November 15, 2023

7 кніг ад дызайнеркі Насты Васючэнка

Фэшн-дызайнерка, заснавальніца брэнда KANVA Наста Васючэнка рэкамендуе кнігі пра Менск і Віцебск, палескіх шаптух і творчасць Алеся Пушкіна.

1. Сяргей Лескець «Шэпт»

Чытала, чытаю і вяртаюся, каб паваражыць на яе старонках. Канцэнтрат каштоўнасцяў, які павінен быць «настольным», калі ты сама крыху ведзьма і ладзіш «шабашы». Раю паслухаць размову з аўтарам у падкасце Natatnik.

2. Марк Шагал «Моя жизнь»

Захапіла з сабой разам з «Шэптам», калі з'язджала з Менску ў Варшаву, і захапілася, распачаўшы чытанне ў Батумі. Колькі ўвагі і павагі да сваіх каранёў, зямлі і сям'і, з першых старонак. Відавочна, Віцебск і яго асяроддзе моцна паўплывалі на станаўленне і стыль мастака.

3. Салман Рушди «Земля под её ногами»

Моцна прывабіла ёй Заміроўская ў інтэрв'ю «жизнь-малина», а потым і вокладка з апісаннем. Гэта кніга пра вар'яцкае каханне не па-боску таленавітых і амбіцыйных людзей. Часам вельмі хочацца акунуцца ў такія прыгожыя пачуцці з міфалагічнымі падтэкстамі.

4. Альгерд Бахарэвіч «Сабакі Эўропы»

Пачынала чытаць яшчэ папяровую кніжку, узяўшы ў бібліятэцы БДУ, пакуль раптоўна яе не знялі з усіх паліц і не выключылі з чытальнай залі. Спрабавала скончыць у аўдыёверсіі, але для мяне гэта не пасуе, бо Бахарэвіч не піша, а займаецца каханнем з паперай — такая ў яго мова. Змест не саступае форме.

5. Саша Филипенко «Бывший сын»

Я памятаю, як паэтычна заканчвала яе чытанне, седзячы пад дрэвам у Вязынцы, нават не стрымліваючы слёзы ў чарговы раз. Вельмі чуллівыя моманты для мяне ў адносінах галоўнага героя з бабуляй. Вядома, адносіны з Менскам і той перыяд, што апісваецца ў кнізе, таксама балюча адгукнецца кожнаму. Яго журналісцкая манера пісаць моцна трымае ўвесь тэкст.

6. «Narodowo-radykalny — Alexander Pushkin»

Пакуль першая кніга, выпадкова не выпадкова набытая ў эміграцыі гэтай вясной. Сэрца баліць за такога самабытнага мастака, які так шчыра любіў радзіму. У Варшаве мы ладзілі спеўную акцыю каля бара «Карма» у гонар Алеся.

7. Фотакніга «Minsk» ад Касі Сырамалот

Бонусам далучу фотакнігі ад palasatka, бо я магу так доўга спыняцца на працах Касі, нібыта там цэлая старонка шчымлівага тэксту з дыялогамі, а не фотаздымак. Неяк вывела сваю гіпотэзу феномена здымкаў Паласаткі — так выглядае Менск закаханымі вачыма. Пашчасціла трапіць на старонкі гэтага менскага летапісу, чым не саромячыся, ганаруся.

🧷Instagram «Экслібрыс»