November 25, 2023

6 кніг ад журналіста Мікіты Мелказёрава

Журналіст Мікіта Мелказёраў расказвае пра шэсць важных для яго кніг.

1. Чак Паланик «Колыбельная»

Кніга, з-за якой я запароў зімнюю сесію другога курса журфака. Чытаць было цікава, вучыцца — не. Увага да дэталізацыі вельмі заахвочвае. Праз Паланіка люблю падрабязна прапісанае дзеянне. Намагаюся практыкаваць у сваёй працы.

2. Сергей Довлатов «Компромисс»

Чамусьці мне падаецца, што словы аўтар любіў больш за людзей. Выкшталцона выпісаны тэкст. Першую кніжку набыў на ВДНГ на Коласа, будынак якой пасля зруйнавалі. Вельмі трапная метафара жыцця ў дыктатуры — і вясёлая. Хаця не жыцця, а выжывання.

3. Уладзімір Караткевіч «Чорны замак Альшанскі»

Гэта выключна мая праблема, а не беларускай літаратуры. Але першы твор без нудоты-блевоты-спліна-саспенсу і дэпрэсіі на глебе Беларусі. Паказаны адэкватны аптыміст з Зялёнага Луга (я ўяўляў, што кватэра галоўнага героя знаходзілася там). Ну, і прыгоды, якія выводзяць беларускага супермэна ў абсалют.

4. Чарльз Буковски «Женщины»

Для мяне вельмі прыгожы прыклад эклектычнасці. Камусьці брыдка ад герояў і сітуацый, апісаных аўтарам. Ды і самога аўтара. А я знаходжу ў гэтым нават нейкую паэтычнасць. Букоўскі прывучыў да кароткіх і простых сказаў. Кропка вырашае шмат праблемаў — што ў тэксце, што ў жыцці. Гэта ў пацанскія цытатнікі.

5. Сяргей Пясецкі «Менская Трылогія»

Фраза «Ніхто дабром не дасць збаўлення» як апісанне нашай сённяшняй сітуацыі і заклік да большай адказнасці. Прыемна чытаць назвы знаёмых вуліц і раёнаў. Прыемна сачыць за сюжэтным варушняком. Прыемна думаць, што кіно па кнізе атрымалася б паспяховым.

6. Жан-Мишель Генассия «Клуб неисправимых оптимистов»

Люблю, калі атмасферна. Атмасферна п’юць, ядуць, гамоняць. Яшчэ і на фоне Парыжа са скрупулёзна выпісанымі лёсамі аўтсайдэраў. Магчыма, апошняя кніга, у якую я бег ад рэальнасці і якая мяне якасна адключала. Такі прыемны, стыльны сум для перазагрузкі.

🧷Instagram «Экслібрыс»