February 14

10 кніг пра каханне

Папрасілі тых, хто ўжо калісьці дзяліўся з намі кнігамі, расказаць пра адну, якая асацыюецца з каханнем. Атрымалася 10 кніг пра каханне і ня толькі.

1. Пісьменнік Альгерд Бахарэвіч: Джэймс Джойс «Уліс»

— Найлепшая вядомая мне кніга пра каханне — вядома ж, «Уліс» Джойса. У гэтым рамане нават ёсць універсальнае і прыгожае вызначэнне кахання: love loves to love love. Каханне як адданасць, як залежнасць, як хвароба, як наймагутнейшы стымул жыць і пісаць, як адзіная апора, як паўсядзённасць, як вечная пакута — з усяго гэтага сатканы «Уліс». Не кажучы ўжо пра тое, што самая гісторыя Джойса і Норы — адна з найвялікшых гісторый кахання ХХ стагоддзя.

2. Пісьменні:ца і квір-актывіст:ка Тоні Лашдэн: Melissa Broder «Milk fed»

— Пра гарачае, пылаючае каханне! Гэта кніга пра тое, як гераіня спрабуе зразумець сябе, свае адносіны з маці і ежай — і паралельна ўлюбляецца ў жанчыну, якая адкрывае для яе новы свет асалоды.

3. Пісьменнік Павал Анціпаў: Эрнэст Хемінгуэй «Бывай, зброя!»

Ніколі не збіраўся чытаць гэты раман, бо думаў, што ён, натуральна, пра зброю. Але аднойчы вырашыў даць кнізе шанец, і яна аказалася ўсё ж такі пра каханне. Усім раю, чытаецца лёгка, толькі канец сумны, але і жыццё наша не тое каб…

4. Стваральніца праекта @fihury.zine Улада Хмель: Мэгі Нэльсан «Арганаўты»

— Менавіта яна для мяне стала, бадай, першай кніжкай пра ўласна каханне, а не пра ўсё тое, што да яго (не) прыводзіць ці ад яго (не) застаецца; кніжкай пра каханне як працэс, «бесконечный разговор, вечное становление».

5. Паэтка Вальжына Морт: Ілля Камінскі «Рэспубліка Глухіх»

— «Рэспубліка Глухіх» Іллі Камінскага ў перакладзе на беларускую — Кніжка пра каханне падчас вайны.

6. Аўтар праекта «Што чытаеш?» Раман Цынгель: Constance Debré «Love Me Tender»

— Маленькая кніга, дзе любоў вырываецца за межы тэрмінаў (сям'я, мацярынства, рамантыка) і ператвараецца ў паветра.

7. Рэдактарка, аўтарка Марыя Пархімчык: bell hooks «All About Love»

— Кніга дапамагае стрэсці з любові і кахання той капіталістычны бруд, якім яны, на жаль, абрастаюць усё больш. Паводле хукс, любоў ёсць спалучэннем даверу, адданасці, клопату, павагі, ведання і адказнасці. Ад усяго, што хаваецца за гэтымі важнымі словамі, нас паслядоўна і ўпарта адварочваюць чэрці, якія манетызуюць нашу ўвагу. Але мы самі вырашаем: або мы жадаем прагна спажываць ды карыстацца, або маем намер пражыць жыццё, напоўненае сэнсам.

8. Паэтка Юлія Цімафеева: Kae Tempest «Running Upon The Wires»

— Адна з апошніх паэтычных кніг пра каханне, якую я прачытала. Кніга складаецца з трох частак (Канец, Сярэдзіна і Пачатак) і ў вершаванай форме расказвае гісторыю аўтар:кі, што балюча і эмацыйна перажывае заканчэнне адных стасункаў і пачатак другіх. Гэта вельмі інтымнае, пачуццёвае і, вядома, прыгожае чытво ад адн:ой з самых вядомых ангельскіх паэт:ак.

9. Паэтка Сабіна Брыло: Антон Чехов «О любви»

— Спачатку хацела напісаць пра «Амок» Стэфана Цвейга, але потым падумала і вырашыла, што найлепшае пра каханне, напэўна, для мяне будзе апавяданне «О любви» Чэхава. Ну, таму што пра каханне — гэта канешне літаратурная нейрахірургія, а лепшы нейрахірург у літаратуры — гэта Чэхаў. Ну, і таму што ў яго ўсё — у тым ліку пра каханне — надта падобнае на тое, як яно ёсць.

10. Журналіст, перакладчык Аляксей Знаткевіч: Мікалай Кун «Легенды і міфы Старажытнай Грэцыі»

— У грэцкіх міфах з іх чалавекападобнымі багамі, паўбагамі і смяротнымі ёсць амаль усё. І з сюжэтаў у гэтай кнізе хто толькі ні выцягваў кавалкі для сваіх твораў - ад Шэкспіра да Караткевіча. Хоць калі чытаў яе ў дзяцінстве, яшчэ не разумеў, што і Рамэо з Джульетай, і Выліваха, і шмат хто яшчэ прынамсі частку свайго жыцця ці смерці атрымаў са старажытнага міфу.

🧷Instagram «Экслібрыс»