5 кніг ад перакладчыка Сяргея Матыркі
Перакладчык Сяргей Матырка рэкамендуе кнігі пра жыццё і лета, мастацтва пасля вайны і лёс чалавека.
1. Гюнтэр Грас «Бляшаны барабан»
Кніжка, якую ў апошнія гады я згадваю часцей за ўсё. Ці магчыма мастацтва пасля вайны? Якім можа быць літаратура пасля знішчальнай вайны? Ці можа мець голас колішні ваенны агрэсар? Якім мусіць быць гэты голас? За першым чытаннем мяне ашаламіла перакручаная навыварат манера аповеду, заварожвае яна і дагэтуль.
2. Рэй Брэдберы «Віно з дзьмухаўцоў»
Адзін з нямногіх твораў, які і цяпер здольны адначасна і расчуліць, і ашчаслівіць, і застрашыць. Ода лету і жыццю. Толькі Брэдберы перамешвае пачуцці так, што кніжка літаральна адчуваецца на смак, а рот хоча гаварыць ненапісанымі яшчэ вершамі.
3. Міленка Ергавіч «Арэхавы палац»
Пакручасты лёс асобнага чалавека — пакрысе і ўсяго ягонага роду, а неўзабаве незаўважна ўжо і ўсёй краіны — паволі, як нітка з клубка, размотваецца з канца і паціху дабіраецца да яе пачатку.
4. Іван Мележ «Людзі на балоце»
Амаль серыяльная гісторыя кахання, падступныя падманы, аферы і махінацыі, актыўнае баўленне часу ў малых і вялікіх групах. Пісталеты, нажы, плугі, лемяхі і супоні. Копка бульбы пад дажджом, касьба па калена ў багне, адхоп зямелькі ля цагельні, абрады бабкі-чарадзейкі і тэт-а-тэтныя сустрэчы на ўзлеску.
5. Янаш «Вондрак на ўсе выпадкі жыцця»
Збор дзіўных філасофскіх мудрасцей, выказаных дзіваком-таўстуном у тыгровым касцюме на адзін гузік.
«— Спадару Янаш, як прыкінуцца разумным, калі насамрэч такім не з’яўляешся? — Патрэбны толькі стол. Кладзеш на яго белы аркуш паперы. І калі нехта завітае, то ён падумае: “Ого! А ён усё трымае ў галаве!” або «— Спадару Янаш, калі ўжо час падарослець? — Самае позняе — калі дзіцячы ложак стане замалым». або «— Спадару Янаш, што такое радзіма? — Радзіма — гэта месца, дзе тваё сэрца застаецца навякі. І няважна, што там смярдзіць».