым трапіла пад сталінскі тэрор: арышт, турмы, лагеры, Калыма і пасля смерці Сталіна была рэабілітаваная. «Круты маршрут» — «нашая» з мамай кніга, я аднойчы параіла, а потым мы сядзелі і ўвесь вечар яе абмяркоўвалі.

Гэта біяграфія пра гвалт без эстэтызацыі і без эксплуатацыі ўласнага болю — дакладна, строга, без спрашчэнняў, як яно было «там»».

9. Александр Солженицын «Раковый корпус»

І адразу пасля Гінзбург я б параіла «Ракавы корпус» Салжэніцына, пра пачатак «адлігі», калі сістэма змяняецца, але гэтыя змены невідочныя ў галавах людзей. Кніга пра тое, як у замкнёнай прасторы збіраюцца вельмі розныя людзі: былыя зняволеныя, партыйная наменклатура, інтэлігенцыя, рабочыя. Усе праходзяць лячэнне: камусьці становіцца лепш, але сапраўднага цуду, па сутнасці, няма. У гэтым рамане адчуванне важнейшае за сюжэт: пах аддзялення, чаканне абыходу, размовы па начах, спробы захаваць годнасць там, дзе тваё цела і твая будучыня залежаць ад чужых рашэнняў.

🧷 Instagram «Экслібрыс»