6 кніг ад паэта Макса Шчура
Паэт, перакладчык, эсэіст, лаўрэат прэміі Гедройца за кнігу «Завяршыць гештальт» Макс Шчур — пра кнігі, філасофскія, утапічныя, сюрэалістычныя і тыя, што тлумачаць памылкі мінуўшчыны.
1. Andrzej Walicki «Marksizm i skok do królestwa wolności. Dzieje komunistycznej utopii» (Анджэй Валіцкі «Марксізм і скачок у царства свабоды»)
Можна было б назваць гэтую кнігу «молатам на марксістаў», прынамсі ўжо дзеля яе цяжкой вагі, але гэта было б спрашчэнне — насамрэч гэта досыць падрабязная гісторыя еўрапейскай філасофскай, палітычнай і эканамічнай думкі, што плаўна перацякае ў гісторыю СССР. Калі вы насамрэч хочаце зразумець, якія эсхаталагічныя ўявы і прыкрыя лагічныя памылкі рухалі нашай мінуўшчынай у апошнія 100-150 гадоў — чытайце Валіцкага, не шкадуйце часу.
2. Hermann Rauschning «Gespräche mit Hitler» (Герман Раўшнінг «Гутаркі з Гітлерам»)
Наконт аўтэнтычнасці гэтай кнігі, выдадзенай у 1940-м годзе, гісторыкі маюць сумневы, але ж мець сумневы наконт усяго чыста — іхная прафесія. У мяне, наадварот, гэтая аўтэнтычнасць сумневаў не выклікае. Каб зразумець, што такое фашызм і ў прыватнасці нацыянал-сацыялізм, варта паслухаць найвялікшага злачынцу ўсіх часоў. Як ні дзіўна, адкрыецца, што ён быў скрайне сентыментальным чалавечкам з хваравітым пачуццём гонару, а свае злачынныя намеры яшчэ на пачатку 30-х апраўдваў гуманным стаўленнем да ўласнага народа, які ў выніку пакрыў ганьбай на доўгія вякі. Усе, часта даслоўныя, супадзенні з сучаснымі расейскімі палітыкамі, іхнымі выказваннямі і дзеяннямі — невыпадковыя.
3. Egon Bondy «2000» (Эган Бонды «2000»)
Бонды — бадай, адзіны марксісцкі мысляр, які яшчэ ў свае 19-20 гадоў, то бок у 1950-я, знаходзячыся пад уплывам трацкізму і сюррэалізму, адкрыта называў сталінскі рэжым фашыстоўскім і здолеў пераканаўча гэта абгрунтаваць. Лепшага аналізу ўсходняга таталітарызму, чым той, які Бонды падаў у шэрагу сваіх празаічных і эсэістычных кніг у другой палове 20-га стагоддзя, я не ведаю.
«2000» — самая першая з іх, цалкам хаатычная і незразумелая па жанры, дзе кавалкі сюррэалістычнай прозы мяжуюцца з успамінамі, эротыкай і паліталагічнымі развагамі. Сведчанне «гераічнага» перыяду жыцця Бонды, калі ён бухаў па начных забягалаўках і хадзіў кантрабандыстам праз аўстрыйскую мяжу.
4. Максім Жбанкоў «SloMo. Хатняя крытыка культурнага дызайну»
Жбанкоў — сапраўдны паэт эсэістыкі. Пра гэта сведчыць не толькі фінальны тэкст кнігі ў стылі «плыні свядомасьці», але і ўсе папярэднія. Аўтару як заўжды цесна ў рамках аднаго жанру, аднаго мастацкага накірунку, адной мовы, адной культуры, аднаго медыя. Таму ўсё гэта ён міксуе з нечуваным густам і спрытам спрактыкаванага інтэлектуальнага дыджэя. Кніга — праўдзівае, крытычнае і адначасова лірычнае люстэрка белкульту тых плённых дзесяці гадоў, якія папярэднічалі падзеям 2020-га.
5. Ivan Illich «Beyond Economics and Ecology: The Radical Thought of Ivan Illich» (Іван Ілліч «За межы эканомікі і экалогіі»
Аўстрыйскі філосаф харвацкага паходжання Ілліч (націск на першы склад) — радыкальны мысляр нават паводле мерак сучаснасці, калі рэй вядуць Бруно Латур, Джордж Манбіё і Грэта Тунбэрг. Гэтая кніга — кампіляцыя з чатырох эсэ Ілліча, напісаных яшчэ ў 1970-80-х гг., у якіх аўтар наглядна і даступна тлумачыць, што не так (з ягонага гледзішча — амаль усё: адукацыя, транспарт, энергетыка, выхаванне дзяцей) з сучаснай заходняй цывілізацыяй, куды мы так намагаемся трапіць. Запавет прыхільніка ўтопіі, якой ужо, бадай, не наканавана ажыццявіцца. На радасць, напэўна, многіх, для каго вайна ўсіх супраць усіх — больш прымальная альтэрнатыва.
6. Robert Wright «Why Buddhism Is True» (Робэрт Райт «У чым праўдзівасць будызму»)
Надзвычай карысная кніга для тых, хто хоча разабрацца ў тым, як працуе чалавечая псіхіка і чаму ў гісторыі эвалюцыі здарылася так, што яна працуе менавіта так, а не іначай. Чаму мы лічым сябе лепшымі за астатніх, або чаму нам здаецца, што нашыя погляды адзіна слушныя.
Індыйскі філёзаф Гаўтама Буда спрабаваў даць адказ на гэтыя пытанні шмат стагоддзяў таму. Многае з ягонай спадчыны актуальнае і сёння і актыўна выкарыстоўваецца ў заходняй псіхатэрапіі. Сам Робэрт Райт — вядомы аўтар папулярызацыйных кніг пра навуку, займаецца медытацыяй віпасана. Выдатна апісаўшы ўсе эвалюцыйныя пасткі псіхікі, ён сам кагадзе трапіў у адну з іх — у рамках барацьбы за дэмакратыю ў Амерыцы стаў трансляваць некаторыя крамлёўскія наратывы, — чым толькі дадаткова пацвердзіў універсальную каштоўнасць сваёй кнігі: ад памылак не ўратаваны абсалютна ніхто, хто надзелены чалавечым розумам — нават той, хто пра іх ведае.