September 12

6 кніг ад Насты Бароўскай

Удзельніца праекту культурна-адукацыйнай прасторы MIT space, былая удзельніца каманды MARKS Наста Бароўская пра 6 кніг, якія пакінулі след.

1. Таня Скарынкіна «Райцэнтр»

Эсэ-апавяданні пра бурлівае жыццё Смаргоні — малой радзімы і дагэтуль месца пражывання Тані Скарынкінай. Цікава назіраць, як, здавался б, звычайная, нікому не патрэбная мясцовасць ажывае ў простай, але прывабнай мове тэксту і бытавых «інтэрв’ю» аўтаркі з роднымі, сябрамі, суседзямі — жыхарамі райцэнтра. Ствараецца круты аўтэнтычны сусвет са сваёй унікальнай праблематыкай.

2. Лешек Колаковский «Сказки из королевства Лайлония»

Казкі «для больших и маленьких» пра чалавека, грамадства, дзяржаву, чалавека з чалавекам, чалавека ў грамадстве і дзяржаве, пра каралеўства, у якое так і хочацца зазірнуць, але жудасна страшна патрапіць, і ад кожнай прытчы жахліва забаўляльна, і ад кожнай прытчы забаўляльна жахліва.

3. Одри Лорд «Сестра-отверженная»

Кніга, на якую не было шмат надзеў, нечакана пакінула моцны след.

Адчуць досвед, які ў некаторых катэгорыях падобны, але цалкам — біялагічна, фізічна, псіхалагічна і яшчэ неяк — ніколі не будзе пражыты табой. Адчуць сваю недасведчанасць, сваё мне-ніколі-не-зразумець-дакладна і прыняць гэта. Аднесціся з павагай, з зацікаўленасцю і з моцнай падтрымкай і любоўю да іншага, да крыўды, да злосці, працягнуць сваю руку, каб моцна паціснуць руку насустрач.

4. Ігнат Абдзіраловіч «Адвечным шляхам»

Вельмі важны, на маю думку, для кожнага беларуса тэкст. Просты і нават трошачкі «ды гэта ўсё і так зразумела», але зразумела, насамрэч, не ўсім, і зразумела, насамрэч, дзякуючы яго існаванню і адлюстраванню ў сучасных творах і ідэях. Няма чаго дадаць. Беларуская літаратурна-філасофская база.

5.  Илья Зданевич «Восхождение на Качкар»

Я люблю апісанні-назіранні за людзьмі, іх бытам і асяроддзем, асабліва калі яны адгукаюцца ў чымсьці асабістым. (Частка маёй сям’і доўгі час жыла ў Грузіі, і, нягледзячы на адсутнасць «крыві» ды пашпарту, я адчуваю моцную кіслародную сувязь з горным народам, з яго бытам, паводзінамі і светапоглядам, штучна перададзеную пры нараджэнні).

Зданевіч паказвае нам паэтычна-празаічны дзённік-назіранне. Дзённік, бо апісвае шлях да сваёй мэты — узысці на гару Качкар. Назіранне, бо шлях да гары — гэта шлях праз жыццё, выжыванне, жыхароў рэгіёна.

Асаблівы дзякуй хочацца сказаць выдавецтву: вельмі прыгожая кніга!

6. Пауль Целан «Решётка речи»

Адзін з улюбёных паэтаў, які, здаецца, не можа не пакінуць след. Тут я працытую самога аўтара: «Я стою на другой пространственной и временной плоскости, чем мой читатель. Он может понять меня только отдаленно, ему никак не удается меня ухватить, он всё время хватается только за прутья разделяющей нас решетки… Ни один человек не может быть “как” другой; и потому, вероятно, он должен изучать другого, пусть даже через решетку…»

🧷Instagram «Экслібрыс»