7 кніг ад мастачкі Машы Мароз
Мастачка, этнографка, даследчыца Палесся, заснавальніца асветніцкай платформы @past__perfect__, прысвечанай вывучэнню і захаванню традыцыйнае культуры Беларусі, дызайнерка @mashamaroz.studio Маша Мароз расказвае пра сем важных для яе кніг.
1. Fritjof Capra «The Tao of physics»
Кніга пра фундаментальную ўзаемасувязь і ўзаемазалежнасць усяго існага, якую напісаў фізік, глыбінны эколаг, доктар філасофіі. У ёй ён даследуе паралелі паміж фізікай і містыцызмам Усходу ды раскрывае думку, што першае і другое прыводзіць да адных і тых жа ведаў адносна прыроды рэчаіснасці і таямніцы жыцця.
2. Міхась Раманюк «Беларускія народныя крыжы»
Мая настольная кніга ад непаўторнага мэтра. Спадар Раманюк аб’ехаў усю Беларусь, сабраў і сістэматызаваў унікальныя матэрыялы пра крыжы, надмагіллі, пахавальна-памінальную традыцыю.
З пазіцыі глыбокай павагі да аўтара і захаплення выданнем некалькі год таму я распачала працу над манаграфіяй пра прыдарожныя крыжы Палесся, вырашыўшы трансфармаваць свой даследчы фотапраект у кнігу, якую, спадзяюся, калі-небудзь здолею скончыць і выдаць.
3. Вольга Лабачэўская «Сялянская энцыкляпэдыя ў творах Мікалая Тарасюка»
Дзякуючы нястомнай і няспыннай спадарыні Лабачэўскай у шырокага кола людзей ёсць магчымасць дакрануцца да спадчыны аднаго з маіх самых любімых мастакоў усіх часоў — Міколы Тарасюка. Разьбяр-самавучка з Палесся, які рабіў пранізлівыя глыбокія творы на экалагічную, рэлігійную і сацыяльную тэматыку. У выданні сабраныя здымкі ягоных драўляных скульптурных кампазіцый, каментары да іх і думкі народнага майстра, якія больш ніяк нідзе не зафіксаваныя ў падобным аб’ёме. Ад шчырага сэрца раю кожнаму беларусу азнаёміцца і з кнігаю (што, канешне, досыць няпроста, бо выйшла яна невялікім накладам), і з асобай мастака.
4. «Трошкі бліжэй да сонца, трошкі далей ад месяца» (пад рэдакцыяй Ірыны Дубянецкай і Сяргея Санько)
Гэтае выданне заняло на маёй палічцы сэрца ганаровае месца — кніга ўтрымлівае ў сабе трапятліва сістэматызаваную інфармацыю пра ключавыя канцэпты светапогляду беларусаў, пра сэнсаўтваральныя камяні падмурку нашай традыцыі і яе касмаганічныя вытокі. Невычэрпная крыніца натхнення.
5. Валеры Мароз «Драўляныя сакральныя помнікі Берасцейшчыны»
Цягам 10 гадоў у вольны час ад сваёй асноўнай працы мой бацька пісаў гэтую кнігу, робячы на ўласныя рэсурсы маштабнейшае незалежнае даследаванне. Выданне ўтрымлівае ў сабе звесткі пра 1249 драўляных храмаў і манастыроў, якія існуюць ці існавалі на Берасцейшчыне.
Гэта кніга шмат для мяне значыць.
6. Алесь Разанаў «Вастрыё стралы»
З кнігай і аўтарам я пазнаёмілася, калі вучылася ў 9 класе і рыхтавалася да рэспубліканскай алімпіяды па беларускай мове і літаратуры, роўна 100 жыццяў таму. То было выйсце па-за межамі школьнай праграмы і ўяўленнямі пра нашую паэзію, параўнальнае з уваходам у пакой без сценаў – адкрыццё. «Смерць косіць салому, зярнят скасаваць не можа» – з гэтымі радкамі крочу з тае пары, асабліва цяпер яны часта гучаць у галаве.
7. René Guénon «Le symbolisme de la Croix»
Любімае з апошняга. Для душы і для працы. Аўтар — французскі філосаф-традыцыяналіст, аўтар працаў па метафізіцы і сімвалізме.