6 кніг ад Марыі Лапо
Вядоўца падкасту «Каля літаратуры» на Litradio Марыя Лапо пра шэсць кніг для лекавання ран і самаасэнсавання.
1. Патрык Оўржэднік «Еўрапеана. Кароткая гісторыя XX стагоддзя»
Дасканалы мастацкі перформанс у літарах, жарсная карнавальная песня, у віртуознай парадыйнасці якой знайшлося месца і кранальнай паэзіі. Твор, які максімальна дакладна перадае адчуванне ад знаходжання ў свеце, поўным фэйкавых навін і перакручаных версій гісторыі.
2. Justyna Dąbrowska «Zawsze jest ciąg dalszy. Rozmowy z psychoterapeutami»
Зборнік інтэрв’ю з псіхатэрапеўтамі і псіхааналітыкамі ўзросту 60+ — сталыя і мудрыя размовы пра жыццё, смерць, каханне і сэнсы. Кніжка-антыдэпрэсант, якую можна няспешна чытаць перад сном для дасягнення ўнутранага балансу.
3. Nevena Dishlieva-Krysteva «My brother's suitcase. Stories about the road»
Магчыма, вы нічога не ведаеце пра сучасную балгарскую літаратуру, дык гэта добрая магчымасць адкрыць для сябе гэтую з нейкіх прычын terra incognita унутры ЕС. 22 гісторыі ад балгарскіх пісьменнікаў і перакладчыкаў, якія зведалі эміграцыю, або жывуць паміж дзвюма краінамі, або прыехалі ў Балгарыю з іншых краін і кантынентаў. Калі гэтую кнігу будуць чытаць тыя, хто зведаў эміграцыю, яны адчуюць палёгку, бо пераканаюцца ў тым, што расшчэпленая культурная ідэнтычнасць — сёння амаль што норма.
4. Уилл Сторр «Селфи. Почему мы зациклены на себе и как это на нас влияет»
Нягледзячы на кідкую назву, якая наводзіць на думкі пра навучпоп невысокай якасці, даследаванне брытанскага журналіста Уіла Стора — грунтоўнае з акадэмічнага пункту гледжання, з аднаго боку, а з другога — неверагодна таленавіта напісанае. Гісторыі з жыцця арганічна перамяжаюцца з глыбокімі гуманітарнымі ведамі, а кіруе ўсім спроба асэнсаваць «інстаграмнасць» сучаснай культуры (прывітанне, даследчыкі Барыс Гройс і Каця Колпінец — таксама майстры ў названай тэме).
5. Дар’я Бунеева «Кіч у мастацкай культуры Беларусі»
Рэдкі і натхняльны прыклад таго, калі абароненая дысертацыя — гэта не проста сто старонак, скампіляваных з іншых аўтараў дзеля атрымання навуковай ступені, а сапраўднае смелае хаджэнне непраторанымі сцежкамі. Вельмі ўсцешна, што Дар’я аформіла словамі ўсё, што мы адчувалі пра ЖЭК-арт, саламяныя фігуры да Дажынак і — у процівагу гэтаму — элітарнае мастацтва ў галерэях, сэнс якога не можа зразумець ніхто з «неабазнаных». Свет мастацтва пасля прачытання стане больш блізкі і зразумелы.
6. Альгерд Бахарэвіч. «Хлопчык і сьнег»
Калі пісьменнік мусіць быць чараўніком, то Бахарэвіч такім чараўніком відавочна ёсць. Ён выдатны апавядальнік, які тчэ мастацкае палатно захоплена і — наколькі гэта магчыма — непрадузята ў дачыненні да апісваемай рэальнасці. Хоць не ўсе ідэі ў светапоглядзе аўтара мне блізкія, хочацца падзякаваць якому за гэтае цудоўнае падарожжа ў 80-я, напоўненыя сервантамі, гопнікамі і савецкім тэлебачаннем — культурны код, які ўмантаваны і аб’ядноўвае большасць з нас.